«Да новых коштаў прызвычайваюся так сама цяжка, як да выбухаў за акном». Гісторыі ўкраінак, якія вярнуліся дадому ў часе вайны


Ужо некалькі мільёнаў украінцаў, якія з’ехалі за мяжу пасля расейскага ўварвання 24 лютага, вярнуліся дадому. Цяпер яны прыслухоўвацца да сігналаў трывогі або нават зазнаюць абстрэлы сваіх гарадоў. Што прымусіла іх вяртацца на радзіму ў часе вайны і якой яны знайшлі Украіну праз паўгода адсутнасці – у гісторыях трох нашых гераінь.

Вікторыя, якая з дзецьмі вярнулася ў Адэсу: «Пакуль я бачу толькі праблемы, якія мне трэба развязаць»

З пачатку вайны Вікторыя з двума дзецьмі вымушана наладжвала жыццё ў Варшаве – а калі нарэшце стрэс мінуў і можна было выдыхнуць, яна прыняла рашэнне вярнуцца дадому, у Адэсу.

«Рашэнне было вельмі цяжкім, я прымала яго два тыдні – з перажываннямі, бяссоннымі начамі і дыскамфортам, які адчуваеш усім целам».

2 сакавіка яны не з’язджалі ў нікуды – у Варшаве жывуць дальнія сваякі мужа, якія прапанавалі чатыры месяцы пажыць у іхнай кватэры. Сустрэлі, прынялі, дапамаглі асвоіцца. Дачку адзінаццаці гадоў адразу ўладкавалі ва ўкраінскі клас польскай прыватнай школы, дзе тая вучылася бясплатна. «Для яе гэта была, напэўна, максімальна мяккая адаптацыя». Малодшы сын пяці гадоў пайшоў у садок – прынялі без фармальнасцяў і таксама бясплатна.

Вікторыя з сынам Леанідам. 
Фота: Таццяна Касуля 

«Я доктарка, і хоць і прыехала ў Варшаву з разлікам адседзецца два тыдні і вярнуцца, узяла з сабой усе свае дакументы. А калі зразумела, што два тыдні адседзецца не атрымаецца, перавяла іх на польскую мову і падала ў Міністэрства аховы здароўя, каб атрымаць ліцэнзію на працу».

Зрэшты, адказу ад Міністэрства Вікторыя атрымаць не паспела: у верасні яна туды пазваніла і пачула, што разглядаюцца дакументы, пададзеныя ў траўні, то бок да ейнай летняй заяўкі чарга не дайшла. Прыступіць да працы ў Вікторыі не было магчымасці – яна жыла на свае ашчаджэнні і зарплату мужа, якога прызвалі служыць у ЗСУ. Калі сям’і давялося пераязджаць у іншую кватэру, гэтай зарплаты акурат хапала на арэнду.

Па прыездзе ў Польшчу Вікторыя атрымала па 300 злотых (каля 60 долараў) аднаразовай выплаты на чальца сям’і. Пасля на кожнае дзіця штомесяц выплачвалася па 500 злотых (каля 100 долараў). «Але такою сумай іх патрэбы не закрыеш». Падтрымала дапамога ад ААН – 1900 злотых (каля 400 долараў) на месяц, праўда, толькі цягам трох месяцаў. Сямейны бюджэт зэканоміў будыйскі фонд «Tzu Chi», які налічаў па 2000 злотых ( каля 410 долараў) на чалавека на паходы ў краму «Бедронка». «Першыя тры месяцы нашая сям’я харчавалася выключна з «Бедронкі». З рэчаў у Польшчы Вікторыя купіла толькі дзве пары красовак – для сябе і дачкі. «Пытанне нават не ў тым, што няма грошай: яны быццам ёсць, але ты не разумееш, на які тэрмін іх трэба расцягваць». Праз чатыры месяцы ў Варшаве выпрабаваннем аказалася знайсці кватэру для арэнды.

«Гэта два тыдні бяссонных начэй і неўрозу. Людзей, гатовых размаўляць з украінкай з двума дзецьмі без даведкі аб даходах, якая не гатовая падпісаць дамову арэнды на год, амаль няма. Пасля сотні адмоваў ужо не верыш, што зняць кватэру ўвогуле магчыма. Урэшце мы знайшлі чалавека, які да гэтага здаваў кватэру сям’і з Кіева, і дамовіліся, што будзем жыць мінімум два месяцы, а пасля, у выпадку чаго, я папярэджу хаця б за два тыдні да выезду. Больш лаяльнага падыходу я не сустракала».

Фота: Таццяна Касуля

У верасні Вікторыі нарэшце стала камфортна: ёсць кватэра, дзеці ходзяць хто ў школу, хто ў садок, знайшліся невялікія радасці, каб падбадзёрваць сябе, – бясплатныя ёга па суботах і танга па нядзелях. «Я адчула, што можна жыць, і як толькі выдыхнула, муж кажа: «Вам можна вяртацца, горад жыве сваім жыццём».

У бліжэйшыя тыдні давялося рабіць выбар, і асноўным пытаннем для Вікторыі было мужава: «Як ты сябе бачыш у бліжэйшыя пару гадоў?»

«Калі плануеш заставацца ў Польшчы, выбар просты: чакаеш ліцэнзіі ад Міністэрства аховы здароўя, а дзеці кідаюць украінскі онлайн і займаюцца выключна ў польскай школе. Толькі муж да канца ваенных дзеянняў невыязны, і нават калі б заўтра ўсё закончылася, ён не планаваў з’язджаць з Украіны. Іншы варыянт – прыязджаць сустракацца, але ўтрох не наездзішся. Калі б я пайшла працаваць, было б яшчэ складаней вяртацца, праўда, па першым часе я б магла быць толькі асістэнткай доктара, да таго ж адной з двума дзецьмі і працай было б складана – гурткі і секцыі адсякаліся б самі сабой».

2 верасня Вікторыя прыняла канчатковае рашэнне і паехала на вакзал па квіткі. У дзяцей толькі і размоваў было пра тое, што яны будуць рабіць, калі вернуцца дадому.

«Яны былі вельмі рады, бо сумавалі па бабулі і дзядулі, па сябрах, хаця ў Адэсе іх амаль не засталося. Для дачкі было важна вярнуцца ў свой пакой – яна марыла, што ў яе будзе асабістая прастора, і ўрокі яна будзе рабіць за сталом, а не на прыложкавай тумбачцы. А сын хацеў вярнуцца да сваіх пісталетаў».

У Адэсу сям’я прыехала 26 верасня, разам з мужам і бацькам пабылі толькі пару дзён, а ўжо ў першую ноч пасля ягонага ад’езду на горад адбыўся дронавы налёт. Вікторыя пачула выбух з боку акна дачкі, забрала яе і соннага сына і паслала ўсім у калідоры. Кажа, муж пашкадаваў, што клікаў вяртацца, маўляў, дронаў не ўлічыў.

«Здаецца, што ў Адэсе нічога не змянілася. Я была здзіўленая, што і тая кавярня не закрылася, і тая крама працягвае працаваць. Вайна вайной, але далёка не бюджэтны турэцкі рэстаран – адкрыты. Я ж да новых коштаў прызвычайваюся так сама цяжка, як да выбухаў за акном».

Вярнулася Вікторыя з дакладным планам у галаве: дачка будзе вучыцца онлайн ва ўкраінскай школе, сын пойдзе ў так званую «паўдзёнку», і гэта дазволіць вярнуцца на працу ў прыватную клініку, дзе да вайны Вікторыя працавала тэрапеўтам і доктарам ультрагукавой дыягностыкі, а таксама займала пасаду медычнага дырэктара.

Вікторыя з сынам Леанідам. 
Фота: Таццяна Касуля

«Сумую па Варшаве, хоць часам там і было маркотна і адзінока. Асабліва па вечарах, калі дзеці засынаюць, а ты спаць не хочаш, але адчуваеш такую глыбокую адзіноту, што думаеш: «Хутчэй бы заснуць». Я вярнулася ў Адэсу, а вечары такія ж адзінокія – мужа няма, ён не пакліча: «Пайшлі глядзець кіно». Таму не скажу, што цалую зямлю і абдымаю рэчы ў кватэры. Пакуль я бачу толькі праблемы, якія мне трэба развязаць».

14 кастрычніка Вікторыя з дзецьмі села ў аўтобус назад у Варшаву.

Ганна, якая з дачкой вярнулася ў Бравары: «Я была на нулі, якога ў жыцці сваім не зазнавала»

«Мяне нават крыўдзіла, што мае сябры параз’язджаліся: здраднікі, кінулі, што, калі зараз усе з’едуць?» У выніку Ганна з дачкой Маргошай, якой тады было два з паловай гады, заспелі дзевяць дзён вайны – і таксама з’ехалі. «Страх пераважыў», – кажа Ганна. Як тады меркавалася, гэта будзе маленькае падарожжа – з Бравароў, што пад Кіевам, у польскую Лодзь да стрыечнай сястры.

Два тыдні туліліся на адным ложку ў кватэры на 25 м2, дзе быў яшчэ і сабака. Выконваць свае абавязкі – Ганна працягвала працу праектным менеджарам у IT-кампаніі – было складана.

Ганна на балконе кватэры, дзе яны жывуць з дачкой Маргарытай і мужам Аляксандрам.
Фота: Таццяна Касуля

«Я хацела знайсці кватэру, каб жыць асобна, – абзваніла ўсе агенцтвы, якія знайшла, але калі яны чулі, што я ўкраінка з дзіцём, мой запыт нават не разглядалі: баяліся, што сёння ў мяне ёсць праца, а заўтра яе не стане, а выселіць з дзіцём мяне не змогуць».

Калі сяброўка, што жыла ў Варшаве, прапанавала разам паехаць у Францыю, Ганна акурат шукала альтэрнатыву Лодзі. «Я кажу: «Ты ў сваім розуме, уяўляеш, колькі каштуе жыць у Францыі?» Але валанцёр, з якім Ганна звязалася праз знаёмых, знайшоў для яе і ейнай калегі бясплатнае жыллё – французская сям’я гатовая была саступіць украінкам свой гасцявы дом.

Тады яны купілі квіткі і пераехалі пад Парыж, нанялі дзяўчыну, што таксама збегла ад вайны, даглядаць за дзецьмі, і працягнулі працу над важным для іхнай кампаніі праектам. У красавіку Ганна стала адчуваць, што не дае рады.

«Некаторых нашых калегаў забралі ў ЗСУ, іншыя пайшлі ў добраахвотнікі, і ўся праца лягла на жанчын, якія з’ехалі ў незразумелым кірунку разам з дзецьмі. Мой працоўны дзень працягваўся з восьмай раніцы да поўначы, бо я не магла сканцэнтравацца, і напісанне элементарнага ліста займала дзве гадзіны. Я зайздросціла сяброўкам без дзяцей і кляла дзень, калі нарадзіла дачку. Сярод маіх знаёмых, што з’ехалі з дзецьмі, усе пачалі піць: гэтае напружанне было немагчыма вынесці. Бутэлька віна – каб неяк дарабляць праект. Я лавіла сябе на гарачкавых думках, ці ёсць у мяне ў лядоўні віно на вечар. Аднойчы раніцай я прачнулася і зразумела, што больш так не магу, – я была на нулі, якога ў жыцці сваім не зазнавала».

Вид из окна балкона квартиры Анны. Здесь у нее организован небольшой кабинет, где она работает

Ганна прыняла рашэнне сысці з праекту. Віно з лядоўні знікла, а мама з дачкой сталі бавіць час разам і ездзіць у падарожжы. Дзяўчына разлічыла, што некалькі месяцаў без працы зможа пратрымацца: муж прапанаваў дапамагаць, да таго ж штомесяц налічалася мясцовае фінансавае падтрыманне € 545. Праз новых знаёмых Ганна знайшла новае жыллё – іншая французская сям’я прапанавала паўгода бясплатна жыць у іхнай кватэры. Дзяўчына заехала туды ў канцы жніўня і стала абмяркоўваць з мужам далейшыя планы: вучыць французскую, уладкаваць Маргошу ў школу і шукаць працу.

«Ён аж пабялеў. Я ўпершыню бачыла, як плача мой муж. Ён сказаў, што нікому не пажадае бачыць сваё дзіцяці праз экран тэлефона, і што ў ягоным жыцці дачка была толькі два гады. Мяне гэта проста забіла, я стала думаць пра тую размову кожны дзень. Я толькі тады зразумела, што ён перажывае не менш, а мо і больш за мяне. А што, калі заўтра яму прыйдзе позва і, не дай Бог, здарыцца самае страшнае, – так і застанецца, што дачка ў ягоным жыцці была два гады, і мне з гэтым трэба будзе неяк жыць. І я вырашыла, што сям’я важнейшая».

Пасля Дня незалежнасці 24 жніўня, калі меркаваны другі фронт з боку Беларусі не адкрыўся, Ганна з дачкой вярнуліся дадому. Маргоша, убачыўшы бацьку, засаромелася, упала на падлогу і закрылася рукамі, але ўрэшце «паверыла, што гэта ён»: «Я не помню, каб муж быў ажно такім шчаслівым, нават калі яна нарадзілася».

У родным для Ганны Кіеве толькі супрацьтанкавыя загароды і месцы «прылётаў» нагадвалі, што вайна – гэта рэальнасць. «Было страшнавата з першымі сірэнамі – такое здранцвенне, халадзее кроў, не ведаеш, што рабіць. А нядаўна ў мяне было інтэрв’ю аб працы, і акурат у гэты час зараўла сірэна – і я нават не запнулася».

Ужо месяц, як Ганна – удома ў Браварах. Жартуе, што іхная кватэра на дваццаць трэцім паверсе з вокнамі да падлогі – самае ў цяперашняй сітуацыі няўдалае месца. Прызвычайваецца да жыцця ў пастаяннай няпэўнасці і немажлівасці штосьці спланаваць: сігналы трывогі ці працяглая праверка на КПП змяняюць любыя планы. І галоўнае – баіцца, што мужа забяруць у войска.

Аляксандр з дачкой Маргарытай.
Фота: Таццяна Касуля

«Мне падабаецца фраза, што за гэтае жыццё трэба паспець набыцца разам – гэта тое, што мы з сям’ёй цяпер робім. А калі муж пойдзе ў ЗСУ, я не ўпэўнена, што застануся ва Украіне: не бачу сэнсу сядзець пад сірэнамі, бо вярнулася толькі дзеля яго і таго, каб у дачкі быў бацька. За гэтыя паўгода я зразумела: я магу абсалютна ўсё. У мяне няма страху зноў выехаць, але пакуль ёсць магчымасць, буду разам з сям’ёй».

Ганна, кажа, таксама зразумела, што нідзе не можа быць так добра, як удома. Але ўдакладняе: «Мяне не пакідае адчуванне, што мы тут не застанемся, хоць і хацелі б».

Любоў, якая вярнулася з дзецьмі ў Кiеў: «Мама, ты ўпэўнена, што тут вайна?»

Пачатак вайны заспеў Любоў з сынамі шасці і шаснаццаці гадоў на адпачынку ў Грэцыі. Па першым часе яна яшчэ шукала спосабы дабрацца да Кіева, але ўрэшце вырашыла перачакаць у Танзаніі, дзе працуе муж.

«У краінах Афрыкі досыць вялікая прысутнасць Расеі – у Танзаніі, напрыклад, няма амбасады Украіны, а Расея, наадварот, добра рэпрэзентаваная, таму пра шырокае падтрыманне гаворкі не ішло. Толькі афіцыянткі ў кавярнях, куды мы рэгулярна заходзілі, ведалі, што мы з Украіны, і казалі словы падтрымкі».

Першы месяц у Танзаніі праляцеў умомант: бацькі мужа, якім больш за восемдзесят гадоў, аказаліся пад акупацыяй у Гастомэлі, і Любові «пашанцавала» адразу ж апусціцца ў атмасферу жахаў, якія шырокая грамадскасць пакуль не ведала. 5 сакавіка сувязь з бацькамі знікла. Толькі пры канцы месяца іхная суседка «нейкім цудам» заладавала тэлефон і паведаміла, што ўсе жывыя.

Любоў у сваёй кіеўскай кватэры.
Фота: Таццяна Касуля

«Гэта было яшчэ тое выпрабаванне, калі ты далёка, мала што можаш зрабіць. Мы фізічна не маглі есці: разумелі, што яны – у месцы, дзе страляюць, уяўлялі, як яны паміраюць з голаду або што іх забілі».

4 красавіка старых удалося вывезці з Гастомэлю – яны правялі ў акупацыі трыццаць дзён. Праз яшчэ два месяцы, праведзеныя ў Танзаніі, Любоў з сынамі вырашылі вяртацца ў Еўропу.

«Я ўжо не магла там быць – гэта іншы клімат, іншая культура, усё іншае. Мне было страшна і дыскамфортна ад таго, што я настолькі далёка ад Украіны. Мне здавалася, што ўсе нешта робяць, валанцёраць, дапамагаюць, а я нічога не магу, апроч як данаціць».

Сям’я – муж застаўся ў Танзаніі – зарганізавала сабе падарожжа, каб пабачыцца з сябрамі і знаёмымі: з’ездзілі ў Чэхію, Славаччыну, Польшчу і на кантрасце адзначылі, наколькі моцна ў гэтых краінах падтрымліваюць украінцаў.

«Я баялася, што мяне будуць успрымаць беднай уцякачкай, не хацела, каб мяне шкадавалі або сказалі, маўляў, навошта ты сюды прыляцела, вас і так тут шмат. Але тое, як там успрымаюць Украіну, – вельмі моцна і сур’ёзна. Так ці інакш я не планавала там спыняцца. Не збіралася афармляць дапамогу: нашая кватэра цэлая, нам ёсць за што жыць, таму мы не маем маральнага права забіраць нешта ў тых, каму больш трэба. Мне казалі: «У цябе ж ёсць магчымасць застацца». А я адказваю: «Ну як, мне ТУДЫ хочацца». Вяртанне ва Украіну не абмяркоўвалася – абмяркоўваўся толькі час».

Вяртанне дадому прыспешылі вучэбныя графікі: пастанавілі, што старэйшы сын, які акурат закончыў школу, будзе паступаць ва ўніверсітэт ва Украіне і вучыцца, колькі дазволіць сітуацыя. Да таго ж у Кіеве Любоў чакала праца: за мяжой культурніцкую журналістыку ў дзяржаўным агенцтве «Укрінформ» давялося прыпыніць. Таму як толькі падалося, што вяртанне будзе параўнальна бяспечным, сям’я зазбіралася дадому. На Цэнтральным вакзале Кіева малодшы сын выйшаў і спытаў: «Мама, ты ўпэўнена, што тут вайна?»

«Я вярнулася практычна ў той жа Кіеў, якім яго пакінула. Калі заехаць у Гастомэль, Бучу, Ірпінь, гэта, натуральна, не змесціцца ў галаве, але ў Кіеве толькі «вожыкі» нагадваюць пра вайну. Я рыхтавалася да горшага, але мы прайшліся, паглядзелі – усё на месцы, крамы працуюць. Адзінае, пасля двух тыдняў у Варшаве і Кракаве, дзе вакол цябе ўвесь час жанчыны з дзецьмі – гэта ж нашы, у цэнтры Кіева здалося, што вакол адны мужчыны».

Любоў і яя сабака Мімі.
Фота: Таццяна Касуля

Старэйшы сын Любові паступіў у Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі. «Ён хіба адзіны са свайго класу паступіў ва Украіне». Малодшы працягнуў навучанне ў сваёй школе. «Трывога ўжо была, ён пасядзеў у бамбасховішчы – баявое хрышчэнне прайшоў». З сямнаццаці дзяцей, якія вучыліся ў класе хлопчыка, цяпер у школу ходзяць пяць.

«Я зараз усміхаюся, бо магу сабе дазволіць: сяджу жывая-здаровая, але, бывае, накрывае. Калі нешта страшнае адбываецца, ловіш сябе на думцы: «Што будзе, тое будзе, галоўнае, каб хутка і не балюча». Часам усё ўспрымаеш, быццам гэта адбываецца ў кіно, а не з табой, бо такога ж проста не можа быць. Або ў штодзённай руціне ідзеш у краму і спыняешся сярод вуліцы ад думкі: «Што, калі зараз ужывуць ядравую зброю?»

Калі напачатку вайны было не да культуры, цяпер у журналісткі шмат працы. На вечар пасля размовы ў Любові запланаваны паход на тэатральную прэм’еру.

«Я прыйду ў тэатр, публіку папярэдзяць, што ў выпадку трывогі пастаноўка перарвецца і трэба будзе пайсці ў бамбасховішча. І мы будзем глядзець спектакль і чакаць гэтай трывогі».

Паводле звестак ААН, з пачатку расейска-ўкраінскай вайны тэрыторыю Украіны пакінулі 7,6 млн чалавек. 4,2 млн атрымалі часовы прытулак у краінах Еўразвязу.

Гісторыі
«Пішу пра ўсіх, хто супраць вайны». Гiсторыi беларусаў, якiя запусцiлi iнiцыятывы для падтрымання ўкраiнцаў
2022.09.25 08:30

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў