Ці зрынуць санкцыі рэжым Аляксандра Лукашэнкі?


Самыя жорсткія санкцыі супраць беларускага рэжыму – чулі мы не раз. Афіцыйны Менск у адказ пагражае, смяецца і кажа, што санкцыяў не адчувае. І пакуль што сапраўды так. Абвешчаныя абмежаванні практычна не паспелі закрануць айчыннай эканомікі. І напоўніцу чацвёрты пакет стане адчувальны толькі ў 2023 годзе. Пакуль на падыходзе пяты набор еўрапейскіх санкцыяў, варта задацца іншым пытаннем: як адкажуць улады? Бо пакуль менавіта рэакцыя Менску на санкцыі б’е па беларусах нашмат мацней за заходнія абмежаванні.

Калі на пачатку года беларускі рэжым яшчэ бахваліўся і працягваў пагражаць еўрапейцам сваім магутным адказам на іхныя санкцыі, цяпер рыторыка змянілася. Маўляў, не баімся мы еўрапейскага ціску.

«Якія санкцыі? У нас санкцыяў няма, таму нават няма чаго пра іх казаць», – заявіў Лукашэнка на адмысловай нарадзе з самымі вярхамі ўладнай вертыкалі, прысвечанай… стратэгіі супрацьдзеяння еўрапейскім санкцыям. Хутчэй за ўсё таму, што адказ калектыўнаму Захаду на ўсе санкцыі толькі адзін. Рэпрэсіі супраць уласнага народу.

Гэта як раней не заўважалі каронавіруса, а ў выніку толькі летась гэтая палітыка магла каштаваць жыцця амаль 34 тысячам беларусаў. Вось і Уладзімір Макей у лютым ужо выступаў з афіцыйным шантажом: знішчым грамадзянскую супольнасць, калі будзеце ціснуць. Так і сталася. На мінулым тыдні ў Беларусі не засталося праваабаронцаў, якія могуць афіцыйна працаваць. Але знішчэнне свабоднага палітычнага і грамадскага жыцця яшчэ не значыць, што тэрор спыніцца.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік, мяркуе:

«Тут ужо рэпрэсіўная машына працуе паводле ўласнай логікі. Трэба ўвесь час паказваць, што яны не дарма ядуць хлеб, што яны пільныя і ўмеюць адшукваць гэтых ворагаў сістэмы».

А на міжнароднай арэне – публічна выкрываць ворагаў на Захадзе, у найлепшых традыцыях савецкай дыпламатыі.

Сяргей Алейнік, намеснік міністра замежных справаў Беларусі:

«Мы становімся сведкамі беспрэцэдэнтнага ўздыму аднабаковых захадаў і працяглых намаганняў некаторых краінаў накласці штучныя шаблоны сацыяльнага і эканамічнага развіцця на суверэнныя краіны. На жаль, такі тып дэструктыўных паводзінаў стаўся нормаю для заходніх краінаў».

Калі рэжым сёння не можа захоўваць уладу без няспынных рэпрэсіяў і павышэння ставак у гібрыдным канфлікце з Захадам, то і на другім баку саступаць не толькі не збіраюцца, але і наўрад ці могуць.

Шчыра кажучы
Калі дзеянне санкцыяў Еўразвязу будзе больш адчувальным для Беларусі?
2021.10.13 20:05

Каментуе Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Еўропа, як і ЗША, закусіла цуглі, і ёсць пэўныя патрабаванні, і без страты твару, без выканання пэўных патрабаванняў – вызвалення палітвязняў, правядзення справядлівых выбараў – нібыта немагчыма».

То бок усе будуць круціць гайкі ў свой бок, пакуль разьба не зляціць. Апублікаваная ў пятніцу рэзалюцыя Еўрапарламенту анансуе чарговыя – зноў наймацнейшыя – санкцыі. З эканамічнага гледзішча санкцыі закрануць шэраг дзяржаўных банкаў. Хаця падрабязнасці яшчэ не вядомыя, але як мінімум гэта ўскладніць працу айчынных фінансавых установаў з замежнаю валютаю.

Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера»:

«Усё гэта можа прывесці да таго, што банкі не будуць выдаваць крэдытаў кампаніям, бізнесу і канкрэтным людзям. Па-другое, могуць не выконвацца асобныя сэрвісы, і беларусы будуць сутыкацца з праблемамі ў міжнародных разліках».

Іншыя эканамічныя абмежаванні ўдараць па дрэваапрацоўванню, а гэта цяпер трохі болей за 10 % усяго беларускага экспарту, у хімічнай прамысловасці – без падрабязнасцяў, якія прадпрыемствы, ці галіны, і «Белтэлекаму». Акрамя гэтага, рэзалюцыя Еўрапарламенту прапануе ўшчыльніць некаторыя пралазы ў папярэднім пакеце. Гаворка перадусім пра санкцыі супраць «Беларуськалію». Мала таго, што цяпер яны фактычна толькі забараняюць падпісваць новыя кантракты з беларускім вытворцам, а старыя канчаюцца ажно ў 2023-м, дык яшчэ і датычаць толькі часткі – адной пятай – усёй прадукцыі «Беларуськалію». Такі ўдар адчуюць і прызнаюць нават на санкцыйнай нарадзе ды абавязкова абвінавацяць апазіцыю.

Валер Кавалеўскі, кіраўнік Кабінету Святланы Ціханоўскай:

«Уводзяць санкцыі не дэмакратычныя сілы Беларусі, не грамадская супольнасць. Санкцыі ўводзяць краіны Захаду ў адказ на канкрэтныя крокі Лукашэнкі. Калі мы кажам пра тое, што становіцца трыгерам, чыннікам, чаму ўводзяцца санкцыі, мы, канечне, кажам пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Але мы таксама маем на ўвазе і захоп самалёта «Ryanair», каб арыштаваць журналіста Рамана Пратасевіча, мы кажам пра некалькі месяцаў мэтанакіраванага крызісу на мяжы з Літвою, Латвіяй і Польшчай».

Але давайце адкажам на частае пытанне: ці могуць санкцыі (ці шырэй– Захад) змяніць уладу ў Беларусі?

Сяргей Нікалюк, палітолаг:

«У кораткатэрміновай і, думаю, што ў сярэднетэрміновай перспектыве санкцыі не могуць прывесці да нейкіх зменаў. Калі зазірнуць за далягляд, а далягляд – гэта мінімум 10–15 гадоў, то трэба разумець, што расейская мадэль, а ад яе і беларуская мадэль, жывуць з прыроднае рэнты».

І пакуль кошты на энерганосьбіты растуць, Крэмль, калі захоча, зможа без вялікіх праблемаў падтрымліваць Лукашэнку. Іншая рэч, што на рэжым ціснуць не толькі эканамічна, але і палітычна. Непрызнанне Лукашэнкі на міжнароднай арэне кідае цень і на Уладзіміра Пуціна, які падтрымлівае хаўрусніка. І ў Маскве яшчэ зусім не збіраюцца ўваходзіць у рэжым крэпасці ў аблозе і закрыцца ад усяго свету, як у Менску.

Расследaванні
Ці выедзе БелАЗ з-пад санкцыяў? Расследаванне
2021.09.28 19:45

Валер Кавалеўскі, кіраўнік Кабінету Святланы Ціханоўскай:

«Мы павінныя іх прымусіць паверыць у тое, што найлепшы шлях для ўсіх, зыходзячы з таго, што працяг сённяшняга крызісу прывядзе да яго паглыблення і да страты для ўсіх: і для Беларусі, і для Расеі. Тое, што беларускія дэмакратычныя сілы ўперліся і дамагаюцца свайго, у Беларусі пройдуць свабодныя выбары, і беларусы абяруць кіраўніка, якога прызнаюць усе».

Гэта разумее і Лукашэнка, які паміж расповедамі пра тое, што школьнікам і студэнтам час нагадаць, як буракі саджаць і весці ўласную гаспадарку, урэшце выказаў думку, з якою, відаць, і прыйшоў на нараду аб санкцыях:

«Я ўважліва сачу за СМІ і ў Расеі, і ў Еўропе, і ў Беларусі. Заходнікі правялі сацыялагічныя даследаванні, у выніку якіх беларусы адназначна заявілі, што ніякая Ціханоўская выбараў не выйгравала ніколі. І прызнаюць, што дзейны прэзідэнт адназначна перамог».

Ну, што ж: то, як кажуць, разыходзімся цяпер… Можна колькі заўгодна заклінаць рэчаіснасць дакументамі, якія не існуюць, пра замежныя даследаванні, у выніку якіх Лукашэнка б не прайграваў невядома каму, але гэтая ўлада не зможа вярнуцца ў спакойны час вясны мінулага года. Забіваць і саджаць можа. І, хутчэй за ўсё, рэсурсу яшчэ хапае, але вось на тое, каб тыдзень… ды што тыдзень – дзень пражыць без чарговых пасадак і рэпрэсіяў, на гэта сілы наўрад ці калісьці зʼявяцца. Сінімі пальцамі старонкі не перагорнеш.

ПраСвет
Захаду трэба рыхтавацца да падзення Лукашэнкі. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою
2021.10.14 22:40

Усевалад Шлыкаў, для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: SHAMIL ZHUMATOV / Reuters / Forum

 

Стужка навінаў