Топ-байцы, якія выступілі супраць Лукашэнкі. Як склаліся іхныя лёсы?


Пасля выбараў-2020 на бок прыхільнікаў пераменаў перайшлі некаторыя сусветнавядомыя байцы муай-тай з Беларусі. Што гэта за людзі і чаму такое рашэнне было асабліва рызыкоўным?

Пасля трагічных паслявыбарчых падзей тайбаксёры падзяліліся на два лагеры. Некаторыя спартоўцы зганьбілі сябе. Гаворка, напрыклад, пра Дзмітрыя Шакуту, які, паводле матэрыялаў, апублікаваных кіберпартызанамі, удзельнічаў у забойстве Рамана Бандарэнкі. Але большасць знакамітасцяў з муай-тай стала на бок народу.

Тагачасны кіраўнік МУС Юрый Караеў дагэтуль узначальвае Федэрацыю тайскага боксу і кікбоксінгу. Ён прагнуў жорсткай помсты. Таму ўжо падчас рыхтавання гэтага артыкулу адзін з вядомых пратэставых байцоў запатрабаваў выкрасліць сваё імя, баючыся за лёс сваякоў у Беларусі.

Аляксей Кудзін: «Дваіх сілавікоў забрала хуткая, траім аказалі дапамогу на месцы»

Аляксей Кудзін быў чэмпіёнам свету па муай-тай у суперцяжкой вазе, а апошнія гады рабіў кар’еру ў змяшаных адзінаборствах. Складана знайсці чалавека, які б сказаў пра Кудзіна нешта дрэннае. Добры, адказны і прынцыповы, Кудзін адмаўляўся з’язджаць з роднага Маладэчна, дзе ён выхоўвае пяцярых дзяцей.

У першыя паслявыбарчыя дні Аляксей пабачыў сцэну збіцця людзей, якая параніла ягоную душу. Пра гэта баец распавядаў у навагоднім выданні ток-шоу «Кожны з нас»:

«Ні з кім я не хацеў ніякага канфлікту. Проста падышоў да Цэнтральнай плошчы і ўбачыў людзей, якія стаялі на каленях… Нікога першы я не біў, толькі ўжыў самаабарону. Дваіх сілавікоў забрала хуткая, а траім аказалі дапамогу на месцы, у бальніцу іх не забралі».

Праз некалькі гадзін каля гарадскога шпіталю Кудзіна затрымалі, кінуўшы яму пад машыну святлошумавую гранату. Пасля стрэлу са спецзброі ў Аляксея былі шматлікія рассячэнні, гематомы і адкрытая траўму грудзіны.

Аляксей Кудзін.
Фота: mmaboxing.ru

Праўда, Кудзіна выпусцілі да суда. Баец змог уцячы ў Маскву, але засвяціўся на адным са спартовых турніраў і быў паўторна затрыманы. У лістападзе ў Беларусі яму прысудзілі 2,5 года за супраціў міліцыі з ужываннем гвалту.

У лістах з калоніі Аляксей піша дзівосныя рэчы па-беларуску. Выглядае, што ён поўны аптымізму, падтрымлівае форму і заяўляе пра вяртанне ў спорт пасля вызвалення.

Што стала з Віталём Гурковым?

Гэтага чалавека і так ведаюць усе. Шматразовы чэмпіён свету, ужо з сярэдзіны 2010-х ён выходзіў на рынг то з БЧБ-сцягам, то з Пагоняй. Ябацькі Гуркова не любяць здаўна. Нават званне заслужанага майстра спорту яму падпісваў не Лукашэнка, а прэм’ер-міністр. Байца то выключалі з нацыянальнай каманды, то прасілі вярнуцца. А за часамі лібералізацыі Віталь нават вёў навіны спорту на дзяржтэлеканале СТВ.

Перад выбарамі за ім непрыхавана сачылі, але Гуркоў зляцеў ва Украіну, каб выступіць на некалькіх фестывалях у складзе гурта «Brutto». І вяртацца не стаў.

Віталь Гуркоў. Фота – Тані Капiтонавай, 34mag.net

З таго часу Гуркоў ні разу не выйшаў на прафесійны рынг. З Кіева Віталь ўдзельнічае ў дзейнасці Беларускага фонду спартовай салідарнасці, каментуе падзеі, праводзіць трэніроўкі. Дзве ягоныя вучаніцы на пачатку лістапада ўзялі 1-е і 3-е месцы на Кубку Украіны па муай-тай.

Дзмітрый Валент – знік

Валент – яшчэ адзін беларускі топ у муай-тай. Чэмпіён свету, заслужаны майстар спорту. Да выбараў Дзмітрый пазбягаў палітыкі, але момант Ікс усё ж настаў.

Спачатку Валент ціхай сапай падпісаў ліст за Лукашэнку, а потым публічна выракся гэтага подпісу. Прэзідэнцкай стыпендыі і заробку ў Міністэрстве спорту яго тут жа пазбавілі і пачалі збіраць на Валента крымінальны кампрамат.

Дзмітрый Валент. Фота budzma.by

Баец з’ехаў ва Украіну, потым – у Расею. З таго часу ён правёў два прафесійныя двубоі, у якіх быў відавочна засуджаны. З гэтага часу сляды Валента губляюцца. Пра яго ніхто нічога не ведае, нумары тэлефонаў і месенджары – не актыўныя. Чалавек знік.

Замены гэтым зоркам у нас папросту няма. Беларускі тайбокс, знаны і паважаны ва ўсім свеце, аказаўся фактычна разгромлены.

Стужка навінаў