МУС не выявіла парушэнняў законаў у карыкатуры са свастыкай у «Мінскай праўдзе»


Беларусы звярталіся ў Міністэрства інфармацыі і Міністэрства ўнутраных справаў наконт карыкатуры, дзе крыж на каталіцкіх святарах ператвараецца ў свастыку. Мінінфарм назваў карыкатуру недапушчальнай, а МУС – цалкам законнай.

Карыкатура ў газеце «Мінская праўда».
Фота: Хрысціянская візія / Telegram

Ніякіх тлумачэнняў адносна карыкатуры МУС не дае. Першы намеснік начальніка УУС Менаблвыканкаму Віталь Казлоў напісаў толькі, што «ў ходзе правядзення праверкі парушэнняў дзейнага заканадаўства з боку УП ІА «Мінская праўда» не выяўлена» і прапанаваў пры нязгодзе абскардзіць адказ. Тэкст адказу апублікавалі на сайце Petitions.by.

Мінінфарм раней даў разгорнуты адказ, у якім заявіў, што публікацыя «можа нанесці шкоду міжканфесійным адносінам», і паведаміў, што патрабаваў ад дзяржаўнага выдання «прыняць захады ў недапушчэнні такіх публікацыяў у далейшым».

Пры тым за публікацыю свастыкі ў Беларусі могуць пасадзіць пад арышт. Напрыклад, у жніўні краязнаўцу прысудзілі 7 содняў арышту за публікацыю фота, на якім савецкія жаўнеры ў вызваленым ад нямецкіх нацыстаў Віцебску трымаюць трафейны сцяг са свастыкай.

Hавiны
«Гэтыя газеты і ёсць часткаю ўлады». У БАЖ патлумачылі, чаму «Мінскую праўду» не пакараюць за абразу каталікоў
2021.09.08 20:54

7 верасня беларускі інтэрнэт выбухнуў навіною пра тое, што дзяржаўная газета «Мінская праўда» назвала каталіцкіх святароў, якія выступаюць супраць гвалту і за нацыянальныя сімвалы, нацыстамі.

З заявай выступілі каталіцкія біскупы Беларусі, назваўшы карыкатуру і артыкул «Мінскай праўды» «свядомым і зламысным скажэннем праўды, паклёпам і абразай». Працоўная група Каардынацыйнай рады «Хрысціянская візія» заявіла, што «карыкатурны малюнак каталіцкіх святароў з крыжамі ў выглядзе свастыкі мае прыкметы наўмысных дзеянняў, накіраваных на дыфамацыю Рымска-каталіцкага касцёлу ў Беларусі, на фармаванне негатыўнага вобразу каталіцкіх святароў як «нацыстаў», на распальванне рэлігійнай варожасці або непрыхільнасці да рыма-каталіцкіх святароў». Абурыліся не толькі каталікі, і шмат хто пабачыў тут праявы крымінальнага злачынства – распальвання варожасці.

АА belsat.eu

Стужка навінаў