Беларускіх вайскоўцаў выправілі на вучэнні на мяжы Таджыкістану і Афганістану


Колькі чалавек выправілі, не вядома. Але, мяркуючы з фота, не менш за паўсотні.

Беларускіх вайскоўцаў накіроўваюць на вучэнні на таджыкска-афганскую мяжу. 15 кастрычніка 2021 года.
Фота: Дмитрий Лобашов, «Ваяр»

Міністэрства абароны паведаміла аб выпраўленні беларускага кантынгенту на вучэнні Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы, якія пройдуць 18-23 кастрычніка ў Таджыкістане, блізу афганскай мяжы.

Як піша міністэрства, на вучэнні выправіліся не толькі вайскоўцы ўзброеных сілаў, але і байцы спецназу ўнутраных войскаў, і супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў.

Вучэнні, як адзначае беларускі бок, планавыя, але іх планавалі на фоне вываду войскаў NATO з Афганістану. Беларускі бок раней у кантэксце вучэнняў згадваў, што сітуацыя на таджыкска-афганскай мяжы «выклікае занепакоенасць», хоць Таджыкістан і кантралюе гэтую мяжу.

Пры канцы верасня афіцыйныя асобы тэрарыстычнага руху «Талібан» заявілі, што адправілі «тысячы» сваіх вайскоўцаў у афганскую правінцыю Тахор, што мяжуе з Таджыкістанам.

Беларускіх вайскоўцаў выпраўляюць на вучэнні на таджыкска-афганскую мяжу. 15 кастрычніка 2021 года.
Фота: Дмитрий Лобашов, «Ваяр»

АА belsat.eu

Стужка навінаў