ААН пра абвінавачванні беларускіх уладаў: «Мы не прымаем такую характарыстыку сітуацыі»


Віна прадстаўніцтва ААН у Беларусі, паводле беларускіх уладаў, у фінансаванні адвакатаў «радыкалам» з грошай, вылучаных на людзей з інваліднасцю. ААН не згаджаецца.

Сцяг ААН.
Фота: sanjitbakshi / Flickr, CC BY 2.0

Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей 26 верасня заявіў на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1», што прадстаўнікі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў нібыта выкарыстоўвалі фінансы ААН, вылучаныя на людзей з інваліднасцю, на падтрымку ўдзельнікаў пратэсту.

З цягам часу афіцыйная версія абрастала дэталямі: заплацілі за адвакатаў 23 удзельнікам беларускіх пратэстаў, якіх называюць «радыкаламі». Урэшце, 13 кастрычніка дзяржаўны тэлеканал АНТ назваў «вінаватым» старэйшага дарадцу ў правах чалавека прадстаўніцтва ААН у Беларусі Омэра Фішэра, паказаў відэа «добраахвотнай размовы» (падкрэсліўшы, што гэта не допыт) з супрацоўніцамі прадстаўніцтва Вольгай Арэф’евай і Ганнай Таляронак.

Са справай неяк (як, не да канца зразумела) звязаныя дырэктар Офісу па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, які паўгода правёў пад хатнім арыштам, і юрыст Офісу Алег Грабоўскі, які паўгода правёў у СІЗА. Абодвух вызвалілі ў канцы ліпеня, але пакінулі падазраванымі ў «махлярстве».

«У Менску развязаныя рукі для абароны», – такая фраза гучала з дзяржаўнага тэлеканалу.

«Белсат» звярнуўся па каментары ў беларускае прадстаўніцтва ААН і ў прэс-службу ААН.

З беларускага прадстаўніцтва адказалі кароткім каментаром аб тым, што ведаюць аб занепакоенасці ўраду Беларусі, падтрымліваюць сувязь з урадам у гэтым пытанні і спадзяюцца на далейшую супрацу з уладамі Беларусі.

Афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека Рупэрт Колвіл. Жэнева, Швейцарыя. 28 сакавіка 2017 года.
Фота: Violaine Martin / UN Photo via Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

З галоўнага офісу ААН больш разгорнуты каментар даў афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека Рупэрт Колвіл.

«Мы не прымаем характарыстыку дадзенай сітуацыі, асабліва версію падзеяў, якую адлюстроўваюць СМІ, падкантрольныя дзяржаве», – адказаў Колвіл «Белсату».

Паводле яго, з 2020 года па пачатак 2021-га Упраўленне вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека рэалізоўвала праграму праз Офіс пастаяннага каардынатара ААН у Менску дзеля легальнай дапамогі ўразлівым групам у Беларусі.

Парады
Як расказаць пра парушэнне сваіх правоў Управе вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека
2021.10.04 14:00

У пачатку 2021 года, расказвае Колвіл, урад аспрэчыў дзеянні некаторых супрацоўнікаў ААН у сувязі з гэтай праграмай. У адказ ААН папрасіла ўрад даць дэталёвую інфармацыю аб канкрэтных абвінавачваннях супраць персаналу ААН і аб фактычных падставах гэтых абвінавачванняў.

З частковай інфармацыі, якую атрымала ААН, стала зразумела, што абвінавачванні тычацца выканання службовымі асобамі ААН службовых функцыяў у рэалізацыі праграмы ААН, заяўляе Колвіл. Адпаведна, Арганізацыя зацвердзіла прывілеі і імунітэты, якія стасуюцца адносна кожнага крымінальнага працэсу ў Беларусі ў гэтай сферы.

«Па-ранейшаму існуе розніца ў поглядах паміж урадам і Арганізацыяй на гэты конт, – дадае Колвіл. – Мы працягваем верыць, што гэтае пытанне можна вырашыць непасрэдна паміж бакамі ў поўнай адпаведнасці з дзейнай міжнародна-прававой базай.

Таму мы глыбока шкадуем аб тым, як на дзяржаўнай тэлевізіі былі высунутыя сур’ёзныя абвінавачванні на адрас супрацоўнікаў ААН, у тым ліку з выкарыстаннем запісаў перамоваў з дзяржаўнымі службовымі асобамі ў афіцыйных памяшканнях, што відавочна парушае асабістыя правы на недатыкальнасць прыватнага жыцця і належныя працэдуры».

Аб’ектыў
Беларускае пытанне на Генеральнай Асамблеі ААН і ў Хельсінскай камісіі
2021.09.22 22:32

АА belsat.eu

Стужка навінаў