У Варшаве пашкодзілі аўтамабіль з беларускімі нумарамі – прабілі шкло дрэўкам з польскім сцягам


У варшаўскім раёне Прага-Поўдзень ў машыне з беларускімі нумарамі хтосьці прабіў шкло дрэўкам, на якім быў замацаваны нацыянальны польскі сцяг. Здарэнне адбылося ў раёне, дзе 13 верасня прайшоў Марш супраць нянавісці.

Прабітае шкло ў аўтамабілі з беларускімі нумарамі з дапамогаю дрэўка, на якім замацаваны польскі сцяг, у варшаўскім раёне Грохуў (Прага-Поўдзень). Варшава, Польшча. 15 верасня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пакуль журналіст «Белсату» фатаграфаваў машыну, побач стаялі мясцовыя жыхары і эмацыйна абмяркоўвалі здарэнне. Адзін мужчына выказаў думку, што, магчыма, гэта не прыкмета ксенафобіі, а проста хуліганства.

Яшчэ адна жыхарка раёну, пачуўшы, што журналіст з Беларусі, папрасіла ў яго прабачэння за палякаў.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Мне вельмі прыкра, што ў нас гэта адбываецца, прабачце, што вы з гэтым сутыкаецеся», – сказала жанчына. Яна расказала, што прыйшла на месца здарэння, бо даведалася пра яго ў раённым чаце.

Пад дворнікамі разбітага шкла нехта засунуў цыдулкі. На адной з іх было напісана: «Вітаю, не ведаю, хто сапсаваў твой аўтамабіль. Але калі табе трэба дапамога з заменаю шкла або з заявай у паліцыю, – дапаможам».

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Праз некаторы час на месца пад’ехаў яшчэ адзін аўтамабіль. Дзяўчына і хлопец, якія выйшлі з яго, папрасілі журналіста патлумачыць, што адбылося. Дзяўчына ўзяла паперкі, якія ляжалі пад дворнікамі, прачытала, а пасля запісала кароткае відэа на ўкраінскай мове на фоне разбітай шыбы: «Вось такая гасціннасць, блін».

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

13 верасня зусім недалёка ад месца здарэння адбыўся Марш супраць нянавісці да беларусаў і ўкраінцаў, якія жывуць у Польшчы.

Рэпартаж
«Нашыя лаўкі – для ўсіх!» У Варшаве прайшоў Марш супраць нянавісці
2022.09.13 23:57

Аліса Ганчар  belsat.eu

Стужка навінаў