Ці паўторыць Лукашэнка лёс Чаўшэску?


Лукашэнка махае сякераю перад носам палякаў і распачынае чарговыя вайсковыя вучэнні, аднак на ашаламляльны поспех украінцаў не рэагуе. Ніякіх сур’ёзных перадумоваў нават для спробы дыялогу з Захадам – няма. Зрэшты, ягоная роля цяпер – крамлёўскі жандар на акупаванай тэрыторыі. Ці ўдасца яму адседзецца? Ці можа ў Беларусі паўтарыцца румынскі сцэнар, у якім частка сілавікоў выступіла супраць дыктатуры?

«Не дамо Еўропе змерзнуць» – з такім здзеклівым мэсіджам самаабвешчаны кіраўнік Беларусі сек дровы. Падобна, ён уяўляў сябе другім Пуціным, які шантажуе Еўропу спыненнем паставак энерганосьбітаў узімку. І раптам Лукашэнка вырашыў падзяліцца цяплом з прэзідэнтам і прэм’ерам Польшчы, дзе кошты на дровы сапраўды высокія.

Каментуе Марэк Будзіш, эксперт у сферы дзяржаваў былога СССР, Польшча:

«Такія выказванні Лукашэнкі – бездапаможнасць. Ён апынуўся ў цёмным закутку, ягонае поле палітычнага манеўру значна звузілася. А будучыня ў выніку расейска-ўкраінскай вайны ўсё больш пад пагрозаю. Гэта спараджае фрустрацыю».

Не даць змерзнуць заходнім суседзям Лукашэнка гатовы не толькі дзякуючы пастаўкам таннай драўніны. Каб палякам не было холадна, тыран пачаў бразгаць зброяй на вучэннях пад польскай мяжою каля Берасця.

Валерый Равенка, памочнік міністра абароны Беларусі:

«Падчас вучэнняў будуць адпрацаваныя пытанні кіравання адзінак, каб прыводзіць іх у актыўную абарону ў контрнаступальных дзеяннях. У тым ліку падчас авіяцыйнага падтрымання войскаў».

Не зважаючы на тое, што беларуская вайсковая дактрына абарончая, Беларусі застаецца толькі здагадвацца, ад якога контрнаступу збіраюцца беларускія ваякі бараніцца. Куды яны плануюць скіраваць свой наступ, каб потым адбівацца? Калі б гэтыя вучэнні былі рэдкімі, то суседзі звярталі б на іх увагу. А так фактычна вайсковыя вучэнні ў Беларусі праходзяць з зімы амаль без перапынку.

Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Гэта стварэнне атмасферы крэпасці ў аблозе. Краіна ў аблозе, вакол ворагі, таму патрэбнае надзвычайнае становішча, таму трэба ўсіх апанентаў садзіць у турму, таму трэба апанентаў пазбаўляць грамадзянства. […] Гэта сродак мабілізацыі сваіх прыхільнікаў, сродак мабілізацыі наменклатуры, сілавых структураў і адначасова знак лаяльнасці Расеі: абараняем, каб натаўскія танкі не прарваліся на Маскву».

ЗСУ дзякуючы ўдалай аперацыі менш чым за тыдзень вызвалілі Харкаўшчыну. На чарзе рэшта акупаванай Украіны. Расейскія прапагандысты і ўра-патрыёты ў істэрыцы, але беларускі дыктатар пакуль эмоцыі стрымлівае.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Я б падкрэсліў, што не варта пакуль перабольшваць ваенных поспехаў Украіны. Я разумею эйфарыю ў сацыяльных сетках тых людзей, якія душой хварэюць за Украіну. Але гэта пакуль тактычныя поспехі, Расея яшчэ можа сабраць сілы. Бо мы бачым: расейцы такія падступныя ўдары наносяць па мірнай інфраструктуры. Гэтая вайна яшчэ надоўга».

Лукашэнка тое разумее. Калі б ён і хацеў памяняць бок ці спакойна адседзецца, яму не ўдасца. Расейскія ракеты працягваюць ляцець з беларускай тэрыторыі. Адзінае, на што ён можа дагэтуль разлічваць, – на прыхільнасць Пуціна і сілавога блоку.

«Лакальныя паразы яшчэ не азначаюць, што заўтра абваліцца рэжым у Крамлі. Калі абваліцца Пуцін, то можа прыйсці нейкі ястраб кшталту Стралкова-Гіркіна. Горай будзе, яшчэ і атамную бомбу скінуць на Украіну. Лукашэнка ўжо зрабіў стаўку на Маскву. Іншая рэч, што ніякіх прынцыпаў у яго няма: ён сёння будзе клясціся ў братэрстве, а заўтра, калі яму выгадна, то ён кінуў бы Пуціна і перайшоў на іншы бок. Але як той кажа: рада б душа ў рай, ды грахі не пускаюць», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Калі б Лукашэнка выпусціў усіх палітвязняў, калі б сказаў Пуціну: «Забірай свае «Іскандэры» і сваіх жаўнераў», – магчыма, нейкі дыялог з Еўропай мог бы ўзнікнуць. Але пакуль што працягваецца тэрор, штодня адбываюцца новыя затрыманні, распачынаюцца новыя крымінальныя справы і агучваюць новыя драконаўскія выракі – гэтак, днямі журналіст Дзяніс Івашын атрымаў 13 гадоў зняволення ўзмоцненага рэжыму. І такая стратэгія не прынясе эфекту, лічыць польскі даследнік Беларусі і Расеі.

Марэк Будзіш, эксперт у сферы дзяржаваў былога СССР, Польшча:

«Калі дойдзе да формулы дыялогу паміж Захадам і нейкай часткаю беларускіх палітыкаў рэжыму, то адной з умовай такіх перамоваў будзе – сыход Лукашэнкі. Момант пераходу адбудзецца, бо альтэрнатывай можа быць дэстабілізацыя сітуацыі, якая будзе мець сілавы сцэнар. Сілавікі паўстануць супраць Лукашэнкі, бо будуць ратаваць уласныя пазіцыі. Так было ў большасці посткамуністычных краінаў. І калі Лукашэнка будзе трымацца формулы «ўлада любым коштам», ён можа паўтарыць лёс Чаўшэску».

На фоне тактычных паразаў Пуціна і Лукашэнкі лідарка вольных беларусаў Святлана Ціханоўская едзе ў ААН – ейнае прызнанне міжнароднай супольнасцю ўзмацняецца.

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў