«Ніколі не казаў, што я белы і пухнаты». Валер Сахашчык адмаўляецца ад расейскага грамадзянства


Чалец Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Валер Сахашчык пацвердзіў у інтэрвʼю «Белсату» свой намер адмовіцца афіцыйна ад расейскага грамадзянства. Ён заявіў, што зробіць гэта сёння, 15 верасня.

Валерий Сахащик, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Валер Сахашчык, былы камандзір Берасцейскай дэсантна-штурмавой групы, на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Пра тое, што Валер Сахашчык мае намер адмовіцца ад расейскага пашпарту, заявіла 14 верасня кіраўніца Пераходнага кабінету Святлана Ціханоўская. Гэта пацвердзіў у інтэрвʼю і сам Сахашчык.

«Размова ўчора адбылася такая, што я мушу афіцыяльна аформіць адмову ад гэтага грамадзянства. І, як я разумею, сёння гэта зраблю. Звярнуся па дапамогу да людзей, якія ведаюць, як гэта робіцца», – сказаў Валер Сахашчык.

Ён яшчэ раз сцвердзіў, што даўно не карыстаецца расейскім пашпартам і не планаваў ім карыстацца.

«Я яго даўно не выкарыстоўваў, ён застаўся ў Беларусі, я жыву ўжо сёмы год у Польшчы. І я наагул не лічыў, што гэта ёсць праблемаю», – зазначыў суразмоўца «Белсату».

«Як адбылося, так і адбылося»

Паводле Валера Сахашчыка, Святлане Ціханоўскай пра сваё расейскае грамадзянства на канферэнцыі ў Вільні ён проста не паспеў сказаць.

«Я ўжо папрасіў, каб склалі нейкую анкету, дэкларацыю, каб я адказаў на ўсе пытанні. Мне ў маім жыцці хаваць абсалютна няма чаго. Пачнем з таго, што я ніколі не казаў, што я ідэальны, белы і пухнаты, што ў мяне няма ніякіх касякоў і шкілетаў у шафе.

Я ніколі не планаваў рабіць карʼеру палітыка і не рыхтаваўся да яе. Усё атрымалася экспромтам. Таму як адбылося, так і адбылося. Я нікога ніколі не падманваў. У мяне ёсць вялікая праблема ў жыцці – я не ўмею падманваць», – кажа Валер Сахашчык.

«Я маю права на асабістае стаўленне?»

Што да фотаздымкаў з Крамля і Краснай плошчы, якія карыстальнікі знайшлі ў сацсетках, Сахашчык патлумачыў, што гэта фота са святкавання 100-годдзя Крамлёўскай вучэльні, якую ён скончыў («Гэта старонкі маёй біяграфіі, ад якіх не збіраюся адмаўляцца»). А што да выказвання пра «сталіцу геяў», зазначыў, што гэтай фразай проста выказаў сваё асабістае стаўленне.

«Я маю права на асабістае стаўленне? Тым больш, што дакладна тады я не быў ніякім палітыкам… Мне здаецца, я нікога там не пакрыўдзіў», – заявіў Валер Сахашчык.

На погляд Сахашчыка, у Беларусі цяпер шмат афіцэраў, якія, як і ён, служылі ў Савецкай арміі і аўтаматычна атрымалі расейскае грамадзянства. Але ён упэўнены, што большасць з іх – «патрыёты сваёй Радзімы».

Валер Сахашчык стаў першым вайсковым міністрам у пераходным кабінеце, пра які 9 жніўня абвесціла Святлана Ціханоўская. Ягоная афіцыйная пасада называецца «прадстаўнік кабінету ў справе абароны і нацыянальнай бяспекі».

Студыя «Белсат»
Адкуль у Сахашчыка расейскі пашпарт? Вечаровы эфір за 13 верасня
2022.09.13 21:35

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў