Напад Расеі на Украіну змяніў сітуацыю ў Цэнтральнай Азіі і на Каўказе. Рэгіён у пошуку новага гаранта бяспекі


Падзеі на Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі прыцягнулі ўвагу міжнароднай супольнасці. Даўнія канфлікты, якія часта і раней узнікалі, цяпер адбываюцца фактычна ў новай сітуацыі. «Белсат» высвятляў, да чаго цяпер яны могуць прывесці. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ministry Of Defense Of The Republic Of Armenia / mil.am

13 верасня ўначы войскі Азербайджану нанеслі ўдар па тэрыторыі Арменіі. А 14 верасня адбылося сутыкненне паміж памежнікамі Кыргызстану і Таджыкістану.

Справа ў тым, што гэтыя канфлікты не новыя і працягваюцца не першы год, распавёў «Белсату» Эдыль Асманбетаў, эксперт у міжнародных стасунках з Кыргызстану. Ён мяркуе, асноўная прычына канфлікту паміж Кыргызстанам і Таджыкістанам у тым, што дзяржаўныя межы не маюць дэмаркацыі і дэмілітарызацыі. І пакуль гэтага не зробяць, будуць пытанні. Пры гэтым Кыргызстан мае дамоўленасці з Узбекістанам.

«Галоўная праблема ж заключаецца ў тым, што цяпер мы назіраем фармаванне новага геапалітычнага парадку. Я думаю, што ўсе геапалітычныя пліты, якія раней проста застылі, цяпер зрушыліся. Гэта мы бачым у Цэнтральнай Азіі, на Каўказе, ва Украіне. Цяпер у гэтых рэгіёнах усё моцна залежыць ад таго, як завершыцца вайна ва Украіне. Увогуле, будучыня постсавецкай прасторы залежыць ад выніку гэтай вайны», – лічыць Эдыль Асманбетаў.

Гэта не адзіная праблема ў рэгіёне, тлумачыць эксперт. У шматлікіх краінах Цэнтральнай Азіі цяпер назіраецца пачатак палітычнага транзіту. У Казахстане ён завяршаецца, ва Узбекістане ідзе, нават у Туркменістане кіраваць прыйшоў сын Гурбангулы Бердымухамедава. У Таджыкістане даволі складаная ўнутрыпалітычная сітуацыя, сын прэзідэнта цяпер на пасадзе мэра Душанбэ, дачка – спікерка парламенту. 70-гадовы Эмамалі Рахмон хоча перадаць уладу дзецям, але пакуль гэта немагчыма. Да ўнутрыпалітычных праблемаў дадаецца складаная мяжа з Афганістанам. Душанбэ пры гэтым не імкнецца да нейкіх кантактаў з афганцамі, кажа суразмоўца «Белсату».

«Вялізнай праблемай для рэгіёну стаў злом кітайскага шляху экспарту тавараў. Той кітайскі пояс цяпер не існуе, паколькі санкцыі дзеюць супраць Расеі. Пры гэтым у Азіі ніхто не жадае трапіць пад другасныя санкцыі краінаў Захаду», – дадае Эдыль Асманбетаў.

Аналітыка
«Ёсць куды скачвацца». Ці выльюцца канфлікты вакол Косава, Тайваню і Украіны ў трэцюю сусветную
2022.08.15 11:10

Эксперт кажа, што цяпер у свеце такая сітуацыя, калі краіны больш не могуць весці геапалітычную гульню. Больш няма магчымасці манеўраваць, як гэта было раней.  Такая сітуацыя характэрная не толькі для краінаў Цэнтральнай Азіі, але ў тым ліку і для Беларусі, Украіны.  Немагчымасць весці ранейшую гульню прыводзіць да таго, што ў кіраўніцтва краінаў узнікае заклапочанасць у справе захавання свайго суверэнітэту.

Палітычны аглядальнік Яўген Красулін пацвярджае наяўнасць гэтых праблемаў і кажа, што цяпер у рэгіёне паўстае некалькі важных пытанняў.

«У краінах Цэнтральнай Азіі працягваецца даволі складаны працэс дэмаркацыі мяжы. Гэты працэс з улікам гістарычных аспектаў і аспектаў геапалітыкі сучаснасці, а таксама і доступ да вады, доступ да дарог. Ён будзе трываць і далей. Іншае пытанне, наколькі вялікая рызыка, што можа ўзнікнуць доўгатэрміновы канфлікт. Другое пытанне – а хто можа выступіць спонсарам і гарантам бяспекі ў рэгіёне?», – уздымае пытанне Яўген Красулін.

Таджыкістан і Кыргызстан. Крыніца: wikipedia.org

Паводле эксперта, на ролю лідара прасоўвае сябе Турцыя. Расея такую ролю страціла.

«Вайна ва Украіне – гэта толькі дадатковы фактар таго, што Расею адсоўваюць ад лідарства ў рэгіёне. Восенню 2020 года быў канфлікт паміж Азербайджанам і Арменіяй. У той час Расея яшчэ не ўлезла ва Украіну і былі ілюзіі, што Расея – моцная дзяржава. Але гэта не спыніла Азербайджан, паколькі ў гэтай краіны з’явіўся хаўруснік у выглядзе Турцыі», – кажа Яўген Красулін.

Hавiны
Замест міратворцаў АДКБ выправіла ў Арменію назіральную місію з Засем на чале
2022.09.14 08:55

У выніку Расея можа апынуцца далёка на ўзбочыне, кажа палітычны аглядальнік. Ранейшую ролю Расея дакладна больш не зможа граць у гэтым рэгіёне. Краіны Азіі пачынаюць сваю самастойную гульню, у тым ліку і заяўляюць пра сябе, дамаўляюцца паміж сабою.

«Ролю лідараў на сябе ў рэгіёне бяруць Кыргызстан, Казахстан і Узбекістан. Таджыкістан мае свой парадак дня. Туркменістан захоўвае нейтралітэт. Лідары шукаюць магчымасць уладкавання праблемаў. Гэта ў тым ліку і дыверсіфікацыя паставак тавараў і энерганосьбітаў праз Узбекістан, Каспій і Азербайджан, або праз Турцыю ў Еўропу», – кажа Эдыль Асманбетаў.

Найбольш зацікаўлены ў гэтым транзіце тавараў – Кітай, кажа Яўген Красулін.  Без стабільнасці на Каўказе ажыццявіць ідэю пояса-шляху для Пекіну немагчыма. Таму адным з найбольш зацікаўленых у стабільнасці ў рэгіёне робіцца менавіта Кітай, які і будзе праводзіць такую палітыку з дапамогай Турцыі.

Аналітыка
Ці працягваецца ўкраінскае контрнаступленне і чаго чакаць далей?
2022.09.14 20:21

Мікалай Каткоў belsat.eu

 

Стужка навінаў