Лукашэнка пагадзіўся надзець рэспіратар дзеля Сі Цзінь Піна. Мінулы раз моцна злаваўся


 Аляксандра Лукашэнку рэдка можна пабачыць у рэспіратары ці нават масцы, нягледзячы на любыя навіны пра COVID-19. Нават прэс-служба Лукашэнкі наўмысна звяртае ўвагу на тое, што кіраўнік Кітаю ўгаварыў яго ўрэшце надзець рэспіратар.

Старшыня КНР Сі Цзінь Пін і Аляксандр Лукашэнка на саміце ШАС. Самарканд, Узбекістан. 15 верасня 2022 года.
Фота: Пул первого / Telegram

У Самаркандзе 15 верасня адбываецца саміт Шанхайскай арганізацыі супрацы, у якой Беларусь мае статус назіральніка. Аляксандр Лукашэнка асабіста прыляцеў на саміт, правёў перамовы з кіраўнікамі Узбекістану, Генеральным сакратаром ШАС і прэм’ерам Пакістану, а таксама пабачыўся са старшынём Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзінь Пінам.

З паведамленняў прэс-службы Лукашэнкі і дзяржаўных медыяў не зразумела, наколькі плённымі былі перамовы з Сі Цзінь Пінам (пры тым кітайскі лідар правёў перамовы з Уладзімірам Пуціным, пачатак якіх трансляваўся).

Але ананімны Telegram-канал «Пул первого», які фактычна выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі, звярнуў увагу на тое, што Лукашэнка надзеў рэспіратар:

«Піневічу не ўдалося, а Сі здолеў», – каментуе «Пул первого» тое, што Лукашэнка пагадзіўся надзець рэспіратар «на просьбу «кітайскіх сяброў».

Гэта адсылае да выпадку ў кастрычніку 2021 года: Лукашэнка моцна абураўся паводзінамі міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, калі той папрасіў яго надзець рэспіратар на ўваходзе ў аддзяленне для хворых Лідскага цэнтральнага раённага шпіталю. Тады Лукашэнка не змог правільна надзець рэспіратар, цяпер – здолеў.

Hавiны
Праўда і міфы пра COVID-19. У 404 словах і шасці вялікіх разборах
2021.11.03 08:31

Лукашэнка рэдка з’яўляўся на публіцы ў рэспіратары і амаль ніколі – у масцы. Між кастрычнікам 2021 года і вераснем 2022-га ён хадзіў да хворых без сродкаў абароны або высоўваў нос з-пад рэспіратара. Нашэнне масак і нават найлепшых рэспіратараў сапраўды не эфектыўнае, калі іх насіць на падбароддзі. Маска мусіць закрываць рот, нос і падбароддзе, сядзець шчыльна і без адтулінаў па баках. Рэспіратар трэба зафіксаваць дадаткова, каб ён надзейна прылягаў да твару, і рабіць гэта трэба да ўваходу ў небяспечную зону.

Пандэмія каронавіруса ў свеце не спыняецца, але мяняецца праз новыя падштамы. Колькасць смерцяў ад COVID-19 адчувальна расце ў свеце – аднак не вядома, што адбываецца з каронавірусам у Беларусі: апошні раз афіцыйную статыстыку публікавалі 5 ліпеня. Супольнасць медыкаў «Белыя халаты» месяц таму расказала пра прыход у Беларусь новай хвалі каронавіруса, але прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя кажуць пра «невялікае павелічэнне колькасці хворых».

Hавiны
Цэх для выпуску беларускай вакцыны ад ковіду збудуюць ля могільніку жывёлы
2022.09.14 16:18

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў