З’явяцца цыгарэты «Кепт» і «Ра!! Ма!!»? Што стане з ГТФ пасля сыходу «British American Tobacco»


Брытанска-амерыканская тытунёвая кампанія спыніла супрацу з Гарадзенскаю тытунёваю фабрыкай «Нёман» праз санкцыі ЗША. ГТФ страціць пэўную долю замоваў і не зможа вырабляць цыгарэтаў такіх марак, як «Kent» і «Pall Mall». Але ж фабрыка перажыве гэта?

Як маглі б выглядаць «клоны» брэндаў «Kent» і «Pall Mall», правы на якія згубіла ГТФ «Нёман». Выява: Белсат

Журналіст Алесь Ярашэвіч, які сочыць за сітуацыяй у тытунёвай індустрыі, расказаў «Белсату», чаго чакаць ад Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі.

Што «British American Tobacco» рабіў у Беларусі

Кампанія «British American Tobacco» («BAT») прыйшла на беларускі рынак у 1995 годзе. Спачатку проста імпартавала цыгарэты ў Беларусь, прадавала іх на беларускім рынку. У 2005 годзе «BAT» дамовіўся з Гарадзенскаю тытунёваю фабрыкай «Нёман» (ГТФ) пра вытворчасць цыгарэтаў на магутнасцях ГТФ і продажа іх на ўнутраным беларускім рынку. Купілі лініі, інвеставалі грошы – паводле «BAT», уклалі больш за $ 20 мільёнаў.

Конкурс ландшафтнага дызайну сярод падраздзяленняў ГТФ «Нёман». 22 ліпеня 2020 года.
Фота: tabak.by

За мінулы год, паводле звестак Ярашэвіча, ГТФ вырабіла каля 30 мільярдаў цыгарэтаў, з іх для «BAT» вырабілі каля 3 мільярдаў. Значыць, з адмоваю «BAT» ад супрацы ГТФ губляе каля аднаго месяца працы з дванаццаці.

«Замест прадукцыі «BAT» можна, вядома, вырабляць сваю, – разважае Ярашэвіч. – ГТФ вырабляе такія свае маркі, як «Менск», «Фэст», «NZ» і гэтак далей. Якраз такія часцей за ўсё трапляюць кантрабандным шляхам у Еўропу і Расею. Але рэч у тым, што праз амерыканскія санкцыі ГТФ мае праблемы з закупам сыравіны і абслугоўваннем абсталявання, пакупкаю запчастак – у іх стаяць еўрапейскія лініі. У фабрыкі ўвогуле шмат праблемаў, а тут яшчэ адна дадалася з тым, што на 10 % зменшыцца замова».

Кіраўніцтва «Белдзяржхарчпраму» прызнавала праблемы ГТФ з пастаўкамі сыравіны, абсталявання і запчастак. Ярашэвіч распавядае, што размаўляў з людзьмі з ГТФ: панікі там няма, але сітуацыя не вельмі добрая.

ГТФ учыніць «атаку клонаў»?

Шмат якія беларускія маркі цыгарэтаў капіююць дызайн вядомых замежных марак. У гарадзенскім «Прэм’еры» можна пазнаць стылізацыю пад «Marlboro», а «Credo» здалёк можна прыняць за «Camel». Мо ГТФ возьмецца замяніць брэнды «BAT» сваймі? Напрыклад, «Кепт» замест «Kent» ці «Ра!! Ма!!» замест «Pall Mall»?

«Я пакуль не ўяўляю, як яны гэта будуць рабіць: ім бы наладзіць бесперапынную працу, аднавіцца да таго ўзроўню, што быў раней, – разважае Ярашэвіч. – Трэба шукаць, дзе браць тытунь, як абслугоўваць еўрапейскае абсталяванне … Не ведаю, наколькі ў іх хопіць сілаў наладжваць вытворчасць новых марак, падобных да прадукцыі «BAT».

З сыравінаю, мяркуе журналіст, ГТФ знойдзе выйсце, бо тытунь пастаўлялі і з Азербайджану, і з Зімбабвэ. Там могуць не пабаяцца санкцыяў – пытанне хіба ў якасці іх тытуню. На ГТФ могуць быць прастоі, кажа Ярашэвіч, але наўрад ці фабрыка цалкам спыніцца і закрыецца.

Ёсць жа не толькі ГТФ

Попыт на цыгарэты наўрад ці ўпадзе ад таго, што курцы не знойдуць любімых марак. Ды на рынку абмежаваная колькасць гульцоў, і хто з іх захоча супрацоўнічаць з падсанкцыйнаю кампаніяй – вялікае пытанне.

Расследaванні
Як гаманцы Лукашэнкі ўцякаюць ад санкцый
2021.04.06 12:47

Акрамя ГТФ, у Беларусі дзеюць менскі «Тытунь-Інвест» Паўла Тапузідыса ды Віктара Пятровіча і нядаўна адкрытая фабрыка «Інтэр-Табака» падсанкцыйнага Аляксея Алексіна (апошняму належыць сетка шапікаў «Табакерка», эксклюзіўнае права на продаж прадукцыі ГТФ і выключнае права на імпарт тытунёвай сыравіны). Ці скарыстаюцца з праблемаў «BAT» з ГТФ іншыя гульцы?

Павел Тапузідыс.
Фота: Дзмітрый Брушко / Tut.by

«У тэорыі могуць, але пытанне ў тым, наколькі іх магутнасці дазволяць ім вырабляць тыя ж тры мільярды цыгарэтаў, – кажа Ярашэвіч. – «Тытунь-Інвест» вырабляе ўласныя маркі, як «Карона», і працуе паводле дамовы з «Japan Tobacco» – у іх, як я разумею, магутнасці загружаныя. Дэмантаваць лініі з ГТФ і везці ставіць на фабрыку Тапузідыса? Ці набываць новыя лініі, ведаючы, што Тапузідыс можа трапіць пад санкцыі?»

«Інтэр-Табака» Алексіна цяпер таксама пад санкцыямі – застаецца «Тытунь-Інвест», але і яму трэба весьці перамовы, шукаць інвестараў. А Беларусь для інвестараў цяпер таксічная краіна, кажа Ярашэвіч, укладваць грошы ў нявызначанасць наўрад ці захочуць, бо правілы на рынку мяняюцца часта, а дзяржава можа адабраць уласнасць «іменем рэвалюцыі» і нават пасадзіць інвестара за краты. «British American Tobacco», лічыць Ярашэвіч, хутчэй, будзе шукаць магчымасці для вытворчасці ў іншых краінах, а не шукаць новага партнёра ў Беларусі.

Што вядома пра ГТФ і тытунёвы рынак Беларусі

Гісторыя Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі пачалася ў 1861 годзе, калі купец Лейба Шарашэўскі заснаваў у горадзе тытунёвую мануфактуру. Вытворчасць імкліва развівалася, праз 30 гадоў на фабрыцы працавалі амаль паўтары тысячы рабочых, прадукцыі выраблялі на больш як мільён царскіх рублёў, пастаўлялі па ўсёй Расейскай імперыі. Фабрыка перажыла занядбанне за палякамі, разбурэнне ў Другую сусветную вайну і аднаўленне за саветамі.

Паводле справаздачы ГТФ за 2020 год, на фабрыцы працавалі 803 чалавекі, а выручка ад рэалізацыі прадукцыі і паслуг склала Br 608,5 мільён, чысты прыбытак фабрыкі – Br 172,9 мільёна, доўгатэрміновых крэдытаў няма.

Давайце разбірацца
Бізнес-імперыя Лукашэнкі. Расследаванне «Белсату»
2021.02.04 19:30

Якую долю рынку займае цяпер ГТФ і колькі цыгарэтаў экспартуе, невядома: такой статыстыкі цяпер не публікуюць. Некалькі гадоў таму, калі яшчэ не было кампаніі «Інтэр-Табака», ГТФ займаў 70–80 % рынку. Канкурэнты ГТФ вырабляюць як уласныя маркі цыгарэтаў, так і цыгарэты пад замежнымі брэндамі: «Тытунь-Інвест» робіць у тым ліку «Camel», «Monte Carlo» і «Winston», а «Інтэр-Табака» – «Bond», «L&M», «Marlboro» ды іншыя.

Цыгарэты, канфіскаваныя ў Расеі. 25 лютага 2021 года.
Фота: customs.gov.ru

Вялізная доля вырабленых у Беларусі цыгарэтаў ідзе за мяжу нелегальна. Паводле звестак за 2014 год, калі ў Беларусі вырабілі 30 мільярдаў цыгарэтаў, то нелегальна вывезлі ў Еўропу 7,25 мільярда, а легальна – усяго 10 мільёнаў. У 2017-м пры аб’ёме беларускага рынку не больш за 20 мільярдаў цыгарэтаў выраблялі больш за 29 мільярдаў.

У Літве, Латвіі ды Польшчы некалькі разоў на месяц затрымліваюць кантрабандныя партыі цыгарэтаў на мільёны долараў. А ў Расеі беларускія цыгарэты, паводле даследавання кампаніі «Nielsen», займалі каля 54 % нелегальнага рынку. І ў Расеі, і ў Еўразвязе цэны на цыгарэты значна вышэйшыя за беларускія.

«Табакерка» па вуліцы Даўгабродскай, Менск. 14 чэрвеня 2020. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Пачак з 20 цыгарэтаў, якой курцу звычайна хапае на адзін дзень, цяпер каштуе ў Беларусі 1,5–5,5 рубля. У Расеі ж мінімальная цана пачка цыгарэтаў – 107,78 расейскага рубля, што прыблізна раўняецца 3,7 беларускага.

Паводле звестак Белстату, у Беларусі курыць 21,7 % насельніцтва, больш за 42 % мужчынаў і амаль 10 % жанчын. Пяць гадоў таму курылі 24 % беларусаў. Найбольшая доля курцоў – у Магілёўскай вобласці (амаль 26 % насельніцтва), найменшая – у Берасцейскай і ў Менску (менш за 20 %). Кінуць паліць хацелі б 64,8 % апытаных у 2020 годзе.

АА belsat.eu

Стужка навінаў