Віктар Клімус: Берасцейскі карагод быў пікавым момантам, кульмінацыяй, тады людзі яшчэ былі гатовыя павышаць стаўкі


Год берасцейскаму карагоду. 13 верасня 2020 года адбылася адна з самых яркіх акцыяў паслявыбарчага пратэсту. Улады не прабачылі такога ўздыму: удзельнікаў разганялі вадамётам, а пазней распачалі адну з самых масавых палітычных справаў. 81 асуджаны, сотні з’ехалі за мяжу, а 24 верасня пачнуць судзіць чарговую партыю карагоднікаў.

У Берасці Віктар Клімус меў культурніцкую пляцоўку. Ён не мог заставацца ў баку ад мірнай беларускай рэвалюцыі. Мужчына прывозіў на плошчу калонкі – і яшчэ ў жніўні зазнаў першыя рэпрэсіі: міліцыя паспрабавала забраць і машыну, і калонкі, але людзі не далі гэтага зрабіць, адбіўшы Віктара і тэхніку. Пазней сілавікі ўсё адно вынялі машыну і калонкі, а міліцыя пачала актыўна цікавіцца дзейнасцю мужчыны. Пасля карагоду на Клімуса завялі крымінальную справу. Заставаліся два варыянты: зʼехаць або сесці. Абраў першы – і з прыгодамі, за 4 дні, дабраўся да Варшавы, хоць адлегласць паміж гарадамі ўсяго 200 кіламетраў.

Віктар Клімус быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.
Фота: МХ

З Віктарам згадаем падзеі 13 верасня 2020 года ў Берасці.

«Гэта была не першая акцыя ў Берасці. Яшчэ захоўваўся захапляльны настрой, людзі былі на падʼёме, хаця ўжо адчувалася нейкая стомленасць, разгубленасць, ужо былі першыя затрыманні. Але людзей выходзіла на вуліцы вельмі шмат», – кажа Віктар.

Мужчына згадвае, што была прапанова сабрацца на плошчы, але яе ачапілі, туды не пусціла міліцыя. Дарэчы, плошчу Леніна ў Берасці людзі адваявалі яшчэ ў 2019 годзе, калі сталі штонядзелю выходзіць карміць галубоў на знак пратэсту супраць будоўлі акумулятарнага заводу. Гэты пратэст быў добрым падмуркам для гарачага жніўня і верасня 2020-га.

Артыкулы
«Карагоднай справе» споўніўся год. Стала вядома пра суд над восьмай групай
2021.09.14 17:44

«Калі плошча закрытая, то людзі пайшлі маршам у бок цэнтру. І тады нарадзілася ідэя (не ведаю як, гэта быў пэўны жэст: калі нас не пускаюць на плошчу, нашая плошча будзе тут) танчыць, спяваць і радавацца жыццю на цэнтральнай вуліцы», – апавядае Віктар Клімус.

Карагод быў спантаннай ідэяй, як і шмат якія іншыя ініцыятывы. Людзі спыніліся на плошчы, захацелі выказаць свой пратэст больш рашуча. Маўляў, мы можам і мусім займаць любыя прасторы, а калі нас не пускаюць на плошчу, мы будзем танчыць тут.

«Мы спачатку стаялі, спявалі песні, а потым падумалі: чаго стаяць проста так, калі можна і карагоды павадзіць, пабавіць час больш весела і прыемна», – адзначае Віктар.

Расплата за тое, што людзі пасмелі радавацца жыццю, прыйшла хутка. Вадамёт паліў усіх вадой, але гэта людзей толькі падбадзёрыла. Пасля спробаў жорсткага разгону калона сабралася зноў.

Акцыя пратэсту 13 верасня ў Берасці, пасля якой распачалася «карагодная справа». Скрыншот з відэа МУСа

«Мяне ў той час ужо шукала міліцыя: з канца жніўня пільнавалі каля хаты, прыходзілі паводле месца жыхарства. Калі пачалася «карагодная справа», замест рауснікаў стаў прыходзіць ужо Следчы камітэт. Я зразумеў, што на мяне завялі крымінальную справу. У выніку я вымушаны быў зʼехаць. Ужо пасля ператрусу сталі актыўна хадзіць па сваяках і знаёмых, і я проста вырашыў: рана ці позна буду сядзець альбо трэба зʼязджаць. «Карагодная справа» каштавала мне радзімы і магчымасці вярнуцца туды цяпер», – кажа суразмоўца.

Улады зрабілі «карагодную справу» галоўнаю: на пошук «злачынцаў» кінулі ўсе сілы, але не знайшлі і 10 %, бо не ставала рэсурсаў. А тыя, каго судзілі, трапілі пад паказальны каток.

«Больш за 80 чалавек асудзілі ў «карагоднай справе», але я ведаю шмат людзей, якіх яшчэ не судзілі, хаця яны бралі ўдзел у карагодзе, яны застаюцца ў Беларусі ў Берасці. Ведаю шмат каго, хто зʼехаў з крымінальным пераследам, тых, хто не чакаў, пакуль па іх прыйдуць. Па-рознаму. Пара тысячаў чалавек тады стаялі на скрыжаванні і бралі ўдзел у гэтым маршы. Ясна, што ўсіх не перасадзяць, усіх яны нават не знойдуць. Хаця спачуваю тым людзям, якія трапіліся сілавікам. Кашмарная сітуацыя: за вельмі мірнае, прыгожае, крэатыўнае выказванне сваёй пазіцыі людзям даюць рэальныя тэрміны. Гэта натуральны фашызм», – лічыць Віктар Клімус.

На думку суразмоўцы, карагод быў пікавым момантам, кульмінацыяй, калі людзі былі гатовыя павышаць стаўкі, павышаць ціск на ўладу і заяўляць: вы не пускаеце нас на плошчу – мы будзем выходзіць на вуліцы. Так, гэта было не ўсім зручна, але мы грамадзяне, мы маем права карыстацца сваім горадам, быць там, дзе мы лічым патрэбным, і нешта разам вызначаць.

Акцыя пратэсту 13 верасня ў Берасці, пасля якой распачалася «карагодная справа». Скрыншот з відэа МУСа

Уладам было важна збіць пратэст, а карагод узняў людзям настрой, гэта была істотная падзея для Берасця. І каб суняць актыўнасць, прыехаў вадамёт, а потым былі даволі жорсткія сутыкненні ды затрыманні.

Віктар кажа, што Берасце заўжды быў пратэставым горадам, бо тут блізка да мяжы, людзі не хацелі жыць яшчэ пяць гадоў так, як раней. Таму столькі людзей выходзіла на маршы, таму быў такі жорсткі адказ.

«Мы ж памятаем, што Берасце сталася першым горадам, дзе пачаліся разгоны і брутальныя затрыманні. Такога нават у Менску не было. З абласных гарадоў у Берасці быў самы масавы варушняк на той час. Трэба разумець логіку рэпрэсіяў: яны не могуць пасадзіць усіх, зрабіць канцлагер з усёй краіны, з тых, хто выходзіў на плошчу. Але для іх важна ўчыніць разгром, максімум рэпрэсіяў, каб паказаць сваю «перамогу». Берасце ў гэтым плане паказальнае: суды за пратэст у ім пачаліся яшчэ ўвосень і да сёння не закончыліся», – падводзіць рысу Віктар Клімус.

Тэкст АС, фота МХ, belsat.eu

Стужка навінаў