Прэзідэнтка Еўракамісіі: Беларусь чыніць гібрыдную атаку дзеля дэстабілізацыі Еўропы


Раней азначэнне «гібрыдная атака» ці «гібрыдная агрэсія» адносна дзеянняў уладаў Беларусі на мяжы ўжывалі Польшча, Літва і Латвія, такое таксама казала канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель. Цяпер называць гэтак дзеянні Беларусі фактычна заклікалі ўвесь Еўразвяз.

Прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен падчас штогадовага звароту аб стане звязу («State of the Union») перад Еўрапарламентам. 15 верасня 2021 года.
Фота: europa.eu

Жорсткая заява пра Беларусь прагучала падчас штогадовага звароту прэзідэнткі Еўракамісіі аб стане звязу («State of the Union») перад Еўрапарламентам 15 верасня.

Кіраўніца Еўракамісіі, выканаўчага органу ўлады Еўразвязу, Урзуля фон дэр Ляен пачала зварот са словаў пра тое, як многія адчуваюць, што іхнае жыццё стала на паўзу, пакуль свет хутка рухаецца наперад, а хуткасць падзеяў і надзвычайнасць праблемаў часам цяжка зразумець.

Еўропе патрэбныя «душа, ідэал і палітычная воля, каб служыць гэтаму ідэалу» ў час найбуйнейшага глабальнага крызісу ў галіне здароўя за цэлае стагоддзе, найглыбейшага эканамічнага крызісу за дзесяцігоддзі і найцяжэйшага кліматычнага крызісу за ўсе часы. Урзуля фон дэр Ляен расказала пра поспехі вакцынацыі, падтрыманне эканомікі і сацыяльнай абароны, сітуацыю з падтрымкай уцекачоў з Афганістану, заклікала стварыць Еўрапейскі абарончы звяз – узброеныя сілы Еўразвязу.

Hавiны
NATO і еўрапейскія міністры звінавацілі беларускія ўлады ў выкарыстанні мігрантаў як зброі
2021.09.03 21:03

Ад тэмы барацьбы з прымусоваю працай і заявы, што «правы чалавека не прадаюцца», кіраўніца Еўракамісіі перайшла да беларускай тэмы: жывыя людзі – гэта не козыры ў палітычнай гульні.

«Паглядзіце, што адбылося на нашых межах з Беларуссю, – казала Урзуля фон дэр Ляен Еўрапарламенту. – Рэжым у Менску інструменталізаваў людзей. Яны пасадзілі людзей у самалёты і літаральна выштурхнулі іх да межаў Еўропы. З гэтым нельга мірыцца. І хуткая еўрапейская рэакцыя гэта паказвае. І будзьце ўпэўненыя: мы будзем працягваць стаяць поплеч з Літвой, Латвіяй і Польшчай.

І давайце казаць пра гэта так: гэта гібрыдная атака з мэтаю дэстабілізаваць Еўропу».

Hавiны
Лукашэнка звінаваціў Польшчу ў канфлікце з мігрантамі на мяжы. Ён «забыў» адну дэталь: адкуль яны
2021.08.23 13:33

Урзуля фон дэр Ляен таксама заявіла, што гэта не адзінкавыя інцыдэнты на мяжы з Беларуссю. Падобнае бачылі і на іншых межах раней, такое можа паўтарыцца ў будучыні. Таму ў межах Шэнгенскай зоны, казала яна, будуць выпрацаваныя новыя шляхі адказу на агрэсію і будзе гарантаванае адзінства дзеля абароны вонкавых межаў Еўразвязу. Пакуль Еўропа не знойдзе паразумення ў тым, як кіраваць міграцыяй, супраціўнікі будуць гэтым карыстацца.

У сувязі з гэтым прэзідэнтка Еўракамісіі заклікала паскорыць прыняцце Новага пакту аб міграцыі і прытулку, які Еўракамісія прэзентавала год таму.

Hавiны
У Еўразвязе распавялі, якія новыя санкцыі могуць увесці супраць Менску
2021.09.03 11:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў