Польшча хоча дамагчыся ад Інтэрполу дадатковай верыфікацыі ордараў з Беларусі і Расеі


У лістападзе ў Польшчу прыляціць генеральны сакратар Інтэрполу, каб абмеркаваць пытанне пра перадухіленне выкарыстання Беларуссю і Расеяй «чырвоных картак» Інтэрполу для пераследу палітычных апанентаў уладаў, паведамляе польскі партал TVN24.

Нагодаю для абмеркавання зрабілася затрыманне ўвечары 12 верасня ў Пясэчным 27-гадовага беларуса Макара Малахоўскага. Яго арыштавалі па запыце беларускіх міліцыянтаў у Інтэрпол: маладзён быў у міжнародным вышуку паводле «чырвонай карткі».

Макар Малахоўскі.
Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці / Centrum Białoruskiej Solidarności / Forum

У Галоўным упраўленні паліцыі і Міністэрстве ўнутраных справаў Польшчы разумеюць, што Беларусь і Расея злоўжываюць міжнароднымі спісамі асобаў у пошуку («чырвонымі карткамі»), сцвярджае TVN24 са спасылкаю на сваіх суразмоўцаў у згаданых ведамствах.

«Цягам некалькіх месяцаў мы стараемся паўплываць на штаб-кватэру Інтэрполу, каб яны ставіліся з вялікай асцярожнасцю да «чырвоных картак» з Беларусі і Расеі, каб падключылі верыфікацыю. Бо відавочна, што гэтыя дзве дзяржавы злоўжываюць сістэмаю», – перадае польскі партал словы прадстаўніка паліцыі.

На сітуацыю звяртаў увагу таксама міністр унураных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі, які напісаў у сябе ў Twitter, што затрыманне Малахоўскага – гэта вынік чарговай спробы палітычнага выкарыстання «чырвоных картак» Інтэрполу.

Артыкулы
Міністр унутраных справаў Польшчы пракаментаваў затрыманне беларускага актывіста
2021.09.13 19:53

У ліпені Мар’юш Каміньскі ўжо звяртаўся ў Інтэрпол праз патрэбу змяніць сістэму працы з міжнароднымі ордарамі.

«Хачу звярнуць увагу на неабходнасць верыфікацыі звестак ад некаторыя краінаў, асабліва Расейскай Федэрацыі, якая выкарыстоўвае Інтэрпол дзеля пераследу і экстрадыцыі палітычных супраціўнікаў», – пісаў спадар Каміньскі ў лісце кіраўніку Інтэрполу Кім Чонг Янгу.

У лістападзе ў Польшчу прыляціць генеральны сакратар Інтэрполу Юрген Шток. А щ канцы таго ж месяца на агульным сходзе Інтэрполу ў Стамбуле будзе выступаць кіраўнік польскай паліцыі Ярослаў Шымчык.

Макара Малахоўскага затрымалі ў кватэры ў горадзе Пясэчна. Беларус, рэпрэсаваны на радзіме, з лістапада 2020 года жыве ў Польшчы на падставе гуманітарнай візы.

Затрымалі Малахоўскага, атрымаўшы ліст з беларускай пракуратуры. Бліжэй вечара 13 верасня стала вядома, што Макара Малахоўскага вызвалілі з польскай пракуратуры. Цяпер ён на волі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў