Паўночная Карэя выпусціла балістычныя ракеты ў бок Японскага мора насуперак забароне ААН


Дзве балістычныя ракеты былі выпушчаныя раніцаю 15 верасня з тэрыторыі Паўночнай Карэі ў кірунку Японскага мора, нягледзячы на забарону ААН, піша «AP News». Гэта другое выпрабаванне зброі за некалькі дзён, што, паводле экспертаў, сведчыць пра нарошчванне Паўночнаю Карэяй узбраення.

«Гэтыя абстрэлы пагражаюць міру і бяспецы Японіі ды рэгіёну, яны абсалютна абуральныя, – заявіў прэм’ер міністр Японіі Ёсіхідэ Суга. – Урад Японіі мае намер і далей узмацняць нашую пільнасць ды назіранне, каб быць гатовымі да любых непрадбачаных абставінаў».

Пхеньян правёў ракетныя выпрабаванні пасля трохбаковага саміту ў Токіа паміж ЗША, Японіяй ды Паўднёвай Карэяй. Абмяркоўвалі дэнуклеарызацыю Карэйскага паўвострава і перамовы з Паўночнаю Карэяй.

Вайсковы парад у Паўночнай Карэі.
Фота: AFP

Запускі Паўночнаю Карэяй ракетаў парушаюць рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН, што забараняюць Паўночнай Карэі браць удзел у любой дзейнасці, звязанай з балістычнымі ракетамі.

Запускі дзвюх ракетаў адбыліся праз два дні пасля таго, як Паўночная Карэя заявіла, што двойчы за выходныя выпрабавала нядаўна распрацаваную крылатую ракету. Дзяржаўныя СМІ Паўночнай Карэі ахарактарызавалі гэтую ракету як стратэгічную зброю вялізнага значэння, маючы на ўвазе, што яе распрацавалі з мэтаю несці ядравыя боегалоўкі. Ракета прадэманстравала здольнасць паражаць цэлі на адлегласці 1500 кіламетраў, такім чынам вайсковыя аб’екты Японіі ды ЗША для ракеты дасяжныя.

Паводле экспертаў, іспыты паказалі, што Паўночная Карэя імкнецца ўзмацніць свой арсенал зброі, адначасова ціснучы на адміністрацыю прэзідэнта Джо Байдэна на фоне тупіка ў ядравай дыпламатыі паміж Пхеньянам і Вашынгтонам.

Перамовы паміж ЗША і Паўночнай Карэяй зайшлі ў тупік у 2019 годзе, калі амерыканцы адхілілі патрабаванне значна паслабіць санкцыі ў абмен на дэмантаж старых ядравых аб’ектаў. Урад Паўночнай Карэі з таго часу пагражае стварыць высокатэхналагічную зброю, накіраваную на Злучаныя Штаты, і адхіляе спробы адміністрацыі Байдэна распачаць дыялог, патрабуючы, каб Вашынгтон спачатку адмовіўся ад «варожай палітыкі».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў