Лукашэнка паляцеў на саміт АДКБ у Таджыкістан. Што там будуць амбяркоўваць?


З 15 да 17 верасня ў Душанбэ адбудзецца сесія Савету калектыўнай бяспекі АДКБ і паседжанне Савету кіраўнікоў дзяржаваў – сябраў ШАС (Шанхайскай арганізацыі супрацы). Туды накіраваўся і Аляксандр Лукашэнка, паведамляе БелТА.

Галоўным пытаннем на саміце ОДКБ стане Афганістан. Плануюць, што будзе прынятая Дэкларацыя Савету калектыўнай бяспекі і падпісаныя дакументы аб міратворчасці, забяспечванні дзейнасці войскаў і іх узбраення.

Паседжанне ШАС будзе юбілейнае: арганізацыя адзначае 20-годдзе існавання. У ліку сябраў арганізацыі – Казахстан, Кыргызстан, Кітай, Расея, Таджыкістан і Узбекістан. У 2017-м далучыліся Індыя і Пакістан. Беларусь атрымала статус назіральніка ў ШАС у 2015 годзе. Таксама статус назіральнікаў маюць Афганістан, Іран і Манголія. ШАС таксама мае шэсць партнёраў у дыялогу: Азербайджан, Арменія, Камбоджа, Непал, Турцыя і Шры-Ланка.

Hавiны
Як «паглыблялі інтэграцыю» суседзі Беларусі
2021.09.09 14:30

Чакаецца, што на саміце ў Таджыкістане прымуць рашэнне аб запуску працэдуры прыёму Ірану ў якасці чальца ШАС і наданні статусу партнёраў у дыялогу Егіпту, Катару і Саудаўскай Аравіі.

«Не лічыцца з пазіцыяй АДКБ-ШАС будзе немагчыма. Пазіцыя ШАС-АДКБ будзе важнейшая за пазіцыю заходняй кааліцыі», – казаў раней Лукашэнка.

Гэты саміт Лукашэнка будзе выкарыстоўваць, каб перарваць замежнапалітычную ізаляцыю і паказаць значнасць, паспрабаваць уключыцца ў развязанне канфлікту і стаць стаць заўважным на міжнароднай сцэне, перадае «Наша ніва» меркаванне палітолага Андрэя Казакевіча. Вонкавапалітычная ізаляцыя моцна цісне на ўлады. І афганскі крызіс будуць намагацца выкарыстаць, каб паспрабаваць выйсці з яе, прынамсі на постсавецкай прасторы.

У тым, што факт візіту на саміт будзе выкарыстаны для дэманстрацыі міжнароднай легітымнасці Лукашэнкі, упэўнены і палітычны аналітык Еўрапейскай рады ў справе міжнародных дачыненняў Павел Слюнькін.

У онлайн-фармаце сёлета ў саміце возьме ўдзел Уладзімір Пуцін, які сышоў у самаізаляцыю, бо ў ягоным атачэнні быў выяўлены каронавірус.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў