Былога супрацоўніка пракуратуры затрымалі за абразы прадстаўнікоў улады


За абразы прадстаўнікоў улады затрыманы былы супрацоўнік пракуратуры.
Фота: МУС

42-гадовы мянчук Аляксандр Мікалаеў быў затрыманы падчас захадаў для выяўлення асобаў, якія пакідаюць у інтэрнэце негатыўныя водгукі пра службовых асобаў, паведамляе прэс-сакратар МУС.

Паводле міліцыі, з лета мінулага году Мікалаеў напісаў у сацсетках дзясяткі пастоў з абразамі кіраўніка дзяржавы, чыноўнікаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Адпаведна ўзбуджаная крымінальная справа за абразы прадстаўнікоў улады і прэзідэнта.

МУС зазначае, што раней мужчына прыцягваўся да адказнасці за гвалт у дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў. Цяпер Мікалаева правяраюць на датычнасць да іншых супрацьпраўных фактаў.

Верагодна, менавіта гэты Аляксандр Мікалаеў ў 2009 годзе дапытваў Анатоля Лябедзьку па справе пра разгон акцыі «Ланцуг неабыякавых людзей», піша Euroradio. Тады сілавікі збілі і затрымалі дзясяткі пратэстоўцаў. Лідар АГП пасля напісаў пра Мікалаева так:

«Следчы Мікалаеў выклікае некаторую сімпатыю і давер як чалавек, які спрабуе працаваць у рамках тых магчымасцяў, якія ёсць у пракуратуры для людзей, якія яшчэ з прыярытэтам ставяцца да прафесіяналізму. Менавіта гэты следчы ўстанавіў, што ў Менску падчас разгону акцыяў апазіцыі пад выглядам міліцыянтаў дзейнічае незаконнае бандфармаванне. Пра гэта Мікалаеў паведаміў у афіцыйным адказе».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў