Заробак інжынера – 650 рублёў, грузчыка – 700. Колькі гатовыя плаціць буйныя беларускія прадпрыемствы?


«Радыё Свабода» паглядзела, якіх спецыялістаў і на якія заробкі шукаюць беларускія прадпрыемствы. Прапановы па большасці вакансіяў меншыя за сярэдні заробак па Беларусі за чэрвень у 1626,5 рублі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі металургічны завод.
Фота: BelSteelWorks / Facebook

МАЗ

На сайце Менскага аўтамабільнага заводу 117 вакансіяў. Заробкі прапануюць ад 700 рублёў – столькі будуць плаціць станочніку дрэваапрацоўчых станкоў.

Ад 1000 рублёў – заробак інжынера-канструктара 1 катэгорыі. Інжынеру капітальнага будаўніцтва заплоцяць ад 1250 рублёў.

Маляр па афарбоўцы металу заробіць ад 1300 рублёў у месяц.

Аб’ектыў
Антырэкорд занятасці: куды знікаюць тысячы працаўнікоў?
2022.07.27 22:59

МТЗ

На Менскім трактарным заводзе не хапае 1019 працаўнікоў, згодна з дадзенымі, які падае Рэспубліканскі банак вакансіяў.

Самы маленькі заробак у памеры 650 рублёў прапануюць інжынеру-электроніку з вышэйшай адукацыяй. Сістэмнаму праграмісту прадпрыемства гатовае заплаціць крыху больш – 890 рублёў.

Аднаму з кіраўнікоў структурных падраздзяленняў, начальніку прапануюць заробак у 900 рублёў, трэба мець вышэйшую эканамічную адукацыю і досвед працы ў 5 гадоў.

Слесара-рамонтніка запрашаюць на заробак у 1300 рублёў.

Самы высокі заробак знаходзім у падручнага сталявара электрапечы – 2100 рублёў.

БелАЗ

На вытворцы буйных самазвалаў – БелАЗе – 63 вакансіі. Грузчыку тут прапануюць 700 рублёў на месяц, машыністу крана – тыя ж 700 рублёў, начальніку бюро тэхналагічнага цэху – 1300 рублёў.

Самы высокі заробак прапануюць намесніку галоўнага энергетыка па электразабяспечанні – 1570 рублёў.

Аналітыка
У Беларусі растуць афіцыйныя заробкі. Ці багацеюць беларусы?
2022.07.26 08:29

«Горадня Азот»

На «Горадня Азоце», згодна з базай вакансіяў, 63 вольныя месцы.

Найменш прапануюць электрагазазваршчыку – да 1144 рублёў. Крыху больш – лагісту – да 1340 рублёў. Спецыяліст па мытным дэклараванні будзе зарабляць да 1660 рублёў.

Адна з найбольш грашавітых вакансіяў – менеджар па спецыяльнасці электраэнергетыка і цеплаэнергетыка. Патрабуецца таксама досвед у будаўніцтве – не менш як 5 гадоў. Гатовыя плаціць 2267 рублёў, але пасля таго, як спецыяліст адпрацуе больш за год.

«Нафтан»

На «Нафтане» шукаюць 79 супрацоўнікаў. Апаратчыку прыгатавання каталізатара прапануюць 1292 рублі.

Апаратчыку газараздзялення гатовыя плаціць 1633 рублі.

Найбольш прапануюць інжынэру-праграмісту – 1874 рублі. З патрабаванняў – вышэйшая адукацыя, веданне праграмы 1C і досвед працы.

Hавiны
Хто будзе лячыць беларусаў? У рэгіёнах – катастрофа з медыкамі
2022.08.13 18:18

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў