Цуд над Віслаю і стан могілак польскіх жаўнераў у Беларусі


15 жніўня ў Польшчы адзначаюць Дзень Войска Польскага, непарыўна звязаны з Цудам над Віслаю ў 1920 годзе. Гэта быў пераломны дзень бітвы за Варшаву падчас польска-савецкай вайны, калі бальшавіцкі план на «сусветную рэвалюцыю» быў перакрэслены. У бітве за Варшаву ўдзельнічалі атрад беларускіх добраахвотнікаў на чале са Станіславам Булак-Балаховічам і 1-ая Літоўска-беларуская дывізія. На тэрыторыі Беларусі да сёння налічваецца каля 280 месцаў пахаванняў польскіх жаўнераў, якія загінулі падчас вайны 1919–1921 гадоў.

Польска-савецкая вайна

Пасля падзення Расейскай улады і Кастрычніцкага перавароту 1917 года бальшавікі, якія прыйшлі да ўлады, заключылі мірнае пагадненне з Нямецкай імперыяй. Адна з умоваў – страта вялізных тэрыторыяў на ўсходзе(1,21 млн км2, у тым ліку часткі Беларусі і Балтыкі), дзе пражывалі каля 56 млн асобаў. Аднак лістападаўская рэвалюцыя 1918 года ў Нямецкай імперыі прывяла да змены становішча ў рэгіёне, бальшавікі скасавалі ранейшыя дамовы, а 11 лістапада, як жартаваў маршалак Юзэф Пілсудскі, «раптоўна адрадзілася Польшча». Дзякуючы Пілсудскаму ў складзе арміі Аўстра-Вугоршчыны са жніўня 1914 года былі ўтвораныя польскія легіёны, што сталі асноваю для стварэння рэгулярнага Войска Польскага. У лютым 1919 года здарыліся першыя сутыкненні паміж савецкімі і польскімі вайсковымі злучэннямі. Да канца верасня польскія войскі завалодалі большай часткай тэрыторыі Беларусі, а 7 траўня 1920 года войскі Пілсудскага, які да таго заключыў звяз з кіраўніком Украінскай Народнай Рэспублікі Сымонам Пятлюрам, узялі Кіеў. Аднак распачаты бальшавікамі контрнаступ у Беларусі (на чале з Міхаілам Тухачэўскім) і ва Украіне (на чале з Сямёнам Будзённым) прымусіў адыходзіць ажно да Варшавы.

Польскі агітацыйны плакат 1920 года. Крыніца: wikimedia

Прывід «сусветнай рэвалюцыі»

Даведка

Цуд над Віслаю – аналогія з Цудам на Марне, бітвай часоў Першай сусветнай вайны: у верасні 1914 года нямецкія войскі падышлі да сталіцы Францыі, але ў выніку пацярпелі паразу, чым быў парушаны іх стратэгічны план хуткай вайны на Заходнім фронце. Свой унёсак зрабіў і Касцёл, бо на 15 жніўня 1920 года прыпадала свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

11 ліпеня 1920 года брытанскі міністр замежных справаў лорд Джордж Натэньел Керзан накіраваў Савецкай Расеі прапанову мірнай дамовы з усталяваннем межаў на этнаграфічнай лініі пражывання палякаў і непалякаў – г. зв. «лініяй Керзана», якая амаль адпавядае сённяшняй мяжы Беларусі ды Украіны з Польшчай. Але савецкае кіраўніцтва адмовілася, з разліку на «сусветную рэвалюцыю» – спачатку ў Польшчы, пасля ў Нямеччыне. У Смаленску дзеля гэтага ўжо стварылі Часовы рэвалюцыйны камітэт Польшчы, што мусіў пасля захопу Варшавы прыняць уладу і сфармаваць Чырвоную Польскую армію, якая ў выніку налічвала каля тысячы асобаў і ў канцы верасня была расфармаваная ў Бабруйску.

У сваю чаргу праціўнікі Пілсудскага ўнутры краіны стварылі «Раду абароны дзяржавы» і былі гатовыя да мірнай дамовы з бальшавікамі пры пасярэдніцтве заходніх хаўруснікаў. Пілсудскі ж лічыў такія перамовы капітулянцкімі. У найбольш крытычны момант 12 жніўня ён усё ж пастанавіў перадаць свае паўнамоцтвы на карысць прэм’ер-міністра Вінцэнта Вітаса, бо разумеў, што гэта адна з умоваў для большага падтрымання ад краінаў Антанты. Аднак Вітас не прыняў адстаўкі Пілсудскага, а тым часам – з 13 да 25 жніўня – разгарнулася бітва за Варшаву. Да Войска Польскага на той час дадалася вялікая колькасць працоўных і сялянаў, якія, зазначалі Дзяржынскі з Троцкім, не жадалі пераходзіць на бок бальшавікоў, якія неслі ім полымя «сусветнай рэвалюцыі».

Польскі агітацыйны плакат 1920 года. Крыніца: muzeumwp.pl

Бітва за Варшаву

Бальшавіцкія злучэнні дзеялі першыя дні вельмі паспяхова: перарвалі польскую абарону пад Радзымінам і накіраваліся на Прагу і Непорэнт. Але атрымалася так, што адзін іх фланг пасунуўся далёка наперад, а другі адставаў. Менавіта ў гэты момант Пілсудскі пастанавіў накіраваць ударную групоўку ў тыл бальшавікам і контратакаваць.

Да гэтага 15 жніўня дзве дывізіі – 10-ая генерала Люцыяна Жэлігоўскага і 1-ая Літоўска-беларуская генерала Яна Жандкоўскага – стрымалі ворага пад Радзымінам і нават вярнулі страчаныя раней пазіцыі. Каталіцкі канонік Станіслаў Рэмбэк узгадваў: «Мы рушылі ў пагоню за бальшавікамі. Ехалі на Непорэнт і Радзымін. Пад Радзымінам было поўна слядоў бітвы, што нядаўна скончылася. У акопах ляжалі аголеныя трупы бальшавікоў. Нашыя вершнікі білі іх бізунамі».

«Цуд на Віслаю». Аўтар: Ежы Коссак. Крыніца: novayapolsha

16 жніўня на загад Пілсудскага быў нанесены контрудар па аслабленай Мазырскай групоўцы Чырвонай Арміі. Звесткі пра стан савецкіх войскаў былі атрыманыя дзякуючы радыёвыведцы і расшыфраваным паведамленням, гэтым займаўся спецыяльны аддзел шыфравальнікаў на чале з матэматыкам Янам Кавалеўскім. Яшчэ напачатку жніўня Тухачэўскі, развіваючы наступ на Варшаву, прасіў накіраваць яму на падмацаванне войскі, што вялі баі за Львоў. Але своечасоваму перакідванню перашкодзіў Іосіф Сталін, старшыня Рэвалюцыйнага савету Паўднёвага фронту, які разлічваў выкарыстаць гэтыя войскі ў паходзе на Вугоршчыну для аднаўлення там Савецкай Рэспублікі.

У ліку тых, хто ў вызначальны момант перайшоў у контрнаступ пад Варшавай, – атрад пад кіраўніцтвам Станіслава Булак-Булаховіча, што налічваў каля 1,5 тыс. беларускіх добраахвотнікаў. Булак-Балаховіч працягваў паспяхова дзеяць супраць бальшавікоў і 26 верасня нават захапіў Пінск.

Даведка
Станіслаў Булак-Балаховіч. Крыніца: wikimedia

Чырвоная Армія пад націскам Войска Польскага мусіла адступаць да Нёмну і Шчары, каб выкарыстаць для абароны нямецкія ўмацаванні часоў Першай сусветнай вайны. Тут з 20 верасня пачалася «бітва на Нёмне» – аперацыя, што завяршыла разгром Заходняга фронту Чырвонай Арміі і прывяла да паразы Савецкай Расеі ў вайне. Замест «сусветнай рэвалюцыі» Ленін мусіў аддаць загад аб падпісанні Рыжскай дамовы 18 сакавіка 1921 года.

Могілкі польска-савецкай вайны ў Беларусі

На тэрыторыі Беларусі, як зазначае даследчыца Тэрэза Захара, ёсць каля 280 могілак і месцаў пахаванняў польскіх жаўнераў вайны 1919–1921 гадоў, столькі ж прыкладна іх і ва Украіне (напрыклад, у Літве – каля 50, у Латвіі – каля 45). Пры чым гэта даволі розныя пахаванні – як асобныя магілы, так і цэлыя комплексы. Так, у Гомельскай вобласці ў вёсцы Грушаўка ёсць магіла невядомага польскага жаўнера, загінулага ў 1920 годзе, адноўленая ў 2019 годзе на падставе ўспамінаў адной з жыхарак. На Віцебшчыне да ліку найвядомейшых «мясцінаў памяці» вайны 1919–1921 гадоў належыць пахаванне 115 жаўнераў у Глыбокім.

Могілкі жаўнераў вайны 1919-1921 у Глыбокім пасля аднаўленчых працаў. Крыніца: wikimedia

На Меншчыне вялікае пахаванне ёсць у вёсцы Новы Свержань (Стаўбцоўскі раён). Усяго на мясцовых каталіцкіх могілках былі пахаваныя каля 300 жаўнераў, якія загінулі пераважна ў кастрычніку 1920 года, але ў час нацысцкай акупацыі могілкі былі знішчаныя і адноўленыя толькі ў 2006 годзе, калі ўдалося выявіць каля 90 крыжоў. На Магілёўшчыне пахаванне ўдзельнікаў савецка-польскай вайны месціцца ў Бабруйску. Яно размяшчалася побач з капцом, зробленым у чэрвені 1918 года жаўнерамі 1-га польскага корпусу генерала Юзэфа Доўбар-Мусьніцкага, які змагаўся на баку Расеі.

Найбольш пахаванняў часоў вайны 1919–1921 гадоў на тэрыторыі Беларусі маюць Гарадзенская і Берасцейская вобласці. Напрыклад, у Кобрыне 42 пахаванні каля царквы Апосталаў Пятра і Паўла і яшчэ 38 пры парафіяльным касцёле. У апошнім выпадку частка пахаванняў была разбураная пасля закрыцця касцёлу ў 1962 годзе. Храм быў вернуты вернікам толькі ў 1989 годзе, а ў 2000 годзе намаганнямі ксяндза Крыштафа Галэмбеўскага пачалося і аднаўленне могілак, яно завяршылася ў траўні 2002-га.

Язна. Могілкі жаўнераў 1919-1921 да аднаўлення і пасля.
Фота: Тэрэза Захара / cennebezcenne.pl

Да ліку найвядомейшых могілак вайны 1919–1921 года належаць пахаванні ў Берасці, дзе спачывае каля тысячы як польскіх жаўнераў, так і беларускіх добраахвотнікаў Станіслава Булак-Балаховіча. Могілкі былі адрамантаваныя ў 2019 годзе.

Таксама шмат пахаванняў ёсць у Горадні, змаганне за якую актыўна вялося ў час «бітвы на Нёмне» ў верасні 1920 года. Тут каля трох соцень жаўнераў пахаваныя на вайсковых могілках (вул. Белуша), і 153 жаўнеры на Фарных могілках (адноўленыя ў 1991 годзе), яшчэ адна супольная магіла ёсць на францішканскіх могілках у занёманскай частцы. Каля 250 вайскоўцаў былі пахаваныя ў Слоніме на Ружанскіх могілках, дзе спачываюць таксама расейскія і нямецкія жаўнеры Першай сусветнай вайны і чырвонаармейцы.

Ахова польскіх могілак у Беларусі і іх аднаўленне

Пасля Другой сусветнай вайны польская Рада аховы памяці барацьбы і пакутніцтва (Rada Ochrony Pamięci Walk i Męczeństwa) намагалася сачыць за помнікамі, але толькі пасля 1989 года з улікам зменаў у СССР занялася іх інвентарызацыяй. 21 студзеня 1995 года паміж Беларуссю і Польшчай было падпісанае пагадненне «Аб ахове могілак і месцаў памяці ахвяраў войнаў і рэпрэсіяў», якое ўвайшло ў сілу 24 сакавіка 1997 года. Згодна з артыкулам 347 КК РБ за «знявагу трупа або магілы» прадугледжаная крымінальная адказнасць, у т. л. у дачыненні супольнай магілы ці магілы абаронца Айчыны – арыштам ці абмежаваннем волі да 5 гадоў з пазбаўленнем правоў на той жа тэрмін. Многія з пахаванняў вайны 1919–1921 года маюць пазнаку «культурная каштоўнасць» і застаюцца пад абаронай Рэспублікі Беларусь. У гэтым, напрыклад, розніца іх з пахаваннямі жаўнераў Арміі Краёвай, значная колькасць якіх ужо была знішчаная. Аднак для мясцовых чыноўнікаў гэтыя розніца можа быць невідавочнай, у гэтым паказальны прыклад Ваўкавыску. Тут пасля навінаў пра знішчэнне помнікаў АК праскочыла згадка і пра магчымую пагрозу могілкам жаўнерам 1920 года.

Могілкі жаўнераў вайны 1919-1921 у Брэсце пасля аднаўленчых працаў. Крыніца: Pomoc polakom na Wschodzie

Пасля падпісання дамовы ў студзені 1995 года Польшча спачатку праз Раду аховы, а з 1 жніўня 2016 года праз сваё Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны актыўна фінансавала рамонт помнікаў, што за савецкі час паспелі значна заняпасці. Напрыклад, у 2019 годзе польскае міністэрства выдаткавала сродкі на аднаўленне 14 вайсковых могілак і пахаванняў удзельнікаў вайны 1919–1921 года на тэрыторыі Беларусі. У 2021 годзе на працы для падтрымання або рамонт могілак жаўнераў савецка-польскай вайны далі больш чым 2 млн злотых (каля 457 тыс. долараў). Былі дадзеныя сродкі і на 2022 год.

Штогод прадстаўнікі Саюзу палякаў на Беларусі наведваюць гэтыя пахаванні. Сярод актыўных дзеячаў папулярызацыі польскіх «мясцінаў памяці» ў Беларусі – Анджэліка Борыс і Анджэй Пачобут, якія ўжо больш за год трымаюцца рэжымам Лукашэнкі за кратамі.

Hавiны
Навошта ўладам разбураць польскія могілкі ў Беларусі? Спыталі гісторыка Фрыдмана
2022.07.23 18:17

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў