«Спачатку смяюцца, а потым просяць нумар». Пагаварылі з адзінай дзяўчынай, якая гуляла на Кубку Івуліна


Кубак Івуліна ў Варшаве
Футбалістка Ілона Зянюк на Кубку Івуліна. Варшава, Польшча. 14 жніўня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

14 жніўня ў Варшаве на першым спаборніцтве аматарскіх камандаў у гонар зняволенага журналіста і футбаліста Аляксандра Івуліна на полі ў складзе каманды «Белыя зубры» выйшла адзіная на турніры футбалістка. Ілона Зянюк у мінулым выступала за моладзевую жаночую зборную па футболе, але ў 2020 годзе з’ехала з Беларусі. На просьбу «Белсату» дзяўчына распавяла пра гульню з мужчынамі, жыццё ў Польшчы і галоўную праблему беларускага жаночага футболу.

Футболам я пачала займацца ў адной са спартовых школаў Ліды. У 15 гадоў мяне ўзялі ў каманду «Вікторыя» (Воранава), дзе гулялі дарослыя жанчыны гадоў трыццаці. Там мяне заўважыў трэнер каманды «Нёман-Белкард» (Горадня) і паклікаў гуляць у дублёрскім складзе.

Падчас гульні ў Менску на мяне звярнуў увагу трэнер моладзевай зборнай U-15. Я прайшла адбор і пачала гуляць там. Пазней трапіла ў U-17, потым у U-19. Паралельна выступала за «Белкард» – і вучылася ў політэхнічным каледжы. Спалучаць гэта ўдавалася, бо я і футбалістка, і дзяўчынка: як толькі спартовае спаборніцтва – мяне выстаўляюць як узор.

Кубак Івуліна ў Варшаве
Ілона Зянюк падчас гульні за каманду «Белыя зубры».
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

У сям’і ганарыліся, што я гуляю ў футбол, гэтым можна было дзесьці пахваліцца, але потым мне казалі: «Найграешся, супакоішся».

У 18 гадоў я пайшла з футболу праз доўгае аднаўленне пасля траўмы калена. Другая праблема была ў галаве. Мне доўгі час унушалі, што футболам не заробіш – гэтым займаліся нават трэнеры. У нас ніхто не верыў. Мы ездзілі на адборачныя матчы чэмпіянату Еўропы, гулялі супраць Іспаніі і Партугаліі. Нас адразу рыхтавалі да пройгрышу, прасілі прынамсі мяшок не прывезці – гэта значыць, не прапусціць дзесяць галоў. Так, гэта моцныя каманды, але матывацыя гучыць не так.

«Футбол – гэта хвароба»

Я працавала то ў турагенцтве, то ў банку, то ў краме красовак. Пачала займацца міні-футболам, але хутка зразумела, што жаночы футбол надакучыў. З хлопцамі цікавей: яны мацнейшыя, як ні круці. У мяне было шмат знаёмых былых футбалістаў з «Нёмну» ды іншых камандаў, якія клікалі пагуляць: яны не бегаюць, а качаюць мяч, у іх усё на перадачах, тэхніцы, тактыцы. Пачала прыходзіць на трэнаванні, гульні.

У 2020-м я ўдзельнічала ў маршах, мне прыйшла позва – і ў лістападзе я з’ехала ў Польшчу. Спачатку працавала на заводзе ў Лодзі, але потым змеркавала пераехаць у Гданьск, каб быць бліжэй да мора. Цяпер працую ў інтэрнэт-краме і падзарабляю ў бары.

Кубак Івуліна ў Варшаве
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Аднойчы на вечарынцы пазнаёмілася з хлопцам, футбольным фанатам. Ён сказаў, што ў Гданьску ёсць кам’юніці беларусаў, якія збіраюцца і гуляюць, каб выпусціць пару, а не піўцо піць. Я адразу спытала, ці возьмуць дзяўчынку. Ён паабяцаў спытаць, а потым скінуў іхную групу ў «Тэлеграме». Схадзіла, яны паглядзелі, сказалі, што нармальна гуляю, – і стала перыядычна прыходзіць.

Неяк нас паклікалі гуляць супраць палякаў, там пабачылі, што нядрэнна гуляю і мяне паклікалі ў адну са змяшаных камандаў (у Гданьску ёсць турніры, дзе ў камандзе на пяць ці сем хлопчыкаў дзве дзяўчынкі). Мне прыкольна прыйсці з мужчынамі пабегаць, мне гэта вельмі падабаецца, гэта крыху хвароба. Калі ёсць вольны дзень, я яго аддам на тое, каб пагуляць у футбол. Магу праходзіць міма пляцоўкі, дзе гуляюць, пытаюся: «Хлопакі, могэ з вамі?». Яны: «Ха-ха, ну давай, калі пацягнеш». Выходжу, а яны потым «Дасі нумар? Будзеш з намі гуляць?». У мяне кантакты розных групаў палякаў, мяне пастаянна выклікаюць.

«Мужчынскі і жаночы футбол адрозніваюцца тым, колькі грошай у іх укладаюць»

Мужчынскі футбол адрозніваецца ад жаночага хуткасцю, а таксама тым, што ў яго гуляе больш людзей. Многія хлопчыкі раней гулялі ў спартовых школах, у іх найграныя схемы, тактыкі. Мяне гэтаму навучылі – і я магу гэта з імі выкарыстоўваць. У жаночым футболе яны таксама працуюць, але якія дзяўчаты там збіраюцца?

Выкажу здагадку, што мужчынскі і жаночы футбол, па сутнасці, адрозніваюцца толькі масавасцю і тым, колькі грошай у кожны з іх укладаюць.

Кубак Івуліна ў Варшаве
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

І ў жаночым, і ў мужчынскім футболе не ўмею гуляць корпусам, я не жорсткая, а гэтаму неабходна навучыцца – якая б тэхніка ні была, я проста буду прайграваць, бо не ўмею, напрыклад, прыкрыць мяч, калі супернік ззаду.

У мяне куміраў у футболе не было, больш падабалася назіраць за тэхнікай, за тым, як каманда працуе як арганізм. Нават каманды падабаліся розныя – у залежнасці ад сезону і тактыкі. Адзін год – дортмундская «Барусія», другі – «Зеніт», а праз год – «Арсенал». Цяпер мне падабаецца мая каманда. З гульцоў падабаўся Жэрар Піке з «Барсэлоны» (але гэта вонкавы склад), а з жанчын – Мэган Рапінаў і Надзея Карпава. Але нават у камандах, у якіх я гуляла, было шмат футбалістаў, на якіх хацелася раўняцца.

«Раскажы пра свае планы на жыццё – і дай Лукашэнку пасмяяцца»

Мне шкада, што ў Беларусі ўсё так адбываецца. Гэта абсурдна і несправядліва. Жыць там – гуляць у нейкую латарэю: можна хадзіць на маршы з кімсьці, потым адзін трапіць [у турму], а другі не. Трапляючы ў цывілізаванае грамадства, дзе людзі выказваюць меркаванне, мне становіцца крыўдна. Безумоўна, Саша Івулін ды іншыя палітычныя зняволеныя выйдуць, але месца, у якім яны цяпер, іх памяняе.

Кубак Івуліна ў Варшаве
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Гэты турнір дапамагае трымаць на плаве наш настрой, што ўлада мусіць мяняцца. Лёгка казаць з-за мяжы, але калі там не могуць падтрымліваць [рэпрэсаваных], мы можам усімі спосабамі рабіць гэта тут. Мяне асабіста на плаве падтрымліваюць захапленні і свядомасць таго, што якія б погляды і перавагі ў мяне ні былі, галоўнае заставацца добрым чалавекам. Пасля жыцця ў Беларусі я зразумела, што складана будаваць нешта доўгатэрміновае. Раскажы пра свае планы на жыццё – і дай Лукашэнку пасмяяцца.

У Польшчы мне добра. Але хацелася б дадому.

  • Папулярнага журналіста і гульца футбольнага клубу «Крумкачы» Аляксандра Івуліна затрымалі ў чэрвені 2021 года. Першапачаткова яму прысудзілі 30 содняў арышту паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў пратэстах у Менску, якія ён асвятляў як журналіст. У перадапошні дзень арышту Івуліна абвясцілі падазраваным у крымінальнай справе, а 9 ліпеня звінавацілі ў арганізацыі «дзейнасці, відавочна накіраванай на парушэнне грамадскага парадку». 19 студзеня 2022 года Івуліна асудзілі на два гады няволі.

Ян Лісіцкі / ІР belsat.eu

Стужка навінаў