Польская памежная ахова: беларускія памежнікі пілуюць «балгаркамі» дзіры ў плоце і прапускаюць мігрантаў


Польскія памежнікі абвінавачваюць беларускі бок у пашкоджанні жалезнай агароджы, узведзенай на польска-беларускай мяжы дзеля абароны ад нелегальнай міграцыі, паведаміла прадстаўніца Памежнай аховы Польшчы Анна Міхальска.

Плот на польска-беларускай мяжы.
Фота: AFP

Затрыманыя на польскім баку мігранты распавялі, што супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў падводзяць іх да мяжы, а таксама дапамагаюць перайсці праз плот. Пакуль мігранты чакаюць у кустах, памежнікі з дапамогай адмысловых інструментаў – вуглавых шліфмашынаў («балгарак»), спецыялізаваных фрэзаў і прафесійных працоўных пальчатак – робяць у плоце прарэзы. Праз іх потым прапускаюць 2–5 асобаў, а на забалочаных тэрыторыях нават большыя групы.

Тым не менш, паводле Анны Міхальскай, колькасць мігрантаў, якія спрабуюць незаконна перайсці беларуска-польскую мяжу, значна скарацілася ў параўнанні з мінулым годам (з 800 да 80 за содні), што гаворыць пра тое, што пабудова плоту акупляецца.

Hавiны
Мігранты з Усходу спрабуюць па драбінах пералезці праз плот на мяжы Беларусі і Польшчы
2022.07.08 21:15

З пачатку 2022 года польскія памежнікі зарэгістравалі 7401 спробу незаконнага пераходу беларуска-польскай мяжы.

30 чэрвеня Польшча паведаміла, што скончыла на мяжы з Беларуссю будаўніцтва сталёвай агароджы даўжынёй 186,25 км. Кошт праекту ацэньваецца на 353 млн еўраў.

Цяпер на польска-беларускай мяжы ўзводзяць электронны бар’ер даўжынёй 202 км. Ён будзе абсталяваны камерамі, сэнсарамі руху, інфрачырвонымі цеплавізарамі і сістэмай выяўлення вібрацыяў. Новая агароджа мусіць быць гатовая ў сярэдзіне верасня.

Агульны кошт металічнага і электроннага плоту – 1,6 млрд злотых.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў