Колькі мірных жыхароў загінула ва Украіне з пачатку вайны?


Belsat.eu сабраў усю інфармацыю пра страты сярод цывільнага насельніцтва за амаль шэсць месяцаў вялікай вайны паміж Расеяй і Украінай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alkis Konstantinidis / Reuters / Forum

Управа вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека (OHCHR) станам на 8 жніўня заяўляла пра 5401 пацверджаны выпадак гібелі цывільных асобаў ва Украіне. Сярод іх: 2081 мужчына, 1420 жанчын, 147 дзяўчынак і 169 хлопчыкаў (полу 38 дзяцей і 1545 дарослых пакуль не ўдалося вызначыць). Яшчэ 7466 мірных жыхароў, паводле падлікаў ААН, былі параненыя. У OHCHR паведамляюць, што самыя страшныя страты мірнае насельніцтва Украіны панесла ў сакавіку – тады былі афіцыйна зафіксаваныя 3144 смерці.

Спавешчанне OHCHR наконт Украіны. Крыніца – ukraine.un.org

З красавіка да ліпеня страты сярод цывільных штомесяц зніжаліся – 674, 457, 368 і 357 забітых адпаведна. У асноўным людзі гінуць і атрымліваюць раненні ў выніку выкарыстання зброі выбуховага дзеяння з вялікаю зонаю паражэння, у тым ліку ў выніку абстрэлаў з цяжкай артылерыі і рэактыўных сістэмаў залпавага агню, а таксама ракетных і авіяцыйных удараў. Больш за палову ўсіх ахвяраў, звесткі пра якія сабралі ў OHCHR, прыпадае на Данбас – 7254 забітых і параненых. Асноўныя страты ў выніку баявых дзеянняў там нясуць мірныя жыхары на падкантрольных Украіне тэрыторыях – 2938 забітых і 2969 параненых. На падкантрольных Расеі ўкраінскіх тэрыторыях загінулі 269 цывільных, 1078 атрымалі раненні. Ува ўсіх іншых рэгіёнах Украіны эксперты ААН зафіксавалі 5613 выпадкаў гібелі і раненняў цывільных. Пры гэтым звесткі ААН варта ўспрымаць хутчэй як мінімальную ацэнку – рэальныя страты значна вышэйшыя.

«OHCHR мяркуе, што рэальныя лічбы значна вышэйшыя, бо шмат якія паведамленні з месцаў, дзе такія выпадкі былі, па-ранейшаму патрабуюць дадатковага пацверджання, у той час як атрыманне інфармацыі з некаторых месцаў, дзе працягваюцца баявыя дзеянні, затрымліваецца.

Гэта датычыць, напрыклад, такіх населеных пунктаў, як Марыупаль (Данецкая вобласць), Ізюм (Харкаўская вобласць), Лісічанск, Папасная і Севераданецк (Луганская вобласць), дзе, паводле паведамленняў, мелі месца шматлікія выпадкі гібелі ці ранення цывільных асобаў», – адзначаецца ў справаздачы ААН.

Аналітыка
Дзясяткі тысяч загінулых і параненых. Якія страты зазналі Украіна і Расея з пачатку вайны?
2022.07.20 08:42

Ад Бучы да Харкаўшчыны: страты ў асобных рэгіёнах

Улады Украіны не публікуюць агульных лічбаў стратаў сярод цывільнага насельніцтва, але часам даюць лічбы для асобных рэгіёнаў. Напрыклад, пасля вызвалення ўкраінскімі войскамі Кіеўскай вобласці ў пачатку красавіка стала вядома пра шматлікія ваенныя злачынствы на акупаваных тэрыторыях. Найбольш жахлівыя звесткі прыходзілі з Бучы: паводле відавочцаў, горад быў проста «засеяны трупамі». Мірных жыхароў забівалі стрэлам у патыліцу, у некаторых былі звязаныя рукі. Усяго, паводле мясцовых уладаў, у Бучы за час акупацыі загінулі 458 мірных жыхароў, прычым 419 з іх былі застрэленыя або памерлі ад катаванняў.

Гісторыі
Пыталіся ў людзей: «Дзе бандэраўцы? Дзе зброя? У якую царкву ходзіце?» Пра тэрор у Бучы і Барадзянцы
2022.04.08 19:09

У паліцыі Кіеўшчыны 17 ліпеня распавялі, што агулам у вызваленых паселішчах знойдзеныя целы 1346 цывільных асобаў. Большасць з іх была забітая з агнястрэльнай зброі. Прычым у паліцыі падкрэсліваюць, што лічба не канчатковая, бо праваахоўнікі дагэтуль працягваюць знаходзіць «усё новыя і новыя целы пахаваных людзей». Яшчэ каля 300 чалавек у Кіеўскай вобласці лічацца зніклымі без вестак. У Чарнігаве ў канцы сакавіка мясцовыя ўлады ацэньвалі страты сярод цывільных у выніку расейскіх абстрэлаў у больш як 350 забітых. Пракуратура Кіева ў ліпені заяўляла, што ад пачатку вайны ва ўкраінскай сталіцы загінулі больш за 100 мірных гараджанаў і звыш 420 атрымалі раненні. Што праўда, раней, 19 сакавіка, мясцовая адміністрацыя заяўляла пра гібель у Кіеве 228 асобаў, а яшчэ 912 атрымалі раненні (магчыма, сюды былі ўключаныя не толькі цывільныя).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Забітыя мірныя жыхары пасля сыходу расейскіх войскаў на трасе за 20 км ад Кіева.
Фота: Белсат

У жніўні Харкаўская абласная пракуратура паведаміла, што ў выніку расейскай агрэсіі на тэрыторыі Харкава і вобласці загінулі (у асноўным ад абстрэлаў) больш за 1000 цывільных асобаў, а параненыя ўдвая больш.

Ахвяры сярод дзяцей

Часам прадстаўнікі некаторых украінскіх ведамстваў рабілі заявы і наконт агульных чалавечых стратаў ува ўсёй краіне. Напрыклад, на чацвёрты дзень вайны, 27 лютага, у МУС Украіны заявілі, што ў выніку баявых дзеянняў загінулі 352 цывільныя асобы і яшчэ 1684 атрымалі раненні. А 23 траўня генеральная пракурорка Украіны Ірына Вэнэдзіктава паведаміла, што колькасць дакументальна пацверджаных ахвяраў сярод мірнага насельніцтва дасягнула 4600 чалавек. Прыкладна тыя ж лічбы ў траўні давалі ў ААН.

Акрамя таго, Офіс генеральнага пракурора Украіны рэгулярна агучвае звесткі пра загінулых і параненых дзяцей. Гэтак, станам на 15 жніўня ва Украіне загінула 361 дзіця, 71 атрымала раненні. Найбольш пацярпелі дзеці ў Данецкай вобласці, на Харкаўшчыне і Кіеўшчыне. Зноў-такі гэтыя звесткі фактычна супадаюць з інфармацыяй ААН (OHCHR паведамляе агулам пра 351 забітае дзіця, але іх апошняя справаздача была апублікаваная на тыдзень раней). Звесткі Офісу генеральнага пракурора маюць той жа недахоп, што і звесткі ААН – яны не ўключаюць у сябе інфармацыі з акупаваных Расеяй тэрыторыяў, бо іх немагчыма цалкам задакументаваць у цяперашніх умовах. Імаверна, акурат там, перш за ўсё ў Марыупалі, адбывалася самая масавая гібель цывільных. Яшчэ 11 красавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ў выніку баявых дзеянняў у Марыупалі загінулі дзясяткі тысяч чалавек.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзеці ў Барадзянцы гуляюць побач са шматкватэрнымі дамамі, разбуранымі расейскімі войскамі.
Фота: I-Images / Zuma Press / Forum

Марыупальскае пекла

Марыупаль трапіў у аблогу 3 сакавіка, а апошні асяродак супраціву, камбінат «Азоўсталь», паў толькі 16 траўня. Расейскія войскі ўвесь гэты час няспынна бамбілі і абстрэльвалі горад з цяжкой зброі. Паводле ААН, было пашкоджана 90 % жылых шматпавярховых дамоў, што непазбежна мусіла прывесці да шматтысячных ахвяраў. Толькі ў выніку расейскага авіяўдару па драматычным тэатры ў Марыупалі 16 сакавіка маглі загінуць ад 300 да 600 цывільных асобаў. Яшчэ 24 красавіка, то бок да поўнага захопу гораду, мэр Марыупалю Вадзім Бойчанка заявіў, што ў выніку расейскай агрэсіі загінулі больш за 20 тыс. мірных жыхароў. 8 траўня Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны ў правах чалавека Людміла Дэнісава заявіла, што лічба чалавечых стратаў у Марыупалі будзе значна большаю за 20 тыс. 25 траўня дарадца марыупальскага мэра Пётр Андрушчанка казаў пра 22 тыс. забітых і пры гэтым не выключаў, што канчатковая лічба можа быць яшчэ вышэйшаю. Камандзір палка «Азоў» Святаслаў Паламар незадоўга да спынення абароны «Азоўсталі» наогул ацэньваў чалавечыя страты ў Марыупалі ў 25 тыс. Акрамя таго, ёсць інфармацыя, што праз гуманітарную катастрофу ў разбураным горадзе рэзка вырасла колькасць негвалтоўных смерцяў.

«У перыяд з лютага да красавіка на Марыупаль прыйшлася найбольшая колькасць смерцяў на тэрыторыі Украіны», – заявіла Вярхоўная камісарка ААН Мічэль Бачэле ў чэрвені.

У ААН канстатуюць, што целы загінулых хавалі ў імправізаваных індывідуальных і брацкіх магілах у дварах, на вуліцах і ў парках, а таксама ў кінутых дамах і кватэрах. Шмат якія ахвяры не пахаваныя дагэтуль. Разам з тым OHCHR станам на сярэдзіну чэрвеня пацвярджала гібель толькі 1348 цывільных у Марыупалі. Але ў сваіх справаздачах эксперты самі прызнаюць, што наконт Марыупалю не маюць поўных звестак і што рэальныя лічбы могуць быць значна вышэйшымі. Мяркуючы з усяго, вялікія страты таксама зазнала цывільнае насельніцтва Севераданецку і Лісічанску – у траўні-чэрвені гэтыя гарады былі самай гарачай зонай расейска-ўкраінскай вайны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Знішчаны Марыупаль.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Першы абстрэл Севераданецку, дзе да вайны жылі 110 тыс. чалавек, адбыўся яшчэ 1 сакавіка. З цягам часу бамбаванне рабілася ўсё больш сканцэнтраваным – пад удары траплялі школы, дзіцячыя садкі, лякарні і святыні. У выніку няспынных расейскіх абстрэлаў была знішчаная амаль уся крытычная інфраструктура гораду і больш за ⅔ жылога фонду, 90 % будынкаў атрымалі пашкоджанні. Знікла сувязь, вада, газ і электрычнасць. 30 траўня ў горад увайшлі расейскія падраздзяленні і пачаліся вулічныя баі, якія скончыліся толькі ў канцы чэрвеня. Горад быў зруйнаваны і «фактычна вярнуўся ў сярэднявечча», як адзначалі мясцовыя ўлады.

Тое самае адбылося з Лісічанскам, які ўкраінскія вайскоўцы пасля жорсткіх баёў былі вымушаныя пакінуць 3 ліпеня. Кіраўнік гарадской адміністрацыі Аляксандр Струк яшчэ напрыканцы траўня казаў пра 1500 забітых у Севераданецку цывільных. Пасля інтэнсіўных вулічных баёў у чэрвені гэтая лічба мусіла істотна вырасці. Наконт стратаў цывільных у Лісічанску няма нават папярэдніх ацэнак.

*** Аналіз стратаў украінскай і расейскай арміі за час поўнамаштабнай вайны можна знайсці тут.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў