Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 15 жніўня


Штодня ў Беларусі працягваюцца палітычна матываваныя затрыманні і суды. «Белсат» традыцыйна напрыканцы дня робіць агляд чарговых выпадкаў пераследу беларусаў.

15 жніўня ў Гарадзенскім абласным судзе распачаўся суд над журналістам Дзянісам Івашыным, затрыманым увесну 2021 году. Яго абвінавачваюць ва ўмяшальніцтве ў працу супрацоўніка праваахоўных органаў і ў здрадзе дзяржаве. Суд праходзіць у закрытым рэжыме. Дзянісу пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.

Артыкулы
Як прайшоў першы дзень суда над палітзняволеным журналістам Дзянісам Івашыным
2022.08.15 20:48

У Менску быў затрыманы менеджар рэстарана «Макдональдс» Дзяніс Ландычанка. Паводле праўладных крыніцаў, 23-гадовы хлопец быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і рабіў з іх рэпосты.

Аляксандр Кухарэнка.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Стала вядома, што 34-гадовага архітэктара і музыку Аляксандра Кухарэнку адправілі на «содні» за рэпост відэа пра расследаванне забойства Рамана Бандарэнкі. Кухарэнку затрымалі 2 жніўня ў Менску, а судзілі 4 жніўня ў судзе Маскоўскага раёну Менску. Аляксандр на судзе прызнаў сваю віну і пацвердзіў, што ў верасні 2021 года размясціў спасылку на «BYPOL» і не выдаліў яе пасля таго, як канал прызналі «экстрэмісцкім».

У выніку суддзя Таццяна Мотыль прызнала Кухарэнку вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП РБ («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») і арыштавала мужчыну на 10 содняў.

Яўген Кіслейка.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

35-гадоваму палітвязню Яўгену Кіслейку ўзмацнілі рэжым утрымання і адправілі з «хіміі» у калонію. Яўгена асудзілі на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») за абразлівы каментар пра міністра ўнутраных справаў Кубракова паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу («Пагроза гвалтам у дачыненні да прадстаўніка органаў унутраных справаў»). З 9 верасня 2021 года Яўген адбываў тэрмін у менскай ПУАТ-36. Цяпер над палітвязнем адбыўся суд па ўзмацненні рэжыму. Перад этапам у калонію Яўген будзе знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Мікіта Паляонак.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Віцебскім абласным судзе 15 жніўня агучылі прысуд 28-гадоваму палітзняволенаму Мікіце Паляонку – чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 368 («Абраза прэзідэнта»), арт. 369 («Абраза прадстаўнікоў улады»), ч. 3 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім»), ч. 1 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»).

Ігар Казмярчак.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Раніцай 15 жніўня супрацоўнікі аршанскай міліцыі прыйшлі да маці грамадскага актывіста і праваабаронцы Ігара Казмерчака, паведаміўшы, што хочуць правесці агляд памяшкання, у якім раней жыў Казмярчак. Таксама былі апытаныя ягоныя ранейшыя суседзі. На аршанскага праваабаронцу напрыканцы красавіка 2022 года была заведзеная крымінальная справа па падазрэнні яго ў абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК РБ). Падставаю для пераследу стаў каментар у адным з відэаролікаў, якія актывіст здымаў ва Украіне. Сам Ігар даведаўся пра новую крымінальную справу ўжо за мяжой.

Пасля тыднёвага перапынку 15 жніўня аднавіўся суд над «вясноўцамі» Марфай Рабковай, Андрэем Чапюком і яшчэ васьмю палітвязнямі. Верагодна, пачаліся спрэчкі бакоў. Разгляд справы ў закрытым рэжыме распачаўся 25 красавіка. Палітвязняў агулам абвінавачваюць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэксу. У справе 160 тамоў. Па падліках праваабаронцаў, 15 жніўня адбылася ўжо 60-е паседжанне.

12 жніўня ў Менскім абласным судзе быў агучаны вырак Івану Супрунчыку. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 13 КК РБ («Падрыхтоўка да злачынства»), ч. 3 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы») і ч. 1 арт. 179 («Незаконны збор ці распаўсюд інфармацыі пра асабістае жыццё) і асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Згодна з абвінавачаннем, Супрунчык перадаў адміністратарам «дэструктыўнага» тэлеграм-каналу інфармацыю пра асабістае жыццё блізкага сваяка супрацоўніка міліцыі.

Суд Ленінскага раёну Магілёва асудзіў мясцовага жыхара, дальнабойшчыка Сяргея Цыгібу да трох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў 250 базавых велічыняў. Справу разглядала суддзя Алена Літвіна.

Адзінай прычынай для такога пакарання стаў лайк у «Аднакласніках». Паводле матэрыялаў справы, у верасні 2021 года Сяргей гартаў стужку навінаў у сацсетцы і ўбачыў відэа «Мент-паліцай, які атрымае 2 пажыццёвыя тэрміны». Ён паставіў «клас», у выніку чаго відэа адлюстравалася ўжо на асабістай старонцы Цыгіба ў «Аднакласніках».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў