Еўразвяз і 42 краіны заклікалі Расею пакінуць тэрыторыю Запарожскай АЭС


Дэлегацыя Еўразвязу выпусціла супольную заяву наконт сітуацыі на Запарожскай АЭС, у якой заклікае Расею пакінуць тэрыторыю станцыі.

Запарожская АЭС.
Фота: 24 канал

«Прысутнасць расейскіх ваенных сілаў на Запарожскай атамнай электрастанцыі перашкаджае аператару і ўкраінскім уладам выконваць свае абавязанні ў ядравай і радыяцыйнай бяспецы згодна з міжнароднымі канвенцыямі і нормамі бяспекі МАгАтЭ, а таксама перашкаджае МАгАтЭ ажыццяўляць свой гарантыйны мандат.

Мы заклікаем Расейскую Федэрацыю неадкладна вывесці свае ўзброеныя сілы і ўвесь іншы несанкцыянаваны персанал з Запарожскай атамнай электрастанцыі, яе найбліжэйшага наваколля і ўсёй тэрыторыі Украіны, каб аператар і ўкраінскія ўлады маглі аднавіць выкананне сваіх суверэнных абавязкаў у межах міжнародна прызнаных межаў Украіны, а законны абслугоўнік мог выконваць свае абавязкі без вонкавага ўмяшання, пагрозаў ці непрымальна цяжкіх умоваў працы. Гэта таксама дазволіць МАгАтЭ правесці правяранне згодна з гарантыйнымі абавязаннямі Украіны ў бяспечных і надзейных умовах ды своечасова.

Мы цалкам падтрымліваем працу МАгАтЭ і яго Генеральнага дырэктара, скіраваную на спрыянне Украіне ў галіне ядравай бяспекі і на забеспячэнне гарантыяў падчас агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны, паважаючы пры гэтым поўны суверэнітэт Украіны», – гаворыцца ў заяве.

Таксама ў заяве сказана, што міжнародная супольнасць ускладзе на Расею адказнасць за яе агрэсію і што Расея мусіць несці поўную адказнасць за свае незаконныя дзеянні ва Украіне.

Аб’ектыў
«Гэта можа быць яшчэ адзін Чарнобыль ці яшчэ горш». Запарожская АЭС, магчыма, замінаваная
2022.08.06 23:21

Заяву падпісалі Еўразвяз, ЗША, Аўстралія, Аўстрыя, Бельгія, Балгарыя, Канада, Харватыя, Кіпр, Чэшская Рэспубліка, Данія, Эстонія, Фінляндыя, Францыя, Грузія, Грэцыя, Вугоршчына, Нямеччына, Ісландыя, Ірландыя, Італія, Японія, Латвія, Ліхтэнштэйн, Літва, Люксембург, Мальта, Чарнагорыя, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Паўночная Македонія, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Паўднёвая Карэя, Малдова, Румынія, Славаччына, Славенія, Іспанія, Швецыя, Турцыя і Вялікая Брытанія.

У суботу, 13 жніўня, мэр Энэргадару Дмытро Арлоў заявіў, што расейскія вайскоўцы зноў абстрэльваюць ваколіцы Запарожскай АЭС. Апошнім тыднем сітуацыя вакол Запарожскай АЭС абвастрылася.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў