«Яшчэ адзін трывожны сігнал». Брытанская журналістка, якая раззлавала Лукашэнку, распавяла пра абставіны высылкі з Расеі

Карэспандэнтка BBC Сэра Рэйнсфард падчас «Вялікай размовы» Аляксандра Лукашэнкі. 9 жніўня 2021 года. Відэа: АТН

Журналістка BBC Сэра Рэйнсфард, якой улады Расеі загадалі да канца месяца пакінуць краіну, распавяла ў размове з выданнем пра абставіны сваёй высылкі.

Сэра Рэйнсфард адзначыла, што «так ці інакш» пражыла ў Расеі траціну свайго жыцця.

«Мяне высылаюць – гэта не адмова падоўжыць маю візу, хоць тэхнічна гэта выглядае так. Мяне высылаюць, і мне сказалі, што я ніколі не змагу вярнуцца», – распавяла журналістка.

На яе думку, гэтая высылку з’яўляеца відавочнай прыкметай таго, «што сітуацыя змянілася».

«Гэта яшчэ адзін трывожны сігнал аб стане спраў у Расеі і яшчэ адзін крок у бок пагаршэння стасункаў Расеі з вонкавым светам – сігнал, што Расея ўсё больш адгароджваецца», – адзначыла Сэра Рэйнсфард.

Расея вышле журналістку BBC, якая пытала Лукашэнку пра ягоную легітымнасць

Журналістка была на «Вялікай размове» Аляксандра Лукашэнкі 9 жніўня. Яна пытала Лукашэнку пра легітымнасць пасля рэпрэсіяў, затрымання 40 тысяч чалавек, катаванняў затрыманых, шасці сотняў прызнаных палітвязнямі.

Лукашэнка адказаў, што «легітымнасць – гэта вынік выбараў». Ён спытаў у брытанскай журналісткі, колькі зняволеных у ЗША, назваў Брытанію «прыхваснем Амерыкі», які «танчыць пад амерыканскую дудку» і абвінаваціў ЗША і Брытанію ў тым, што яны «калолі жываты нашым вайскоўцам». Брытаніі ён сказаў «падавіцца санкцыямі». Ёй таксама прапанавалі паглядзець прапагандысцкі фільм БТ.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны