Што агульнага ў габрэяў саракавых гадоў мінулага стагоддзя і беларусаў цяперашняга


Чаму самі беларусы шмат у чым дапамагаюць прапагандзе? Чаму ўпарта вінавацяць у тым, што адбываецца, не рэальнага вінаватага беларускай бяды, а сваіх жа суграмадзян? Для belsat.eu піша Міхаіл Кірылюк.

Уявіце сабе гета 1943-га ў Нямеччыне. Печы гета працуюць напоўніцу. А тым часам у сацыяльнай сетцы таго часу – самвыдаце – габрэі пішуць адзін аднаму аб тым, што:

– так табе і трэба, сам вінаваты;

– калі ты баязлівы настолькі, што не гатовы ўторкнуць гестапаўцу відэлец у вока, значыць слушна яны робяць, што цябе забіваюць;

– не трэба было ісці ў гета, трэба было ўпіцца зубамі ў шыю жаўнеру;

– яны спальваюць вас – трэба было самім іх спальваць;

– вас папярэджвалі, што трэба з’язджаць, а калі вы засталіся – ну, не жальцеся.

І ўсё гэта замест словаў суцяшэння і падбадзёрвання.

Меркаванні
Крэмль сам выганяе беларусаў са сваёй сферы ўплыву
2021.07.25 11:42

Немагчыма такое ўявіць, праўда? Але чамусьці ў Беларусі ў 2021 годзе мы часта такое бачым. Што наогул агульнага ў габрэяў саракавых гадоў мінулага стагоддзя і беларусаў цяперашняга?

1. І габрэі і беларусы былі бяззбройныя.

2. І габрэі і беларусы не мелі ўладных структураў, якія абараняюць іхнія інтарэсы.

3. І ў габрэяў і ў беларусаў нацыянальная мова была ў працяглым (больш за сто гадоў) заняпадзе.

4. Чалавек, які размаўляў на беларускай мове ў 2020 годзе ў Беларусі, часта ўспрымаўся як чалавек з габрэйскай знешнасцю ў фашысцкай Нямеччыне – «лепш трымацца ад яго чым далей, бо як бы ліха на сябе не наклікаць».

5. У Нямеччыне і Беларусі кіроўныя пасады ў сілавых структурах займалі людзі з адкрыта антысеміцкай / антыбеларускай псіхалогіяй і культурай.

6. І габрэі і беларусы сотні гадоў жылі побач з народам, чыя вайсковая і эканамічная моц шматкроць пераўзыходзіла іхнюю, і якому аб’ектыўна не маглі аказаць супраціў.

7. Як многія габрэі, так і многія беларусы былі асіміляваныя настолькі, што адмаўлялі сваю нацыянальную ідэнтычнасць – дзеля выгады альбо каб пазбегчы пераследу.

8. Як да беларусаў, так і да габрэяў у вядомага вайсковай сілай суседа было стаўленне:

  • да народа – як да непаўнавартаснага,
  • да мовы – як да выдуманай,
  • да культуры – як да творчасці прымітыўных абарыгенаў,
  • да дзяржаўнасці – як да гістарычнай памылкі.

9. Як у габрэяў, так і ў беларусаў гэты сусед адмаўляў сам факт іхняга існавання, дзяржаўнасці, права карыстацца сваёй моваю, мець асобную тэрыторыю і незалежны ўрад.

Акцыя, пратэсты, мітынг. Калаж з фота: Анастасія Цыбульская / Белсат

Маштаб рэпрэсій адрозніваецца з папраўкай на гістарычны кантэкст (хтосьці ўжо казаў, што першае з’яўленне фашызму – гэта было 80% гвалту і 20% прапаганды, а ў XXI стагоддзі гэтыя суадносіны памяняліся ў адваротны бок). Так, гвалту ў параўнанні з печамі Бухенвальда XX стагоддзя цяпер у разы менш. Затое прапаганда стала больш удасканаленай.

Дык чаму ж самі беларусы шмат у чым гэтай прапагандзе дапамагаюць? Чаму ўпарта вінавацяць у тым, што адбываецца, не рэальнага вінаватага беларускай бяды, а сваіх жа суграмадзян?

Меркаванні
Вялікі «крыжовы паход» у імя тыраніі
2021.08.10 13:50

Як можна ахвяру катаванняў вінаваціць у тым, што яна не знішчыла ўзброенага і багатага гвалтаўніка, які перашзыходзіў яе ў дзесяткі разоў сілай, які неаднаразова нападаў на суседзяў і якому ніхто да гэтага часу не аказаў годнага арганізаванага супраціву?

Можа быць, гэта гучыць дзіўна, але мне ўяўляецца, што тут не апошнюю ролю адыграла рэлігія. Я кажу аб рэлігіі не ў кантэксце выканання абрадаў альбо веры ў замагільнае жыццё, а як асновы для вызначэння дабра і зла. Любая сістэма каштоўнасцяў, філасофская сістэма, якая дазваляе вызначыць, што такое добра і што такое дрэнна, мае ў сабе прыкметы рэлігіі.

Габрэі вызначаюць сябе як абраны богам народ. Стары запавет, нягледзячы на некаторыя эпізоды, якія зараз успрымаюцца як незвычайныя, працяты духам спагады да ахвяры гвалту. Велізарная частка святых для габрэяў тэкстаў з аднаго боку накіравана на абарону сірот, удоў, беднякоў, а з другога – ганіць апошнімі словамі хабарнікаў і мясцовых рэлігійных карупцыянераў. Калі выхаваны ў такой культуры чалавек пачне гнабіць ахвяру, якая патрапіла ў бездапаможнае становішча, ён будзе выглядаць па-дзікаму.

Мы, беларусы, свецкія людзі. Мы выхаваныя ў спадчыне ваяўнічага атэізму Савецкага Саюза.

Нейкая частка нас лічыць сябе праваслаўнымі. Але гэта хутчэй форма палітычнага аднясення сябе да прыхільнікаў традыцыйных каштоўнасцяў і кансерватызму, нават без прачытання нагорнай пропаведзі.

Артыкулы
«Беларусь адкінутая на 20 гадоў назад». Як мы змяніліся за паслявыбарчы год і чаго чакаць далей?
2021.08.09 10:00

Частка з нас знаходзіцца ў праваслаўным атэізме, які можна вызначыць як форму апраўдання любой мярзоты ва ўгоду дзейнай улады праз спецыяльна прызначанага служыцеля культу.

Частка выхаваная ў сістэме сучасных ліберальна-дэмакратычных каштоўнасцяў, якія ставяць на першае месца правы чалавека, але забыліся на тое, што само паняцце правоў чалавека з’явілася дзякуючы хрысціянскаму бэкграунду аўтараў канцэпцыі.

Беларусы Нідэрландаў. Фота з архіву дыяспары

Сістэма каштоўнасцяў значнай часткі нашага грамадства, назавем яе – «грамадзянская рэлігія», хутчэй нагадвае мне паганскія старажытнарымскія, старажытнагрэцкія вераванні. Або новае ніцшэанства.

1. Культ сілы «Хто мацнейшы, той і мае рацыю».

2. Пакланенне ўладзе, адмаўленне самога права на выказванне людзям, якія ёю не валодаюць: «Спачатку вазьміце ўладу, потым пішыце Канстытуцыі».

3. Маральны рэлятывізм: «Хто перамог, той і дабро».

4. Сацыяльны дарвінізм, адсутнасць спагады да пацярпелых ад гвалту.

5. Абагаўленне постаці імператара.

6. Прызнанне спрыяння яму вышэйшых сілаў: калі ён на пасадзе – значыць багі яму спрыяюць.

7. Стаўленне да валадара, падобнае да рэлігійнага пакланення: ты можаш маліцца любым багам, але толькі да таго часу, пакуль пагаджаешся пакланяцца імператару.

Хрысціян у Беларусі мала. А вось праваслаўных атэістаў шмат.

Можа быць таму мы да гэтага часу не можам нават саміх сябе толкам ні палюбіць, ні пашкадаваць, ні прыняць?

Міхаіл Кірылюк/АА для belsat.eu

Стужка навінаў