Фонд беларускай Салідарнасці. Што за год зрабіў BYSOL


Выява bysolidfound / Facebook

14 жніўня 2020 года пачаў сваю кампанію падтрымання пацярпелых ад рэпрэсіяў фонд BYSOL. Яго сузаснавальнік Яраслаў Ліхачэўскі распавёў «Белсату», як ягоная каманда перажыла гэты год, каму дапамагла – і што з BYSOL можа быць далей.

Даведка
Паводле BYSOL, дапамогу ад фонду атрымалі каля 5000 беларускіх сем’яў на агульную суму каля 3,6 мільёнаў еўраў:

601 тысяча еўраў пайшла на падтрыманне стачкамаў;

194 тысячы – на дапамогу рэлакантам;

116 тысяч – на асабовыя зборы;

84 тысячы еўраў – на дапамогу дваровым ініцыятывам;

40 тысяч фонд выплаціў ветэранам ВАВ;

25 тысяч – на экстраную рэлакацыю.

Падводзячы вынікі першага года BYSOL, Ліхачэўскі прызнаецца, што гэта, напэўна, быў самы цяжкі год у ягоным жыцці, але дадае: «Я раблю справу, якую мушу рабіць, і мне не баліць тое, што я яе не раблю».

Яраслаў Ліхачэўскі, дырэктар IT-кампаніі Deepdee і сузаснавальнік Digital saliarity. Фота з уласнага архіву

Спачатку было ўсяго 6 чалавек

Праз пару дзён пасля выбараў Яраслаў надумаў з’ехаць ва Украіну, бо заставацца ў Менску было небяспечна. Падчас выбараў ён супрацоўнічаў з аб’яднаным штабам, назіраў за выбарамі, каардынаваў назіральнікаў у Савецкім раёне Менску і займаўся падлікам галасоў у бюлетэнях, якія вывешвалі ў выбаркамах.

«Нашыя кіеўскія сябры падрыхтавалі офіс для «Сумленных людзей», але тыя не даехалі. То ў нас з’явілася прастора. Мы дамовіліся, што нягледзячы на ад’езд, будзем працягваць працу дзеля пераменаў у Беларусі. Але тады мы думалі падтрымліваць пратэсты і розныя ініцыятывы», – узгадвае сузаснавальнік BYSOL.

Як ён кажа, ідэя новага фонду належала Андрэю Стрыжаку, які ў той час ужо займаўся фондам BY_help і меркаваў, што трэба яшчэ адна ініцыятыва, каб дапамагчы большай колькасці пацярпелых у Беларусі.

Інтэрв’ю
«Крыптавалюты будуць папулярныя ў Беларусі, як і VPN». Размова з Андрэем Стрыжаком
2021.08.14 14:28

«Стрыжак сказаў, што яны з Лявончыкам (Аляксей Лявончык – сузаснавальнік фонду BY_help) збіраюць грошы на штрафы, але будзе шмат звольненых, іх таксама трэба падтрымліваць і варта ствараць нейкую новую ўстанову».

Фандрэйзінг адкрыў Аляксандр Кузьмянкоў (вядомы ўсім карыстальнікам «Фэйсбуку» Alexis Kendoo), які сабраў менш чым за тыдзень першы мільён еўраў.

«Напачатку каманда была ў 6 чалавек. Асноўны вал працы пачаўся ў верасні-кастрычніку, то ў нас быў час адбудаваць сістэму верыфікацыі і сістэму выплатаў. І калі пачаўся вал заявак, мы былі падрыхтаваныя. Хаця і працавалі 24/7. Яшчэ нас выратавала, што вельмі хутка расла каманда. За першы месяц далучыліся каля 60 чалавек. За кошт агульнанацыянальнага ўздыму з’явілася шмат ахвочых дапамагчы.

У нас заўжды былі сотні валанцёраў з усяго свету, якія рабілі вялікую частку працы. І я вельмі ўдзячны гэтым людзям за іхны ўнёсак», – падкрэсліў Ліхачэўскі.

Праекты, што пачыналіся з BYSOL

Падтрыманне звольненых і стачкамаў на прадпрыемствах стала адным з асноўных кірункаў BYSOL ад самага пачатку. Былі дзве вялікія хвалі падтрымання: калі людзі пачалі масава страйкаваць у жніўні, і калі дыяспары зладзілі акцыю #YouStrikeWeWork, пералічваючы дзённы заробак на дапамогу страйкоўцам у кастрычніку.

«Хачу сказаць асобны «дзякуй» дыяспарам, бо яны аб’ядналіся і моцна дапамагалі не толькі BYSOL, але і ўвогуле ўсяму нашаму руху», – падкрэсліў Ліхачэўскі.

Пазней супольнасці замежжа ўзяліся працаваць з канкрэтнымі прадпрыемствамі. І гаворка не толькі пра грошы, але і пра інфармацыйную ды іншую дапамогу.

«Першай была супольнасць Масачусэтсу і Новай Англіі, яны ўзяліся дапамагаць «Горадня-Азоту». Потым Сіэтл і брытанская дыяспара падтрымалі «Нафтан», дыяспара ў Нідэрландах пачала дапамагаць жодзінскаму БМЗ, і г. д. Цяпер гэтая плынь сфармавалася ў асобны праект «Рабочы рух», які займаецца выключна пытаннямі працоўных і дапамагае ім змагацца», – распавёў суразмоўца.

Інтэрв’ю
«Мы не хочам зачыняць заводаў». Стачкамы ствараюць рух, мэта якога – агульнабеларускі страйк
2021.04.15 19:16

Акрамя «Рабочага руху», за год пры дапамозе ці разам з камандай фонду пачаліся некалькі праектаў падтрымання адмысловых супольнасцяў.

«Першым праектам можна лічыць Фонд спартовай салідарнасці. Мы пачыналі разам у Кіеве. Аляксандр Апейкін далучыўся да нас амаль адразу, як мы стартавалі, і прапанаваў зрабіць адмысловы фонд для спартоўцаў. І Аляксандр настолькі яскравы і разумны, што хутка адбудаваў цалкам асобную структуру, набраў каманду і пачаў працаваць самастойна», – узгадвае Яраслаў.

Ён таксама ўзгадаў, як ужо ў Вільні далучыўся Сяргей Будкін, які ўзяўся за культурны кірунак і стварыў Фонд культурнай салідарнасці. Блізкія зносіны захаваліся і з Фондам медычнай салідарнасці.

Экстраная рэлакацыя, дапамога сем’ям палітвязняў ды іншыя напрамкі BYSOL

Яраслаў Ліхачэўскі.
Фота: асабісты архіў

Першая з леташніх хваляў эміграцыі з Беларусі пачалася яшчэ да выбараў, калі з краіны былі вымушаныя з’ехаць актывісты, для якіх заставацца ў Беларусі стала небяспечна. BYSOL узяўся дапамагаць уцекачам ужо другой плыні, у жніўні, калі рэпрэсіўны рэжым пачаў ціснуць на завадчанаў, а сілавікі пачалі адмаўляцца выконваць злачынныя загады.

«У верасні і кастрычніку пачалі з’яджаць і людзі іншых прафесіяў. Але гэта не заўжды была менавіта экстраная рэлакацыя. Тады яшчэ ў нас быў час і магчымасці рабіць візы ў Менску ці самалётам ляцець у Кіеў. Было нашмат прасцей. Тая хваля пакрысе сыходзіла, пакуль не пачалася цяперашняя зачыстка, калі людзі проста бягуць у ноч, каб не апынуцца ў турме», – распавёў Ліхачэўскі.

Ён адзначыў, што каманда, якая займаецца цяпер дапамогай людзям, што вымушаныя бегчы з краіны, – гэта не толькі валанцёры фонду, але і сяброўскія ініцыятывы, якія дапамагаюць на месцы з жытлом і побытам.

«Каманда выдатная, не ўяўляю, як яны цяпер гэта выцягваюць. Яны шмат каго выратавалі, то здымаю перад імі капялюш».

Дапамогай вязням сумлення фонд заняўся ў студзені.

«Мы далёка не адзіныя, хто падтрымлівае палітзняволеных. Гэтым займаецца, вядома, «Вясна», фонд «Краіны для жыцця», Politzek.me, Dissidentby.com. Тэма палітвязняў – вельмі балючая, і добра, што столькі арганізацыяў пра іх дбаюць. Мне б хацелася, каб гэтыя арганізацыі каардынаваліся паміж сабой і бліжэй працавалі. Бо разам мы здолеем дапамагчы большай колькасці сем’яў», – кажа Ліхачэўскі.

З пачатку вясны фонд займаецца і падтрыманнем дваровых ініцыятываў, каб актывісты ў Беларусі маглі працягваць пратэст, наколькі гэта магчыма ў цяперашніх умовах.

Глабалізацыя і персаналізацыя

На сёння ў BYSOL два асноўныя офісы: у Літве і ў Нідэрландах. Ліхачэўскі патлумачыў гэта тым, што кожная частка каманды займаецца сваім напрамкам дзейнасці.

«Праз год працы мы пабачылі для сябе два галоўныя кірункі, на якіх варта засяроджвацца. Частка каманды, што цяпер у Літве, пайшла ў бок персаналізацыі, займаецца зборамі для пэўных асобаў, калі ўсё максімальна зразумела і празрыста. Яны развіваюць краўдфандынгавую пляцоўку, дзякуючы якой шмат каму атрымліваецца дапамагчы. Хлопцы і дзяўчаты адраджаюць добры прыклад некалі існых у Беларусі пляцовак «Улей» і «МолаМола», – тлумачыць суразмоўца.

Другая частка каманды, што месціцца ў Нідэрландах, больш увагі надае працы з дыяспарамі, урадамі розных краінаў, замежнымі бізнесамі, каб прыцягваць яшчэ большыя ахвяраванні на карысць грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Сузаснавальнік фонду мяркуе, што ў BYSOL будзе патрэба і пасля перамогі дэмакратычных аб’яднанняў:

«Краўдфандынг нікуды не падзенецца, бо гэта інструмент дапамогі людзям і падтрымання ініцыятываў. Будучыня фонду залежыць ад сітуацыі, у якой мы апынёмся. Хутчэй за ўсё, яна не будзе лёгкай, і патрэба ў BYSOL застанецца. Акрамя таго, досвед і сацыяльная сетка кантактаў будзе карыснаю для адраджэння палітычных і сацыяльных інстытутаў у краіне. Я таксама веру, што людзі ў дыяспарах стануць першымі інвестарамі ў эканоміку новай Беларусі і дапамогуць яе аднавіць.

Акрамя таго, мы ствараем фінансавую інфраструктуру, якая мае шанц легчы ў аснову будучай інфраструктуры Беларусі. Разам з «Digital Solidarity» мы распрацоўваем дыджытал-ID і, адпаведна, новыя беларускія дакументы і новыя пашпарты, што мае шанц стаць асновай новай лічбавай краіны».

Hавiны
Пад гарантыі офіса Ціханоўскай: у рэліз выйшла агульная платформа для фінансавання пераменаў
2021.07.02 17:44

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў