«Беларуская чыгунка» масава скасоўвае электрычкі. На днях яна падняла кошты на праезд


Цэнтральны чыгуначны вакзал. Менск, Беларусь. 26 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Беларуская чыгунка» выводзіць з абарачэння амаль тры дзясяткі рэйсаў электрычак. Кажуць, што ў арганізацыі фінансавыя цяжкасці.

Скрын са сторыз
train.beljd у Instagram

Паводле сторыс БЧ у Instagram, рэйсы электрычак адмяняюцца з 23 і 30 жніўня. Гэтак, скасоўваецца шэраг маршрутаў паміж Менскам і Баранавічамі, Барысавым, Вялейкай, Гудагаем, Круляўшчызнай, Маладзечнам і Стоўбцамі.

Між тым з 13 жніўня «Беларуская чыгунка» павялічыла тарыфы на перавозкі пасажыраў цягнікамі міжрэгіянальных, рэгіянальных і гарадскіх ліній павялічаны ў сярэднім на 5-15% у залежнасці ад віду зносін.

Скрын са сторыз
train.beljd у Instagram

Кошт праезду пасажыраў цягнікамі рэгіянальных ліній бізнес-класа і міжрэгіянальных ліній бізнес-класу ў сярэднім вырас на 5%, праезд у цягніках міжрэгіянальных ліній эканомкласу, а таксама правоз багажу і грузабагажу – у сярэднім на 15%. А пры праездзе цягнікамі рэгіянальных ліній эканамкласу неабходна заплаціць у сярэднім на 10% больш.

БЧ не хапае грошай

Як паведамляе тэлеграм-канал «Транспорт Минска», у БЧ вялікія фінансавыя цяжкасці. Як вынік, «праезд расце ўжо двойчы за год, дарабіць распачатую электрыфікацыя да Мазыра ўсё ніяк не могуць», «масава рэжуцца старыя рыжскія дызель-цягнікі, якія абслугоўвалі прыгарад па ўсёй краіне». Няма сродкаў на рамонт новых цягнікоў, бракуе запчастак для іх, даводзіцца адмаўляцца ад узгодненай закупкі новых электравозаў і электрацягнікоў у «Stadler».

«Масава рэжуцца рэйсы звычайных «рыжанак» у менскія прыгарады – пакуль начныя і ранішнія. Ідуць чуткі пра тое, што самыя старыя з гэтых электрычак гэтак жа будуць парэзаныя на славу плану па здачы металалому, хоць хадзіць нават старым цягнікам яшчэ 10-15 гадоў паводле тэрмінаў, пазначаных яшчэ вытворцам. А яшчэ парачку забяруць для абслугоўвання Мазыра і паказушнага адкрыцця. Замяняць рэйсы, зразумела, няма чым. Банальна няма чым. Грошай купіць новыя або б/к электрычкі няма. Хто дасць крэдыт БЧ? Ніхто не дасць. Зразумела, што і маршрутныя таксі ў кожную вёску ездзіць не будуць, тым больш уначы», – гаворыцца ў паведамленні.

Паводле бухгалтарскага балансу, на 30 чэрвеня 2021 года ўласны баланс БЧ склаў Br 51,36 млн пры чыстым прыбытку Br 8,95 млн. Усе актывы прадпрыемства нівелююцца ягонымі ж абавязкамі. Пры гэтым варта адзначыць, што ў студзені-чэрвені 2020 года фінансавае становішча «Беларускай чыгункі» было нават горшым. Тады ягоныя чыстыя страты складалі Br 128,1 млн.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў