Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 15 ліпеня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 15 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Ратавальнікі прыбіраюць абломкі будынку Дому афіцэраў пасля расейскага ракетнага ўдару па Вінніцы.
Фота: Валянцін Агірэнка / Reuters / Forum

Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 38 тысяч чалавек забітымі.

Пры гэтым у самой Украіне засакрэцілі звесткі пра страты на вайне, назваўшы гэта дзяржаўнаю таямніцаю. Намесніца міністра абароны Ганна Маляр заявіла, што гэта абумоўлена ваеннаю мэтазгоднасцю і тым, што вораг не павінен ведаць гэтых лічбаў і выкарыстоўваць гэта для ўласных магчымасцяў.

Таксама намесніца міністра заклікала не распаўсюджваць неправераных звестак пра колькасць загінулых ды іншыя страты ўкраінскай арміі.



Цягам апошніх содняў войскі РФ не спынялі наступальных дзеянняў з мэтай займець поўны кантроль над тэрыторыяй Данбасу і іншым рэгіёнамі Украіны.

Па-ранейшаму найбольш спакойная сітуацыя адзначалася на поўначы Украіны. На валынскім і палескім кірунках, паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў істотных зменаў не адбылося.

Разам з тым «Беларускі Гаюн» паведаміў, што ў горад Ельск Гомельскай вобласці 15 ліпеня прыбыў эшалон з ваеннай тэхнікай Узброеных сілаў Беларусі, які змяшчае не менш за 15 баявых машынаў пяхоты (БМП-2).

Аналітыка
Лукашэнка рыхтуе беларусаў да нападу на Украіну? «ByPol» не сумняецца, вайсковы эксперт пярэчыць
2022.07.07 08:00

Паводле крыніцы, эшалон з тэхнікай прыехаў са Слоніму, дзе дыслакуецца падраздзяленне 11-й асобнай механізаванай брыгады. На тэхніцы стаяць апазнавальныя знакі ў выглядзе чырвоных квадратаў, бартавыя нумары зафарбаваныя. Таксама гаворыцца, што ў Ельску павялічылася колькасць супрацоўнікаў МУС.

На суседнім северскім кірунку расейцы працягваюць здзяйсняць узмоцненую абарону часткі ўкраінска-расейскай мяжы. Таксама з мэтай дэманстрацыі прысутнасці вораг перыядычна абстрэльвае пазіцыі ЗСУ ў памежных раёнах Чарнігаўскай і Сумскай вобласцяў.

На харкаўскім кірунку вораг намагаецца ўтрымаць раней занятыя пазіцыі і не дапусціць прарыву ўкраінскіх сілаў у бок дзяржаўнай мяжы з Расеяй. Пры гэтым цягам апошніх содняў захоўвалася высокая шчыльнасць абстрэлаў украінскіх тэрыторыяў: удары прыйшліся па ваколіцах населеных пунктаў Пятроўка, Ріднае, Сасноўка, Слаціна, Прышыб, Рускія Цішкі, Пітомнік, Верхні Салтаў і іншых. Таксама вядома, што расейцы праводзілі паветраную выведку пры дапамозе аператыўна-тактычных беспілотнікаў каля Прыморскага.

Украінскія вайскоўцы бяруць удзел у вучэннях недалёка ад лініі фронту на Данбасе.
Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

На славянскім кірунку падраздзяленні праціўніка намагаюцца палепшыць сваё тактычнае становішча і вядуць штурмавыя дзеянні ў бок самога гораду Славянску. Пры гэтым варожая артылерыя абстраляла тэрыторыі каля населеных пунктаў Даброўна, Падолаўка, Мазанаўка, Адамаўка, Чэпіль, Краснаполле, Курулька і іншых.

На данецкім кірунку акупанты працягваюць аказваць вогненнае ўздзеянне на падраздзяленні сілаў абароны Украіны, наносячы ўдары з артылерыі і танкаў па ўсёй лініі сутыкнення. Адначасова з гэтым расейцы праводзяць выведныя дзеянні, намагаючыся знайсці слабыя месцы ў абароне ЗСУ.

Hавiны
Брытанец памёр у палоне самаабвешчанай «ДНР»
2022.07.15 16:52

На краматорскім кірунку расейцы праводзяць перагрупаванне сваіх сілаў з мэтай аднаўлення наступу ў бок Сіверску. Пры гэтым са ствольнай і рэактыўнай артылерыі за мінулыя содні былі абстраляныя ваколіцы Краматорску, Закітнага, Грыгораўкі і іншых населеных пунктаў. Пры гэтым па тэрыторыі каля Верхнякаменскага быў нанесены авіяцыйны ўдар.

На суседнім бахмуцкім кірунку ЗСУ адбілі варожыя атакі на тэрыторыі каля Кодземы і Белагораўкі, а таксама адкінулі расейцаў, калі тыя намагаліся штурмаваць населеныя пункты Спірнае і Вяршыня. Акрамя гэтага расейцы засяродзіліся на абстрэлах падкантрольных Украіне тэрыторыяў каля населеных пунктаў Новалуганскае, Пакроўскае, Вясёлая Даліна, Бераставое, Вясёлае, Маёрск, Вяршыня і Сямігор’е.

Таксама адзначаецца, што на гэтым кірунку расейскія сілы намагаюцца ўзмоцніць сістэму супрацьпаветранай абароны тылавых базаў і падраздзяленняў.

Hавiны
Расейскія войскі абстралялі ўніверсітэты ў Мікалаеве
2022.07.15 10:28

Шчыльныя абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў цягам апошніх содняў назіраліся таксама і на аўдзееўскім, курахаўскім, навапаўлаўскім і запарожскім кірунках. Таксама адзначаецца, што расейцы правялі штурм ваколіцаў населенага пункту Вадзяное, але былі адкінутыя назад ЗСУ.

На паўднёвабужскім кірунку расейцы трымалі абарону, абстрэльвалі пазіцыі ЗСУ, а таксама працягвалі паляпшаць інжынернае абсталяванне ўжо сваіх пазіцыяў.

Вінніца пасля расейскага абстрэлу.
Фота: Валянцін Агірэнка / Reuters / Forum

Пры гэтым расейскія войскі працягнулі абстрэлы падкантрольных Украіне тэрыторыяў углыб краіны. Так, раніцай 15 ліпеня расейскія войскі нанеслі ракетныя ўдары па Мікалаеве. Пацярпелі два найбуйнейшыя ўніверсітэты гораду.

Таксама ў ноч на 15 ліпеня расейскія войскі абстралялі Днепрапятроўскую вобласць. Адна з ракетаў трапіла ў будынак школы.

Hавiны
Расейская ракета трапіла ў будынак школы на Днепрапятроўшчыне
2022.07.15 09:36

Тым часам Мінабароны РФ упершыню пракаментавала ўчорашні ракетны ўдар па цэнтры Вінніцы. Там заявілі, што мэтаю ўдару быў «гарнізонны Дом афіцэраў», дзе нібыта праходзіла нарада з абмеркаваннем перадачы ЗСУ вайсковай тэхнікі.

Паведамляецца, што Дом афіцэраў ад удару сапраўды пацярпеў, аднак ён выкарыстоўваўся як канцэртная пляцоўка, а не як штаб вайскоўцаў. Учора ўвечары там павінен быў выступіць гурт спявачкі Раксаланы, адзін з удзельнікаў якога якраз загінуў ад удару.

Абноўлена
Ракетны ўдар па цэнтры Вінніцы: сярод забітых – дзеці, гараць каля 50 аўтамабіляў
2022.07.14 13:10

Генеральная пракуратура Украіны ў зводцы за 15 ліпеня паведаміла, што з пачатку вайны ва Украіне загінулі 352 дзіцяці, больш за 657 былі параненыя. Больш за ўсё дзяцей пацярпела ў Данецкай, Харкаўскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Луганскай, Мікалаеўскай, Херсонскай і Запарожскай вобласцях.

Таксама праз бамбаванні ды абстрэлы пашкоджаныя больш за 2126 навучальных установаў, 216 з іх цалкам разбураныя.

BK belsat.eu

Стужка навінаў