У Польшчы злавілі групоўку, якая незаконна вазіла мігрантаў праз Беларусь


Дзесяцёх затрымалі ў Польшчы, яшчэ аднаго – у Вялікай Брытаніі. Іх звязваюць з футбольнымі «псеўдафанатамі» з Сілезіі.

Памежная ахова Польшчы паведаміла 15 ліпеня аб разгроме міжнароднай злачыннай групоўкі, якая незаконна вазіла мігрантаў з краінаў Блізкага Усходу ў Заходнюю Еўропу праз Беларусь. Сама аперацыя прайшла ў некалькіх краінах 13 ліпеня, 10 чалавек у Польшчы і аднаго ў Вялікай Брытаніі затрымалі на падставе нямецкага ордару, а вобшукі праходзілі ў 22 месцах у Польшчы, чатырох у Літве і двух у Нямеччыне.

Якія пакаранні пагражаюць затрыманым і якія крымінальныя артыкулы ў гэтай справе, не паведамляецца.

Затрыманым у Польшчы ад 24 да 39 гадоў, усе яны з Сілезіі – рэгіёну вакол Вроцлава на паўндёвым захадзе Польшчы. Затрыманыя «маюць дачыненне да супольнасці сілезійскіх футбольных «псеўдафанатаў». Сярод затрыманых – лідар групоўкі, які кантактаваў з «замоўнікамі» працэдуры перавозкі мігрантаў (з якой краіны «замоўнікі», не паведамляецца). Праз футбольных хуліганаў групоўка ладзіла лагістыку, вербавала «кур’ераў», перакладчыкаў, перавознікаў і «бухгалтараў».

Над аперацыяй працавала створаная ў лютым аператыўная група з польскіх памежнікаў і супрацоўнікаў іншых службаў, супрацоўнікаў розных службаў Эстоніі, Фінляндыі, Нямеччыны, Латвіі і Літвы. Аперацыю каардынаваў Еўрапол.

Аналітыка
Тлумачым, чаму мігранты ідуць праз Беларусь на Нямеччыну і што кажуць улады
2021.11.10 07:00

Працэдура перавозкі мігрантаў у Нямеччыну ці Вялікую Брытанію была зладжаная ад пачатку да канца. Па прыбыцці ў Беларусь мігранты самі або з дапамогай «гідаў» перасякалі польска-беларускую мяжу, потым перадавалі сваю лакацыю лідару групы – іх падбіралі футбольныя хуліганы і на арандаваных машынах адвозілі ў Нямеччыну. Злачынцы атрымлівалі грошы толькі пасля таго, як з’яўлялася пацверджанне выкананай замовы: напрыклад, фота мігрантаў у пункце прызначэння.

За перавозку аднаго замежніка групоўка атрымлівала 1-2 тысячы еўра, калі дастаўляла да Нямеччыны, а калі дастаўляла да Ангельшчыны, мела аж 11-13 тысяч еўра. Агулам група зарабіла як мінімум 400 тысяч злотых – звыш 83 тысяч еўра на сённяшні курс.

Hавiны
Мігранты з Усходу спрабуюць па драбінах пералезці праз плот на мяжы Беларусі і Польшчы
2022.07.08 21:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў