«Распаліў вогнішча перад цягніком». Яшчэ аднаго рэйкавага партызана вінавацяць у тэрарызме


Крымінальную справу супраць 43-гадовага жыхара Стоўбцаў, якога вінавацяць ва ўчыненні акту тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК), накіравалі ў суд, паведаміла Генеральная пракуратура Беларусі. Паводле «Вясны», вядзецца пра справу, заведзеную на палітычнага вязня Сяргея Глебку.

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачваны ў сакавіку 2022 года ў Стоўбцах «з мэтаю дэстабілізацыі нармальнай працы чыгуначнага транспарту распаліў вогнішча на каляіне беспасярэдне перад праездам пасажырскага цягніка».

Генпракуратура сцвярджае, што лакаматыўная брыгада не паспела своечасова прымяніць экстранага тармажэння і цягнік праехаў над агнём. Нібыта свае дзеянні абвінавачваны здымаў на відэакамеру тэлефона.

Сяргею Глебку інкрымінуюць акт тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК) і наўмыснае прывядзенне ў непрыдатны для эксплуатацыі стан чыгуначных шляхоў з мэтай учыніць акт тэрарызму (ч. 4 арт. 309 КК).

Сяргея Глебку затрымалі ў ноч на 2 сакавіка ў Стоўбцах разам з жонкаю. 21 сакавіка мужчыну прызналі палітычным вязнем. 7 ліпеня 2022 году КДБ унёс Глебку ў «спіс тэрарыстаў». 15 ліпеня ягоная справа была накіраваная ў суд.

Стужка навінаў