Катаванні палітвязняў у калоніі № 9 у Горках. У Вадзіма Гурмана пагаршаецца здароўе


Палітвязні ў папраўчай калоніі № 9 у Горках зазнаюць сапраўдныя катаванні з боку адміністрацыі ўстановы. Праваабаронцы распавядаюць пра няспынны ціск, здзекі. Скаргі родных фактычна не разглядаюцца. А ў некаторых палітычных зняволеных, сярод якіх Вадзім Гурман, значна пагоршыўся стан здароўя. Праваабаронцы распавялі «Белсату» пра сітуацыю з палітвязнем.

Вадзім Гурман.
Фота: Белсат

Пасля адбыцця пакарання ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ), дзе палітвязень Вадзім Гурман правёў 5 месяцаў, у яго яшчэ больш пагоршыўся стан здароўя. Акрамя страты зроку ў хлопца пачаліся праблемы з пазногцямі, выпадаюць зубы. Сітуацыя даволі складаная. Кіраўніцтва калоніі проста ігнаруе скаргі сваякоў. Калі цяпер не будзе своечасовага нагляду медыкаў, да сваіх 30 гадоў хлопец можа страціць зрок. Але на звароты родных турэмнае кіраўніцтва не рэагуе. Праваабаронцам таксама вядома, што працаўнікі КДБ нават пагражалі родным, каб тыя не звярталіся з дакументамі і зваротамі ў нейкія інстанцыі. Адзінае, пасля ПКТ адміністрацыя калоніі дазволіла выслаць палітвязню бандэроль з лекамі.

Артыкулы
Палітвязню Вадзіму Гурману патрэбная медычная дапамога, ён можа страціць зрок
2021.05.25 19:21

Катаванні палітвязня ў калоніі № 9

Да складанасцяў са здароўем палітвязняў дадаюцца таксама складанасці ў камунікацыі. Усе палітвязні ў папраўчай калоніі № 9 у Горках не могуць размаўляць паміж сабою. Яны ўсе ў розных атрадах і ім забаронена быць побач адзін з адным. Даходзіць да таго, што кожнага палітвязня суправаджаюць наглядальнікі нават у прыбіральню. Праваабаронцы таксама распавядаюць, што да палітвязняў адміністрацыя турмаў не прапускае лістоў. Больш за тое, іх цкуюць, катуюць.

«Хлопцаў могуць прывесці ў пакой, каб памыцца. І калі тыя ўключаюць ваду, ім выключаюць гарачую ваду. Ёсць змены, якія ставяцца па-людску. А на некаторых зменах даводзіцца мыцца ў халоднай вадзе. Прычым працаўнікі пры гэтым адчыняюць акенца, назіраюць за вязнямі пад ледзяной вадой і смяюцца».

Палітвязні не ідуць на супрацу з адміністрацыяй калоніі, таксама не надта гатовыя камунікаваць з крымінальнікамі. Стаўленне крымінальнікаў у гэтай калоніі да палітвязняў адметнае. Многіх тут трымаюць за цяжкія злачынствы. Вядома, што знайсці агульную мову з такімі асобамі хлопцам бывае няпроста.

Палітвязень Вадзім Гурман.
Фота: rh.by

Таксама зняволеныя за цяжкія крымінальныя злачынствы смяюцца з палітычных вязняў, паказваючы на іх, кажуць: «Нашыя 58-ыя ідуць». Справа ў тым, што ў савецкія часы безліч людзей судзілі менавіта паводле гэтага артыкулу, які азначаў контррэвалюцыйную дзейнасць.

Вадзім Гурман абураецца, што насамрэч яго затрымалі і асудзілі ні за што. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»). Вадзім не прызнаў віны паводле арт. 364, а на допыце распавёў, што амапаўцы пры затрыманні збівалі яго, карысталі слезацечны газ і пагражалі згвалтаваннем. У выніку суддзя Вольга Дубовік прысудзіла яму 3 гады і 6 месяцаў турэмнага зняволення.

Вадзім Гурман на акцыі пратэсту 9 жніўня.
Фота: rh.by

Даведаўся пра цяжарнасць нявесты ў дзень затрымання

Сям’ю Гурманоў добра ведаюць у Маладзечне. Вадзім спартовец, баксёр. Заўсёды быў вельмі ўпарты. Сілавікі патрабавалі, каб ён пагадзіўся запісаць «пакаяннае відэа». Але Вадзім катэгарычна адмовіўся. Родныя не могуць пераканаць яго. Са словаў знаёмых палітвязня, ён проста ненавідзіць слова «трымацца». Але насамрэч вельмі хоча выйсці на волю.

Вадзіму 17 траўня споўнілася 23 гады. Ён працаваў у фірме, што вырабляе адмысловыя блокі для атамнай электрастанцыі. У яго быў прыстойны заробак.

Акрамя таго, Вадзім – вучань вядома трэнера па боксе Сяргея Асанава, які выхаваў не аднаго майстра спорту і чэмпіёна. Палітвязень здабыў званне чэмпіёна вобласці па боксе. Хлопец мог бы будаваць кар’еру ў спорце. Прычым ён не толькі моцны фізічна, але і адукаваны, вельмі любіць чытаць, увесь час усміхаецца.

Вядома, што пасля мітынгу 11 жніўня 2020 года ў Маладзечне хлопца жорстка збілі амапаўцы. Яму прысудзілі адміністратыўны арышт. Пасля вызвалення хлопцу патэлефанавалі са Следчага камітэту і папрасілі прыйсці, каб падпісаць нейкія дакументы. Але ў будынку міліцыянты затрымалі Вадзіма. Хлопца ў кайданках прывезлі дадому, дзе яго чакалі маці і дзяўчына.

Вадзім Гурман з дзяўчынай Віялетай.
Фота: Белсат

Тут яго нявеста прызналася, што цяжарная. Вадзім у гэты ж момант зрабіў прапанову Віялеце. Але шлюбам пабрацца яны пастанавілі пазней. Цяпер у Вадзіма Гурмана двое дзетак, двайняты Ева і Давід. Дзяцей Вадзім амаль і не бачыў. Вядома, што родныя прывезлі дачку на спатканне з ім. Палітвязень два дні правёў з Евай. Але растанне з дачкой было надзвычай цяжкім.

Многія жыхары гораду дапамагаюць цяпер дзеткам. Набываюць падгузнікі, неабходныя лекі, падтрымліваюць родных, разам чытаюць лісты вязня з-за кратаў.

Артыкулы
«Вясна»: Палітвязня Гурмана на 50 содняў змясцілі ў штрафны ізалятар
2021.08.17 15:02

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў