Брытанец памёр у палоне самаабвешчанай «ДНР»


Грамадзянін Вялікай Брытаніі Пол Юры трапіў у палон прарасейскіх сепаратыстаў у красавіку. Баевікі «ДНР» 15 ліпеня паведамілі, што ён памёр ад шэрагу хранічных хваробаў і стрэсу.

45-гадовы брытанец Пол Юры памёр у зняволенні баевікоў «ДНР» 10 ліпеня. Пра гэта паведаміла «омбудсвумен ДНР»: у мужчыны, сцвярджае яна, «быў выяўлены шэраг хранічных захворванняў, у тым ліку інсуліназалежны дыябет, паражэнне дыхальнай сістэмы, нырак і шэраг захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы». Таксама сцвярджаецца, што брытанцы нібыта не рабілі ніякіх намаганняў дзеля ягонага вызвалення, таму ён «быў у прыгнечаным псіхалагічным стане», што пагоршыла стан здароўя. У «ДНР» мужчыну нібыта аказвалі належную медычную дапамогу, а праз Чырвоны Крыж медыкаментаў яму не паставілі.

Міністэрства замежных справаў Аб’яднанага каралеўства звязалася са сваякамі мужчыны, піша BBC, а таксама спрабуе атрымаць больш інфармацыі ад расейскага і ўкраінскага ўрадаў адносна звестак пра смерць Пола Юры.

Баевікі «ДНР» называлі мужчыну «наймітам» і «прафесійным вайскоўцам», які «займаўся рэкрутынгам і навучаннем наймітаў». Брытанскі бок жа сцвярджае, што Пол Юры раней быў цывільным падрадчыкам у Афганістане, а ва Украіне быў валанцёрам гуманітарнай місіі і трапіў у палон 25 красавіка, калі спрабаваў трапіць на акупаваную расейцамі тэрыторыю каля Запарожжа, каб эвакуяваць украінскую сям’ю.

Разам з ім у палон трапіў яшчэ адзін брытанец, 22-гадовы Дылан Гілі. Яму цяпер пагражае смяротнае пакаранне ў «ДНР».

Маці Юры казала «Sky News», што яго не ўзялі ў армію, таму ён пайшоў у гуманітарны сектар. Таксама яна казала, што звярталася па дапамогу ў Міністэрства замежных справаў Вялікай Брытаніі, а брытанскія ўлады запэўнівалі, што робяць усё магчымае дзеля дапамогі Юры і Гілі.

Hавiны
Улады «ДНР» абвінавацілі ў наёмніцтве яшчэ двух палонных брытанцаў. Ім пагражае смяротнае пакаранне
2022.07.02 19:41

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў