«Змагацца з фашызмам – самая патрэбная праца на свеце». Баец-каліновец – пра полк і сяброў з БелаПАН


Сувязіст палка імя Каліноўскага і былы аператар БелаПАН Андрэй Корсак – пазыўны Анджэй – расказаў «Белсату», якія рахункі хоча спагнаць, ваюючы «на светлым баку сілы» ва Украіне. Выбралі 8 цытат.

Андрэй Корсак падчас заняткаў на трэніровачным палігоне палка Кастуся Каліноўскага. Кіеўская вобласць, Украіна. 6 чэрвеня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Сябры, пацярпіце! Мы ўжо хутка…»

– Чаму я тут? Ва ўсіх ёсць свае прычыны, напэўна. Дакладней – свае рахункі. Мае рахункі – гэта мае зняволеныя калегі па БелаПАН. Я іх ведаю як вельмі прыстойных людзей, моцных прафесіяналаў. І каля я сам па гэтым рахунку не спаганю, то папрашу маіх хлопцаў дадаць гэта ў агульны спіс.

У БелаПАНе я быў аператарам. Адным з трох… Паўтару: гэта самы лепшы ва ўсім маім жыцці калектыў, у якім давялося працаваць. Вельмі горка мне за гэтых людзей. Але нічога, сябры, пацярпіце – мы ўжо хутка.

«Калі прыехаў сюды – зноў адчуў тое захапленне»

– Я з’ехаў у 2017 годзе ў Польшчу. І пасля 2020-га думаў, што ўжо не вярнуся, што мне там прыйдзецца наладжваць сваё жыццё. Працаваў там, вучыўся ў паліцыяльнай школе. Так, у 50 з лішкам няпроста жыццё з нуля пачынаць, але там для гэтага ёсць умовы: да 60-ці можаш пайсці бясплатна павучыцца, атрымаць іншую прафесію, вывучыць мову.

У прынцыпе, зразумела было, чым гэтыя выбары скончацца. А потым стала ясна і тое, чым скончацца гэтыя пратэсты. Было, канечне, вялікае жаданне прыехаць, але я разумеў, што адзінае, чаго магу дамагчыся – гэта таго, што мяне пасадзяць. Таму вырашыў пачынаць жыццё з чыстага ліста ў Польшчы… Не было зразумела, чым скончыцца, пакуль не пачалі ладзіцца маршы толькі па нядзелях. З таго моманту стала зразумела, што дамоў асабліва можна не спяшацца.

І калі я прыехаў сюды і патрапіў да гэтых людзей – зноў адчуў тое ж захапленне, якое ў 2020 годзе адчуваў, калі бачыў тое, што адбывалася каля стэлы…

«Наша рэальнасць перамагае»

– І ў нас усё атрымаецца. Ніхто не думаў што… Уявіце сабе – стварыць батальён на новым месцы. Ягонае ядро – гэта тыя хлопцы, якія ваююць тут з 2014-га. І выключна на сваім аўтарытэце стварылі такі праект з нуля: забеспячэнне, фінансаванне, узгадненне на ўсіх узроўнях ва ўмовах вайны… І вось – мы існуем…

Нашыўкі з украінскім сцягам, эмблемай палка імя Кастуся Каліноўскага і бел-чырвона-белым сцягам на амуніцыі Андрэя Корсака. Кіеўская вобласць, Украіна. 6 чэрвеня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Яны (расейцы – заўв. «Белсат») пастаянна цвердзілі, што возьмуць за тры-чатыры дні Кіеў. Прайшло тры месяцы – Кіеў стаіць. Наша рэальнасць перамагае.

Калі я прыехаў сюды, больш за ўсё мяне здзівіла і працягвае ўвесь час здзіўляць – а батальён расце і ўжо стаў палком! – гэта вось гэта разнашэрсная кампанія. Тут усе. Тут ёсць айцішнікі, дальнабойнікі, будаўнікі, нафтавікі, інжынеры, музыкі, студэнты нават семінарысты. Хто заўгодна, і ўсе яны розныя. Ва ўсіх розныя палітычныя погляды. І рэлігійныя – таксама. Каго тут толькі няма! І ўсё, што іх абʼядноўвае, такіх розных людзей, гэта тое, што яны сапраўдныя і свабодныя.

«Што абʼядноўвае ўсіх нас – гэта прага справядлівасці»

– Я тады зразумеў, што трэба нешта з гэтым рабіць, што я не змагу вось так гуляць, хадзіць на працу і рабіць выгляд, што нічога не здарылася. І цяперашнюю працу я ні на якую іншую не прамяняю, у кожным разе – зараз.

Змагацца з фашызмам – гэта самая патрэбная праца на свеце.

Тое, што адбываецца, гэта велізарная несправядлівасць. І тое, што абʼядноўвае ўсіх гэтых людзей – гэта яшчэ прага справядлівасці нейкай сусветнай. І нават калі гэтая задача невыканальная цалкам ніколі, гэта не значыць, што да гэтага не трэба імкнуцца.

«Я на светлым баку сілы»

– Я ніколі ў палітыку не лез, было нецікава, у тым сэнсе, што не хацелася б асабіста ёй займацца. Але для мяне гэтае пытанне наагул не палітычнае. Гэта пытанне маральнага выбару, чалавечай годнасці. І – не быць скотам. Мы людзі! І мы патрабуем толькі таго, каб кожны голас быў палічаны на выбарах. Гэта што – экстрэмізм, тэрарызм? Так і мусіць быць – так у Канстытуцыі запісана.

Андрэй Корсак — баец палка Кастуся Каліноўскага. Кіеўская вобласць, Украіна. 6 чэрвеня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Я, знаходзячыся тут, адчуваю, што тое, за што я стаю, – гэта праўда. Я на светлым баку сілы. Разумееце? Побач з гэтымі людзьмі хочацца быць лепшым. Насамрэч – гэта найлепшыя людзі Беларусі. Вялікі гонар знаходзіцца побач з імі. У палку я служу ва ўзводзе сувязі. Хлопцы, з якімі служу, – айцішнікі, яны разумнікі, у іх такія галовы!

З тымі хлопцамі, якія загінулі, асабіста размаўляў толькі з Волатам. Гэты чалавек… Ён быў проста магутны! Ад яго прамяніла энергіяй, духам камандзірскім, ён заўсёды ішоў наперад. У яго была велізарная адказнасць за іншых. Ён бярог іх. А сам не ўбярогся…

«Калі штурханём – рассыплюцца па цаглінках»

– Стасункі супрацоўнікаў двух любых ведамстваў – гэта заўсёды стасункі жабы і гадзюкі. Як Пуціна і Лукашэнкі. Зверху ўніз ці справа налева – не важна, вакол цябе дакладна такая ж поскудзь, як ты сам. І ў гэтай сценцы – у ёй няма знітаванасці. Яны, калі мы іх штурханём, – рассыплюцца проста па цаглінках. Так, ёсць нейкая частка, якую яны як бы ўмацавалі крывёй. Ну што ж – лёс іх сумны. Тут, выбачайце, адказваць давядзецца па законе. А астатнія – яны проста шмыгнуць, як мышы, у розныя бакі.

Тое, што ён (Лукашэнка – заўв. «Белсат») там стварае нейкія тэрабароны… Ды я ўпэўнены, што там стасункі дакладна такія ж, як і ва ўсім грамадстве. 97 % на 3 % – яно нікуды не падзявалася. Ну выдатна, хай стварае, будзе чым заняцца, калі будзе пераходны перыяд – будуць забяспечваць парадак. Ніхто ж разрухі не хоча ў сваёй краіне, так?

А мы проста хочам, каб яны сышлі, як мусілі зрабіць па законе. І каб адказалі за тое, што нарабілі. Нічога экстрэмісцкага і тэрарыстычнага ў гэтым я не бачу.

«Мы тут усе як браты. І менавіта таму – пераможам!»

– Мы пераможам менавіта з гэтай прычыны, бо мы тут усе як браты, разумееце? Валанцёры гэтыя – што мы без іх рабілі? Тут такая салідарнасць!

Андрэй Корсак — баец палка Кастуся Каліноўскага. Кіеўская вобласць, Украіна. 6 чэрвеня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Калі ты стаіш там на блокпасту і бабуля падыходзіць такая: «Хлопці, я вам вареники принісла». Гэта калі цывільны прыходзіць са сваёй стрэльбай і садзіцца з табой, каб лішні ствол быў, а ўначы яго змяняе ягоны сын… Гэта ашаламляльна проста. І менавіта таму мы пераможам. Мы ўсе адзін за аднога. Мы ведаем, як самаарганізавацца і як адзін аднаму дапамагчы.

«Адзін з тых, каму няма чаго баяцца»

– А гэтыя – што яны? Вакол некампетэнтнае дурышча сядзіць. Сядзіць там не праз свой прафесіяналізм. І так усюды, ва ўсіх ведамствах, у міліцыі…

Мы лепш за іх ведаем, як ідуць справы ў войску, у грамадстве.

Я зараз з вамі размаўляю, таму што я адзін з тых, каму няма чаго баяцца. А мы ведаем іх усіх, кожнага. Нумар тэлефону, нумар тэлефону каханкі і нумар яе аўто. Мы ўсё выдатна пра вас ведаем! І мы абавязкова да вас прыйдзем!..

Гісторыі
«Каб яны сюды больш не прыйшлі!» Як хлапчукі з Барадзянкі збіраюць грошы для ЗСУ і хуткай перамогі
2022.06.14 16:31

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў