«Як піянерлагер, але лепш без яго»: чым жыве і дыхае самая жорсткая «хімія» краіны


Малалюдная мясціна на ўскрайку Віцебску. Індустрыйны раён з савецкімі забудовамі, шэры барак, абнесены бетонным мурам з дротам. Тое, што тут месціцца дзяржаўная ўстанова, выдае невялікая шыльда на ўваходзе і чырвона-зялёны сцяг. Мы трапляем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 9, дзе адбываюць пакаранне абмежаваннем свабоды.

Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 9 у Віцебску. Крыніца: maps / yandex

Тэрмін «хімія» з’явіўся ў СССР у паваенны час, калі праца асуджаных стала актыўна выкарыстоўвацца на будоўлях і шкодных вытворчасцях (у тым ліку на хімічных заводах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу. Праз пакаранне «хіміяй» прайшлі шмат якія вядомыя беларускія актывісты і палітыкі, а пасля падзеяў 2020 года такі від пакарання зрабіўся проста народным. Палітычных «хімікаў» адпраўляюць у высылку на іншы край Беларусі, далей ад дому. Звычайных жа «хімікаў» адпраўляюць на «хімію» ў вобласці, дзе яны жывуць.

На віцебскай «хіміі» № 9 адбываў пакаранне за перформанс вядомы гарадзенскі панк-музыка і актывіст Ігар Банцэр, відэаблогер Зміцер Цімафееў з Баранавічаў, актывіст Зміцер Абрамук з Берасця ды іншыя.

Даведка
зона.бел – праект «Белсату», прысвечаны ўмовам, у якіх утрымліваюцца палітычныя вязні. Турмы, калоніі, СІЗА, ІЧУ – там праводзяць дні, месяцы і, на жаль, гады тыя, хто незаконна трапіў за краты. Журналісты не могуць паказаць знутры, як выглядае побыт за кратамі, але пры дапамозе тых, хто ўжо адседзеў, мы можам распавесці пра выпрабаванні, праз якія праходзяць тысячы беларусаў.

Вельмі танны гостэл

Будынак «хіміі» нагадвае шэры барак ці ангар, у якім зроблены рамонт. Раней ён выглядаў як вясковая хата вельмі вялікай плошчы, цяпер фасад абабілі сайдынгам, паставілі пластыкавыя вокны.

Будынак складаецца з двух блокаў: 120-метровае аднапавярховае крыло, якое пераходзіць у двухпавярховік.

Да нядаўняга часу на віцебскай «хіміі» трымалі больш за 120 асобаў. Калі прыязджаеш на месца, аддаеш паперы, замест пашпарта табе выдаюць кардонку з фота – пасведчанне асуджанага папраўчай установы адкрытага тыпу. Правяраюць торбы – і адпраўляюць у пакой.

Самы маленькі пакой разлічаны на 6 асобаў, з двухпавярховымі ложкамі і кратамі на вокнах. Утульнымі іх назваць цяжка – уявіце, 6 дарослых мужчынаў на 10 квадратных метрах, нагадвае вельмі танны гостэл. Ёсць пакоі на 8, 12 і 14 чалавек. Там ужо стаяць асобныя ложкі, ёсць месца на шафы, тумбачкі, але прастора таксама вельмі абмежаваная. Месца мінімум, часам чалавек ставіць сваю тумбачку на тумбачку іншага, бо яе фізічна няма куды ўсунуць. Ёсць пакоі вельмі абжытыя, а ёсць як прахадныя двары – вялікія пакоі на 14 асобаў. Бывае, толькі абжыўся, уладкаваў быт, прызвычаіўся да суседзяў – а цябе бяруць і перасяляюць у іншы пакой.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лячэбна-працоўны прафілакторый № 4 (мужчынскі) у Віцебску.
Фота: Антон Cцепанішчаў / vitvesti.by

Але людзі прыстасоўваюцца і жывуць у любых умовах. Асуджаныя, якія пабывалі на «хіміі», распавядаюць, што жыццё там нагадвае піянерскі лагер. І гэта адназначна лепш, чым турма ці калонія. Хоць зразумела, лепш у такія месцы не трапляць наогул.

Асноўная маса асуджаных ходзіць на працу – тую, якую ім знайшла адміністрацыя. Калі ў чалавека няма працы, ён сядзіць у пакоі, нікуды не выходзіць, глядзіць у тэлефон, чытае кніжкі ці займаецца нейкімі іншымі справамі. Людзі часцей за ўсё рвуцца на працу, бо што інакш столькі часу рабіць?

«Хімікі» не могуць проста так выйсці за межы «хіміі». Нават на працу яны ідуць узгодненым маршрутам, мусяць падысці да кантрольных пунктаў у адпаведны час. Раз на два дні чалавек можа напісаць заяву, каб выбрацца ў краму ці на пошту, – але толькі з канваірам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лячэбна-працоўны прафілакторый у Светлагорску.
Фота: Сяргей Калацей / gp.by

«У нас няма палітычных, у нас усе асуджаныя»

Віцебская «хімія» № 9 лічыцца «чырвонай», паказальнай, там жорсткі начальнік, усё робіцца згодна з рэгламентам. Да нядаўняга часу там адбывалі тэрмін 124 вязні, з іх 20 – палітычныя, гэта амаль кожны шосты. Працаўнікі «хіміі» да распарадку і законаў ставяцца аж занадта літаральна. Там няма ніякай, нават мінімальнай свабоды, чалавек можа атрымаць вымову адно за тое, што прыйшоў з працы і паклаў штаны на ложак.

Працаўнікі «хіміі» цягам дня шпацыруюць калідорам, могуць зайсці ў пакой і праверыць, што там адбываецца. Стаўленне адміністрацыі аднолькавае да ўсіх, палітычны ты ці непалітычны. Рыторыка начальства такая: у нас няма палітычных, у нас усе асуджаныя. Калі будзеш рабіць штосьці, што парушае распарадак і не падабаецца адміністрацыі, займееш праблемы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лячэбна-працоўны прафілакторый № 4 (мужчынскі) у Віцебску.
Фота: Антон Cцепанішчаў / vitvesti.by

Працаўнікі «хіміі» нават у неафіцыйных размовах баяцца выказваць стаўленне да палітычных, прызнаць, што ты ў чымсьці меў рацыю, нават проста галавой хітнуць. У іх заўсёды ўключаная відэафіксацыя, таму яны проста выконваюць загады. Яны ёсць часткай сістэмы: калі загадаюць цкаваць палітвязняў – яны гэта робяць. Але самае важнае – як яны гэта робяць. Хтосьці выконвае загады зацята, хтосьці нават з асалодай, але агулам адчуваецца, што паўсюль ёсць цалкам адэкватныя людзі, якія ставяцца да асуджаных па-чалавечы.

Для адбыцця ШІЗА на «хіміі» асуджаных вывозяць у Гарадок, мястэчка на 30 тысяч жыхароў, дзе людзі спагадлівыя. Міліцыянты вельмі простыя – у іх няма загаду цкаваць людзей. А вось у ШІЗА пры Віцебскім СІЗА было жорстка, там нават нельга прытуліцца да ложка, трэба сядзець на лаве цэлы дзень.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лячэбна-працоўны прафілакторый № 1 у Светлагорску.
Фота: Ірына Папова / svaboda.org

Побыт: кухня як карабельная каюта, адзін душ і шэсць кабінак у прыбіральні на 120 асобаў, кабінет псіхолага з рыбкамі

Распарадак дня ў «хімікаў» такі: а 6:00 ранку пад’ём, а 22:00 – адбой. А 8:30 і 20:30 – агульныя праверкі.

Асуджаныя, якія стаяць на прафілактычным уліку, мусяць штогадзіны збірацца на званок і адзначацца, і так з 10:00 да 20:00. Да гэтага прызвычаіцца немагчыма, бо ў такім выпадку нічога не можаш рабіць, трэба паводле званку ўсё кідаць і бегчы на шыхтаванне. Некаторыя асуджаныя, ведаючы, што неўзабаве будзе званок, прыходзяць нават заранёў. Спрацоўвае эфект сабакі Паўлава – такі сабе метад дрэсуры з боку адміністрацыі.

Асуджаным самім прыходзіцца гатаваць сабе ежу. Кухня кампактная, там ёсць тры электрычныя пліткі, вялікі стол на 20 асобаў, лядоўні. На кожны квадратны метр размяшчаецца шмат рэчаў, як у каюце карабля. У пакоях есці нельга, толькі на агульнай кухні. Уявіце, як гэта, калі асуджаныя вяртаюцца з працы пасля 19:00 і ўсе на кухні гатуюць ежу. А ў выходныя нават чаргу займаюць, каб разагрэць ежу ў мікрахвалеўцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лячэбна-працоўны прафілакторый № 4 (мужчынскі) у Віцебску.
Фота: Антон Cцепанішчаў / vitvesti.by

Вада ў душы халодная, трэба грэць у чайніках або ў старэнькім бойлеры. Кожныя тры дні можна памыцца. Душ адзін, асуджаных больш за сто, таму часам даводзіцца пазмагацца за такую магчымасць – бойлер фізічна разлічаны на пэўную колькасць людзей.

Прыбіральня – месца ініцыяцыі ўсіх асуджаных. На ўсіх «хімікаў» шэсць кабінак, адна не працуе. У нейкі момант там не працавала тры-чатыры кабінкі, але дзякуючы публікацыям у інтэрнэце іх адрамантавалі.

Згодна з законам, адміністрацыя «хіміі» мусіць забяспечваць вязняў неабходнай медычнай дапамогай. Але, як кажа сама адміністрацыя, мы можам, але не абавязаныя дбаць пра здароўе асуджаных.

Тут ёсць кабінет псіхалагічнай разгрузкі. Працуе псіхолаг, ёсць акварыум з рыбкамі і вялікая бібліятэка. Можна пасядзець на канапе, пагуляць у шахматы. Але сярод большасці асуджаных гэтае месца непапулярнае. Лічыцца, калі ты туды ходзіш, значыць, супрацоўнічаеш з адміністрацыяй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лячэбна-працоўны прафілакторый № 1 у Светлагорску.
Фота: Ірына Папова / svaboda.org

Хто сядзіць на «хіміі»

Сядзельцы «хіміі» называюцца спецкантынгентам. Ён складаецца пераважна з людзей, якія здзейснілі парушэнні ці злачынствы. Напрыклад, хтосьці не плаціў аліментаў, хтосьці сядаў п’яны за стырно. Ёсць і былыя крымінальнікі, асобы з пагашанай судзімасцю. Гэтыя людзі з цвярозым розумам, яны ненавідзяць міліцыянтаў і ўсю сістэму. Узровень іхнай палітычнай свядомасці раней можна было акрэсліць так: мы супраць міліцыянтаў, нас задзяўбла ўлада.

У большасці там сядзяць людзі з вёсак, яны толкам не ведаюць, якія палітычныя працэсы адбываліся ў краіне. І вось тут пачалі з’яўляцца палітычныя вязні – людзі, якія не хаваюць сваіх поглядаў і гатовыя за іх сядзець, яны ўплываюць на астатніх і змяняюць іх. Калі чалавек-два, гэта мо і не значна, але калі такіх людзей робіцца шмат, гэта стварае трэнд – і ў простага кантынгенту пачынае фармавацца адмысловае стаўленне да палітычных. Аднаго можна зацкаваць, а калі такіх 10-20 – з імі ўжо трэба выбудоўваць стасункі і акрэсліваць пазіцыю. І ўсе ў прынцыпе на баку дабра, усе разумеюць, што чалавека палітычнага пасадзілі ні за што. Асабліва абураюцца гэтым людзі з крымінальным бэкграўндам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лячэбна-працоўны прафілакторый № 1 у Светлагорску.
Фота: Ірына Папова / svaboda.org

Палітвязні змяняюць ментальнасць звычайных арыштантаў, іхныя настроі і стаўленне да палітычнай сітуацыі ў краіне. Ствараецца больш палітызаваная маса – таму пэўныя працэсы працягваюцца нават за кратамі.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў