Эпоха павольна сышла: «Microsoft» спыніла падтрымку «Internet Explorer»


«Будучыня за Edge», піша «Microsoft». «Internet Explorer» працаваў 26 гадоў, але са з’яўленнем «Google Chrome» хутка страціў папулярнасць.

Стары значок «Inretnet Explorer». Выява: Microsoft

Ад 15 чэрвеня 2022 года карпарацыя «Microsoft» спыняе падтрыманне ўэб-браўзера «Internet Explorer» на «Windows 10». Працягнуць карыстанне названай версіяй праграмы для асобных найстарэйшых версіяў «Windows», для сервераў.

У першы час карыстальнікаў «Internet Explorer» на «Windows 10» будуць скіроўваць на «Microsoft Edge». Калі скіруюць дастатковую колькасць карыстальнікаў, праграму адключаць праз сістэму абнаўлення «Windows».

Але ўручную выдаляць IE не трэба: справа ў тым, што некаторыя старыя сайты найлепей працуюць з ім, але не з іншымі браўзерамі. У «Microsoft Edge» ёсць рэжым сумяшчальнасці з IE, але ён завязаны на файлах самога IE.

 

Адна з першых версіяў «Internet Explorer». Скрыншот: 3dnews.ru

Самы першы ўэб-браўзер з’явіўся ў 1990 годзе і зваўся проста «WorldWideWeb». Яго стварыў сам «бацька Сусветнага павуціння» Тым Бёрнэрс-Лі. У 1993 годзе з’явіўся браўзер «Mosaic» з больш зручным інтэрфейсам, у 1994-м выйшаў «Netscape Navigator», які выцесніў «Mosaic», хоць і быў платным.

У 1995 годзе выйшла першая версія «Internet Explorer» на «Windows». Праграма, якая ішла ў камплекце з самай папулярнай аперацыйнай сістэмай, і хутка перацягнула звыш 90 % карыстальнікаў. «Netscape» не здаўся і заснаваў «Mozilla Foundation», якая распрацавала бяскаштоўны і адкрыты браўзер «Firefox», але той нават у найлепшыя для сябе часы меў толькі чвэрць рынку.

«Google Chrome», першую версію якога выдалі ў 2008 годзе, апярэдзіў IE ў 2012 годзе. У браўзераў склалася такая рэпутацыя: «Chrome» больш хуткі і больш сучасны за IE, а яшчэ ёсць «Firefox» для тых, хто хацеў больш «наваротаў».

Кампанія «Microsoft» спрабавала змагацца з кепскай рэпутацыяй IE, але канчаткова прайграла «браўзерныя войны», калі з’явілася шмат Android-смартфонаў з «Chrome» і без IE. У 2015 годзе «Microsoft» вырашыла не абнаўляць IE, а выдала новы браўзер «Edge». У 2019 годзе «Edge» перавялі на той самы рухавік, што і «Chrome».

На сёння 67 % карыстальнікаў выбіраюць «Chrome», 13,5 % – «Safari» ад «Apple» (папулярны менавіта на прадукцыі «Apple»), 5 % – «Edge». «Firefox» цяпер мае менш за 2 %. Браўзер «Opera», некалі папулярны ў Беларусі, Расеі і Украіне, цяпер мае крыху больш за 1 % карыстальнікаў, але яшчэ 2 % карыстаюцца мабільным «Opera Mini».

Артыкулы
Офіс Святланы Ціханоўскай праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі Microsoft, Google, Meta і TikTok
2022.06.14 15:54

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў