Беларусам зноў спрабавалі растлумачыць, «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад». І зноў не паказалі


Планы нападу знайшлі ў «ноўтбуках NATO», заявіў Гайдукевіч-малодшы. І калі б не пачалі «спецаперацыі»… То нападнікі б «адцягнулі ўвагу Расеі».

Старшыня праўладнай «Ліберальна-дэмакратычнай партыі», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч у трансляцыі «Альфа Радио» і «СБ. Беларусь сегодня» заявіў, што на свае вочы бачыў, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад.

«Я размаўляў з вайскоўцамі, яны канфіскавалі ноўтбукі NATO. Мы памятаем, паводле інфармацыі, якая прайшла на расейскіх тэлеканалах, пра тое, што рыхтаваўся напад на Крым і Данбас, – казаў Гайдукевіч. – Дык вось, ужо канфіскавалі ноўтбукі NATO, дзе ёсць сведчанні, што планаваўся ў тым ліку і напад на Беларусь. Камп’ютары цяпер у распараджэнні вайскоўцаў».

Гайдукевіч не расказаў, адкуль узяліся ноўтбукі і як яны звязаныя з Паўночнаатлантычным альянсам, а таксама не паказаў, адкуль жа рыхтаваўся напад. Ён спрабаваў растлумачыць, чаму ж Расея пачала вайну, і што было б, калі б не пачала… Але запнуўся і пачаў тлумачыць, што напад на Беларусь рыхтаваўся не дзеля захопу краіны, а каб удары па Беларусі, украінскіх Крыме, Данецку і Луганску «адцягнулі ўвагу Расеі» (ад чаго, не сказаў).

11 сакавіка Аляксандр Лукашэнка абяцаў «паказаць, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад» з боку Украіны, аднак дагэтуль не паказаў. Фраза стала мэмам – словы Лукашэнкі ўстаўлялі ў самыя недарэчныя абставіны.

Тэрыторыя Беларусі была прадстаўленая Расеі для праходу войскаў на тэрыторыю Украіны з 24 лютага, для нанясення ракетных і авіяўдараў. Беларускія сілавікі запэўнівалі Украіну, што нападу з боку Беларусі не будзе, за дзень да 24 лютага.

Канстытуцыя Беларусі на момант пачатку нападу з беларускіх земляў замацоўвала нейтралітэт як мэту, а ўжо 27 лютага ўлады правялі рэферэндум, паводле вынікаў якога з Канстытуцыі прыбралі пункт пра нейтралітэт, але наўпрост прапісалі: «Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаваў». Аднак ваенная агрэсія з беларускай тэрыторыі не спынілася.

Адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад, у выніку паказала ўкраінская выведка. Паводле апублікаваных ёю звестак, Расея рыхтавала ваеннае ўварванне ў Беларусь, каб здушыць народныя пратэсты ў 2020 годзе.

Аналітыка
Адкуль на Беларусь рыхтавалася нападзенне. Што азначае дакумент, апублікаваны ўкраінскай выведкай
2022.04.20 18:17

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў