Ціханоўскі прайграў суд супраць падатковай інспекцыі ў справе $ 900 тыс., знойдзеных за канапай


Як паведамляе радыё «Свабода», адвакатцы Сяргея Ціханоўскага стала вядома, што суд Савецкага раёну г. Гомля прыняў рашэнне ў грамадзянскай справе палітвязня супраць падатковай інспекцыі. Сяргей будзе вымушаны ўсё ж сплаціць падатак – амаль Br 258 тыс. – з сумы $ 900 тыс., якую нібыта знайшлі ў яго за канапай падчас ператрусу 3–4 чэрвеня 2020 года.

– Рашэнне не на нашую карысць. Пачакаем матывавальную частку і будзем яго абскарджваць, – пракаментавала вынік суда журналістам радыё «Свабода» адвакатка Ціханоўскага Наталля Мацкевіч.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме паводле хадайніцтва падатковай інспекцыі. Такая неабходнасць тлумачылася тым, што «сілы, сродкі, метады і спосабы працы падатковай з’яўляюцца таямніцай, якая ахоўваецца законам». Акрамя таго, «у справе ёсць інфармацыя аб маёмасным становішчы Сяргея Ціханоўскага, якое зʼяўляецца падатковай таямніцай».

Сяргей Ціханоўскі, калі падаваў скаргу на патрабаванне аб сплаце падатку, сцвярджаў, што гэтыя 900 тыс. – не ягоныя, ён нічога не ведае пра іх паходжанне.

Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня 2020 года ў Горадні на пікеце для збору подпісаў за вылучэнне ягонай жонкі Святланы Ціханоўскай кандыдаткаю на прэзідэнцтва.

Гісторыі
«Роля ягоная была аграмаднаю». Год таму затрымалі Сяргея Ціханоўскага
2021.05.29 09:00

Блогера абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, распаўсюджванні групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, пагрозах старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай, арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаць грамадскі парадак, спалучаных з гвалтам у дачыненні прадстаўнікоў улады.

Hавiны
«НН»: Суд над Статкевічам, Ціханоўскім і Лосікам будзе праходзіць у закрытым рэжыме ў СІЗА
2021.06.13 22:45

Сяргей Ціханоўскі застаецца ў СІЗА ў Гомлі. Неўзабаве мусіць пачацца суд. Разам з Ціханоўскім будуць судзіць Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова, Уладзіміра Цыгановіча. Ёсць інфармацыя, што суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме проста ў СІЗА, але афіцыйнага пацверджання гэтага ў родных палітвязняў пакуль няма.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў