Расея хоча прыцягнуць на будаўніцтва ключавых аб'ектаў 20-30 тысяч беларусаў


Расейскі віцэ-прэмʼер Марат Хуснуллін распавёў у інтэрвʼю каналу «Россия 24», што Масква плануе актыўна прыцягваць на будаўнічыя працы беларускіх грамадзян і расейскіх вязняў.

Паводле віцэ-прэм’ера, «было б нядрэнна» прыцягнуць на працы ў Расею 20-30 тысяч беларускіх будаўнікоў.

«Нас задавальняюць беларускія рабочыя і па якасці працы, і па яе кошту. Да таго ж у нас вельмі падобнае працоўнае заканадаўства, якое фармавалася яшчэ ў савецкі перыяд. Калі дамовімся па ўмовах, то, вядома, будзем запрашаць нашых суседзяў», – сказаў ён.

Хуснуллін канстатаваў, што сёння ў Расеі на будоўлях не хапае працоўнай сілы. Беларускіх рабочых магчыма будуць выкарыстоўваць на будаўніцтве касмадрому «Усходні», Усходняга палігону, культурнага цэнтру ў Калінінградзе.

Акрамя беларусаў расейскі ўрад плануе актыўна выкарыстоўваць працу зняволеных. Па словах Хуснулліна, у расейскіх турмах знаходзяцца амаль 180 тысяч зняволеных.

«Гэта даволі шмат. Нават калі 20-30% з іх мабілізуем, то гэта ўжо нядрэнна», – заявіў віцэ-прэмʼер.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў