Лідары ЕЗ і ЗША заявілі, што рэжым Лукашэнкі мусіць адказаць за пашырэнне рэпрэсіяў

У выніку сустрэчы лідараў ЗША і Еўразвязу быў прыняты сумесны дакумент, дзе ў тым ліку закранаецца сітуацыя ў Беларусі.

У дакуменце, зацверджаным па выніку саміту, адзначаецца, што ЕЗ і ЗША падтрымліваюць патрабаванні беларусаў адносна дэмакратыі і правоў чалавека.

«Мы поўныя рашучасці заклікаць рэжым Лукашэнкі да адказу за эскалацыю нападаў на правы чалавека і асноўныя свабоды і за стварэнне пагрозы бяспецы палётаў праз беспрэцэдэнтныя і непрымальныя прымусовыя змены кірунку руху пасажырскага самалёта ЕЗ на ілжывых падставах і наступны арышт журналіста ў рамках бесперапыннай атакі на апазіцыю і свабоду прэсы».

Саміт ЕЗ-ЗША адбыўся напярэдадні сустрэчы прэзідэнта ЗША Джоўзэфа Байдэна з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, якая мае адбыцца ў швейцарскай Жэневе. Чакаецца, што на ёй у тым ліку будзе абмяркоўвацца і Беларусь.

Акрамя таго, карэспандэнт радыё «Свабода» ў Бруселі Рыкард Юзьвяк паведаміў, што заўтра, 16 чэрвеня, амбасадары ЕЗ дадуць зялёнае святло на санкцыі супраць 78 фізічных і 7 юрыдычных асобаў у сувязі з інцыдэнтам з «Ryanair» і палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі.

Сустрэча Пуціна і Байдэна ўжо зусім блізка. Распыталі экспертаў, чаго ад яе чакаць Беларусі

ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны