Генпракурор Літвы: расследаванне прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» ідзе даволі інтэнсіўна


Генеральны пракурор Літвы Ніда Грунскіене паведаміла, што ў межах расследавання інцыдэнту з самалётам авіякампаніі «Ryanair» у Беларусі створаная абʼяднаная следчая група. Пра гэта паведамляе Delfi.

«Дасудовае расследаванне ідзе даволі інтэнсіўна, сфармаваная абʼяднаная следчая група з польскімі службовымі асобамі, еўрапейскія следчыя ордары таксама высланыя яшчэ некалькім краінам, такім, як Грэцыя, Ірландыя. Ажыццяўляецца супраца з «Ryanair», – сказала журналістам у Сейме генпракурор.

Яна таксама сказала, што пракуроры хацелі б атрымаць ад авіякампаніі запытаную інфармацыю «трохі хутчэй».

Па словах Грунскене, падазраваных у справе пакуль няма.

Нагадаем, што самалёт «Ryanair» 23 траўня зрабіў вымушаную пасадку ў Менску пасля інфармацыі аб «мініраванні», якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. На даручэнне Лукашэнкі для суправаджэння пасажырскага самалёта ў неба ўзняўся знішчальнік МіГ-29. Блогер Раман Пратасевіч, які ляцеў гэтым рэйсам, і ягоная дзяўчына Соф’я Сапега былі затрыманыя. Вымушаная пасадка самалёта была справакаваная беларускімі спецслужбамі менавіта дзеля захопу апазіцыйнага блогера.

Інцыдэнт з рэйсам «Ryanair» выклікаў міжнародны скандал: палітыкі, дыпламаты і міжнародныя арганізацыі рэзка асудзілі дзеянні рэжыму Лукашэнкі. Саміт ЕЗ заклікаў забараніць беларускім авіякампаніям палёты ў Еўразвяз, а таксама заклікаў авіяперавознікаў ЕЗ адмовіцца ад палётаў над тэрыторыяй Беларусі. Пакуль рашэнне саміту Еўразвязу не ўхваленае канчаткова, але шэраг краінаў забараніў палёты «Белавіі».

Hавiны
Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі расследуе інцыдэнт з рэйсам Афіны – Вільня
2021.05.28 11:46

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў