Аналітык – пра планы Лукашэнкі навучыць усіх страляць і няспынныя размовы пра вайну


Лукашэнка днямі чарговы раз заявіў пра неабходнасць вытворчасці стралковай зброі ў Беларусі. Пры гэтым ён сказаў, што «калі нейкі канфлікт, вайна, кожная сям’я, тэрытарыяльныя органы павінны быць узброеныя ўсім комплексам стралковай зброі». «Тады вораг, праціўнік, будзе разумець, што з намі лепш не звязвацца», – заявіў Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніцтвам Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту.

Што стаіць за гэтымі словамі, «Белсат» высвятляў з экспертам у пытаннях бяспекі Ягорам Лебядком.

У чым сэнс падзеі?

«Мэтай сустрэчы было абмеркаванне працы вайскова-прамысловага комплексу ва ўмовах санкцыяў, як афіцыйных, гэтак і неафіцыйных (калі замежныя арганізацыі самастойна адмаўляюцца ад супрацы з беларускімі прадпрыемствамі ВПК)», – лічыць эксперт.

З ягоных словаў, санкцыі ўжо заўважна ўплываюць на працу вайскова-прамысловага комплексу. У прыватнасці, з той прычыны, што апошнія гады ВПК арыентавалі на экспарт, а значыць, было важна выкарыстоўваць замежныя дэталі (сталь, рухавікі, электроніка і г. д.).

«Спыненне паставак такіх дэталяў у Беларусь цалкам можа знізіць прывабнасць прадукцыі для замежных замоўцаў, у тым ліку для блізкаўсходніх, якія таксама аддадуць перавагу амерыканскім ці нямецкім рухавікам перад, напрыклад, кітайскімі», – адзначае Ягор Лебядок.

Аднак дзяржаўныя медыі не могуць паказваць рэальнай сітуацыю ў гэтай сферы, каб не падарваць імідж Лукашэнкі. Таму з прапагандысцкімі мэтамі былі ўкінутыя тэмы вайны і масавага ўзбраення насельніцтва.

«Хто гарантуе, што мы не будзем ваяваць? Свет адурэў наогул. Вайна можа ўспыхнуць у любы момант у любой кропцы, не дай бог у нас», – сказаў Лукашэнка. У сувязі з гэтым ён нагадаў пра важнасць навучання насельніцтва навыкам абыходжання са стралковай зброяй. «А чаму студэнтаў і іншых не прыцягнуць і не навучыць стралковай зброяй карыстацца – сабраць, разабраць аўтамат, стрэльнуць? Каб умелі карыстацца і каб не давялося ў цяжкія часы вучыцца на полі бою», – сказаў Лукашэнка.

Аналітыка
«Паланэзы» для Баку, «Кайман» для Афрыкі. Што вырабляе і з кім гандлюе абаронка Беларусі
2021.03.23 17:06

Беларускія аўтаматы – беларускаму народу?

«Вядома, Лукашэнка кажа не літаральна пра ўзбраенне ўсіх (ага, зараз ён возьме і раздасць зброю народу), а пра тэрытарыяльныя войскі, якія разгортваюцца падчас вайны. Узброіць гэтыя войскі Беларусь магла б за кошт запасаў савецкай зброі, якога было дастаткова ў сховішчах», – адзначае аналітык.

У Беларусі пад Воршай працуе вытворчасць стралковай зброі і патронаў на базе расейскіх дэталяў і матэрыялаў, распавядае Ягор Лебядок.

«У любым выпадку, без пераходу на ўласную вытворчасць пораху, усіх дэталяў і іншага – не атрымаецца замяшчэння імпарту, бо захоўваецца тая ж залежнасць ад «заморскай дзяржавы». Таму заява – хутчэй PR-крок, чым нешта важнае ў сферы забеспячэння абароназдольнасці», – лічыць эксперт.

Ці могуць незалежныя структуры перахапіць парадак дня ў сферы бяспекі Беларусі?

«У гэтых адносінах план «Перамога» і ёсць тым хай невялікім, але перахопам сённяшняга парадку дня ў сферы абароны. Іх план якраз і накіраваны на арганізацыю грамадзянаў, якія ў выпадку чаго стануць добраахвотна на абарону тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі», – кажа спадар Лебядок.

Рэальны мінус плану «Перамога» – гэта адсутнасць узбраення на сённяшні дзень, тых аўтаматаў, пра якія кажа Лукашэнка, – лічыць эксперт.

«Але, як паказвае досвед добраахвотніцкіх батальёнаў ва Украіне, усё ж зброя для мэтаў абароны краіны для добраахвотнікаў знайсціся можа досыць хутка, прынамсі на пачатковы перыяд», – адзначае Ягор Лебядок.

Аналітыка
«Прадзюсар» у ВПК, латышскі партнёр і фірмы ва Украіне. Распавядаем пра бізнес алігарха Зайцава ў абароннай сферы
2021.05.03 08:30

 

РЛ, belsat.eu

Стужка навінаў