Палітаглядальнік Цыганкоў: Для прапаганды клінічна важна паказаць Лукашэнку жывым


Для прапаганды клінічна важна паказаць Лукашэнку жывым, але ўзрост бярэ сваё, кропка ў гісторыі хваробы не пастаўлена. Аб гэтым расказаў «Белсату» палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў, каментуючы зʼяўленне Лукашэнкі на публіцы пасля працяглага перапынку.

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Каментуючы зʼяўленне на публіцы Аляксандра Лукашэнка пасля працяглага перапынку, палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў адзначыў, што наўрад ці можна казаць, што пастаўлена кропка і здароўе дыктатара палепшала. Апроч таго, не вельмі зразумела, што за сігнал і каму ён падае, дэманструючы павязку на руцэ. Але ў любым выпадку, з гадамі праблемы са здароўем будуць абвастрацца.

Цыганкоў адзначыў непаваротлівасць прапагандысцкай машыны, якая дазволіла ўсёй краіне 6 дзён абмяркоўваць здароўе Лукашэнкі і ці жывы ён, і толькі на сёмы дзень паказала фотасесію, якая таксама выклікае шмат пытанняў.

«Ёсць такое ўражанне, што гэта зрабілі толькі на сёмы дзень, бо на стол адпаведных кіраўнікоў ляглі аналітычныя запіскі аб тым, што абмяркоўваецца ў сацсетках і СМІ. І тут ужо не гледзячы на стан, хоць стужкай, хоць птушкай, хоць паўжывы, хоць у тэлевізіі, але павінен паказацца, што жывы і не трэба рабіць высновы. Без гэтага ўлада не магла абысціся», – адзначыў палітычны аглядальнік.

Уся сітуацыя, паводле Цыганкова, дэманструе асаблівасці таталітарнай сістэмы, калі здароўе чалавека, які кіруе дзяржавай, «застаецца таямніцай». Гэта вельмі кантрастуе з практыкай дэмакратычных краін, дзе ёсць поўнае разуменне здароўя палітыкаў, абвяшчаюць што пэўны кіраўнік кладзецца ў шпіталь ці на нейкую аперацыю, і «усё гэта пад увагай грамадскасці і прэсы». А ў таталітарнай Беларусі «усё гэта не магчыма».

Што тычыцца апублікаваных фота і відэаматэрыялаў, то да іх ёсць пытанні, дзе і калі яны былі зроблены. Не зразумела таксама, навошта наўмысна паказваць «сляды перавязкі». «Тое, што ён гэта не хавае, гэта таксама паказальна». Павязку маглі б зняць, заляпіць, схаваць пад рукавом адзення, «але не, і гэта нейкі свядомы ход, Лукашэнка не жадае гэта хаваць».

Пры гэтым, улічваючы паўзу амаль у тыдзень «для прапаганды было клінічна важна паказаць, што Лукашэнка жывы і ў працаздольным стане, прынамсі ён стаіць і ён ходзіць».

«Абсалютна нельга выключаць, што пасля нейкіх медычных дзеянняў, можа нават аперацыі, яго стан палепшыўся», аднак гэта тэму здароўя не закрывае. Сам факт зʼяўлення Лукашэнкі на публіцы зусім не азначае, што з цягам пэўнага часу зноў праблем не будзе: «праблемы са здароўем ёсць, яны хранічныя, яны могуць абвастрацца».

Аглядальнік нагадаў, што апошні раз здароўе Лукашэнкі публічна абмяркоўвалася ў 2015 годзе, калі ўся краіна казала і пісала пра інсульт, які нібыта быў у яго.

Сёння наўрад ці хто возьме на сябе смеласць сказаць, што «пастаўлена кропка і здароўе канчаткова палепшала. Узрост такая рэч, што здароўе можа толькі пагаршацца з кожным годам».

Hавiны
Лукашэнка з’явіўся на публіцы ўпершыню з 9 траўня
2023.05.15 18:20

Нагадаем, што 15 траўня Аляксандр Лукашэнка ўпершыню з мінулага аўторка з’явіўся на публіцы, ягонае фота а потым і відэа апублікаваў тэлеграм-канал «Пул Первого». Паведамляюць, што Лукашэнка 15 траўня працаваў у цэнтральным камандным пункце ВПС і войскаў ПА, цікавіўся сітуацыяй на паветранных межах.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў