Калі Лукашэнка памрэ, ніхто не засмуціцца

Ну добра, давайце не ігнараваць меншасцяў: пара чалавек, вядома ж, пусцяць скупую слязу, бо ім тэрмінова давядзецца выдумляць, у які бок развіваць кар’еру, як фінансаваць сям’ю і куды з’ехаць, пакуль па іх не прыйшлі. Але гэтая сляза будзе цячы не па Лукашэнку, а па страчаным спакоі азадка, які шчыльна сядзеў раней на чыноўніцкім крэсле.

Аляксандр Лукашэнка на вайсковым парадзе на Краснай плошчы ў цэнтры Масквы, Расея, 9 траўня 2023 года.
Фота: SPUTNIK/Reuters/Forum

Калі Лукашэнка памрэ, рэйтынгі Офісу Ціханоўскай, Кабінету і, вядома ж, «BYPOL» ізноў узрастуць. Людзі пабягуць да іх з пытаннем: ну што ж, які план? Пытанне будзе слушнае, бо мінула амаль тры гады з таго часу, як жыццё шмат каго з нас змянілася. За гэты час можна было распрацаваць не адзін, а некалькі планаў пераходаў: хоць далікатных, хоць жорсткіх – у залежнасці ад палітычных прыхільнасцяў. Хтосьці, аднак, працягне знаходзіць палітыку асексуальнаю, бо ў ёй, як звычайна, у першых шэрагах – жменька крыклівых мужчынаў, якія за тры гады ўнутраных пературбацыяў ужо паспелі навастрыць свае кіпцікі і будуць радыя ўжыць іх у дзеянні, у пагоні за рэальнай уладаю, дзе ёсць пячаткі і подпісы. Ім, верагодна, захоча перагарадзіць дарогу Пуцін, але будзем спадзявацца, што з Лукашэнкам яны памруць у адзін дзень. Гэтак можна будзе зарганізаваць супольнае пахаванне і заашчадзіць трошкі бюджэтных грошай.

Калі Лукашэнка памрэ, разам з ім памруць таксама ўсе губазікі, начальнікі турмаў, пракуроры, гэбэшнікі ды іншыя «насадкі» да Лукашэнкі. Выбліснуць разок яркім полымем і знікнуць, як было з усімі дэментарамі Валандэморта. Толькі жменька попелу ад іх застанецца, якім можна ўгнаіць расліны ў міністэрскіх кабінетах. А ўсе сілы, здароўе і нават жыцці, якія яны паспелі высмактаць з людзей за гэты час, да людзей вернуцца, і раптам апынецца, што мы зноў моцныя, суцэльныя і, нарэшце, шчаслівыя.

Мы прыляцім у Менск, каб прыбранымі выйсці на вуліцы і сустракаць адно аднаго, як гэта было тады, тры гады таму. А тыя, хто ўвесь гэты час быў у Беларусі, выйдуць з «рэжыму чакання» – і з турмаў. У кожным рэстаране былым палітычным вязням будуць сервіраваць стол з пладоваю салатай і куфлем пеністага, а ў кожным spa-салоне ім будзе прапанаваная шматузроўневая праграма аднаўлення з шакаладным загортваннем і масажам гарачымі камянямі.

Марш Свабоды, 26 сакавіка 2022 года. Варшава, Польшча.
Фота: Светла Фар / Белсат

Вечарыны будуць адбывацца ў кожным раёне і горадзе, апоўначы ўсе зліюцца ў адзіным экстазе на праспекце Незалежнасці, які нарэшце атрымае пацверджанне сваёй назве. На шматлікіх сцэнах можна будзе паслухаць «Šuma», «Mustelide», «Dosaaf», нават Макса Каржа – а што, у людзей розныя густы.

Забудзем пра гарады: не ў іх сіла, сястра! Сіла – у вёсцы, і там мы таксама зможам сустрэцца. Дамчым старымі цягнікамі з чорнаю гарбатай у падшклянку і пачкам «Чарнаморскіх». Праверым, ці на месцы куст фізалісу і ці растуць па-ранейшаму дрэўнавушкі на старым пні.

Калі распаўсюдзіліся навіны пра дрэнны стан здароўя Лукашэнкі, адна мая сяброўка не спала цэлую ноч – баялася, што праспіць усё самае важнае. Калі Лукашэнка памрэ, мы ўсе нарэшце нармальна выспімся і, пасвяжэлыя, пойдзем далей ладзіць сваё жыццё, у якім няма ніякіх «шырокіх слаёў насельніцтва» і няма нічога «перш за ўсё», але ёсць усе мы – у рознай ступені траўмаваныя, але па-ранейшаму жывыя і, быць можа, па-ранейшаму гатовыя змагацца за сваё шчасце і сваю праўду.

Тэст
Калі Лукашэнкі не стане, што далей? Правер, ці ведаеш палітычную сістэму Беларусі
2023.05.14 10:00

Віка Біран /ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў