Запарожская вобласць разрывае ўсе сувязі з Беларуссю


Па даручэнні кіраўніка адміністрацыі Запарожскай вобласці Аляксандра Старуха падрыхтаваныя дакументы аб спыненні ўсіх гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных і культурніцкіх сувязяў з нашаю дзяржаваю.

Разарванае пагадненне 1993 года аб эканамічнай супрацы паміж Запарожскай вобласцю і беларускімі тэрыторыямі. Таксама спыняецца дзейнасць пагаднення 2018 года, заключанага паміж адміністрацыяй вобласці і Магілёўскім, Менскім, Гомельскім, Гарадзенскім і Берасцейскім аблвыканкамамі і Гомельскім гарвыканкамам.

«Сёння Запарожская вобласць спаўна адчувае на сабе наступствы злачыннага поўнамаштабнага ўварвання Расеі. Большая частка тэрыторыі вобласці акупаваная захопнікамі, на лініі размежавання вядуцца жорсткія баі, гінуць людзі, руйнуецца цывільная інфраструктура. У такі час неабходна спыніць усе сувязі з краінамі, якія дапамагаюць ворагу знішчаць нашую бацькаўшчыну», – заяўляе адміністрацыя вобласці ў сваім тэлеграм-канале.

Адміністрацыя Запарожскай вобласці называе Беларусь супольніцаю Расеі, «якая цяпер дапамагае расейскім агрэсарам весці поўнамаштабную вайну ва Украіне».

«Беларусам магу параіць толькі адно: бяжыце ад Расеі далей. Таму мы без лішніх ваганняў разрываем усе гэтыя пагадненні пра супрацу, масава заключаныя папярэдняй уладай», – адзначае кіраўнік адміністрацыі Аляксандр Старух.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў