Украіна перамагла ў «Еўрабачанні-2022»


Украінскі гурт «Kalush Orchestra» з песняю «Stefania» стаўся пераможцам музычнага конкурсу «Еўрабачанне-2022», фінал якога адбыўся ў нядзелю 14 траўня ў італьянскім Турыне.

Украінскі гурт «Kalush Orchestra» перамог у музычным конкурсе «Еўрабачанне-2022».
Фота: Sarah Louise Bennett/EBU

«Kalush Orchestra» набраў 631 бал падчас галасавання журы і гледачоў. Пры гэтым ад журы – 192 балы, а вынік менавіта глядацкага галасавання – 439 балаў. Больш ад гледачоў не атрымлівала ніводная краіна за ўсю гісторыю конкурсу. За Украіну аддалі свае галасы гледачы ўсіх краінаў-удзельніцаў «Еўрабачання-2022», акрамя самой Украіны – краіна не можа галасаваць за тых, хто яе рэпрэзентуе.

Другое месца заняла Вялікая Брытанія, трэцяе – Іспанія.

Аб’ектыў
Саліст «Kalush Orchestra»: «Гэта вельмі адказны момант для нас, бо нашую культуру зараз спрабуюць знішчыць»
2022.05.13 23:05

Лідар «Kalush Orchestra» Алег Псюк пасля выступу заклікаў свет дапамагчы ўратаваць Марыупаль.

«Больш за тысячу чалавек заблакаваныя, аточаныя з усіх бакоў і не могуць выйсці. Мы просім умяшацца трэцюю краіну, каб даць ім выхад», – сказаў музыка.

Украіна ўжо трэці раз перамагае ў «Еўрабачанні». У 2004 годзе перамагла Руслана, у 2016-ым – Джамала.

Музычны конкурс «Еўрабачанне-2022» стартаваў 8 траўня. Удзел у ім узялі 40 краінаў.

Беларусь і Расея сёлета ў «Еўрабачанні» не бралі ўдзелу. Еўрапейскі трансляцыйны звяз выключыў Расею з конкурсу на наступны дзень пасля ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну. Пасля гэтага Расея сама выйшла з ЕТЗ.

Беларусі адмовілі ва ўдзеле яшчэ ў 2021 годзе за тэкст песні ўдзельнікаў, які парушаў правілы «Еўрабачання».

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў