Стэндап-комік з Беларусі Ваня Усовіч дае канцэрты ў Маскве. У 2020-м заклікаў галасаваць за Ціханоўскую

Стэндапер Ваня Усовіч, які паходзіць з Беларусі, дае ў Маскве «Вельмі праверачныя канцэрты». Два ўжо прайшлі, наступны – 17 траўня. У 2020 годзе стэндап-комік заклікаў беларусаў галасаваць за Святлану Ціханоўскую.

Беларускія комікі Слава Камісарэнка і Ваня Усовіч. Фота: slavakomissarenko / Instagram

«Камедыйны стыль Усовіча прыцягвае ўвагу незвычайнай падачай матэрыялу. Амаль поўная адсутнасць эмоцыяў і ўяўная абыякавасць кантрастуюць з дакладнымі назіраннямі. Камедыйны эфект узмацняецца, калі комік агаляе абсурд закранутай тэмы, застаючыся пры гэтым спакойным», – так прэзентуецца канцэрт Усовіча.

Ваня Усовіч вучыўся ў БДЭУ, граў у студэнцкай лізе КВН, удзельнічаў у шоў «Адкрыты мікрафон» на «ТНТ». У 2013 годзе быў адлічаны з трэцяга курсу ўніверсітэту і пераехаў у Маскву, дзе браў удзел у шоў «Stand Up» на тэлеканале «ТНТ». У 2019 годзе, па версіі часопісу «Максім», увайшоў у топ-10 найлепшых стэндап-комікаў Расеі. У 2020-м даў інтэрв’ю «Вечернему Урганту», Юрыю Дудзю, Іллі Варламаву, іншым вядомым блогерам і выданням.

У інтэрвʼю Варламаву Ваня Усовіч казаў, што беларусы, якія выйшлі на плошчы пасля выбараў – «гэта яўна не 10 %, якія Лукашэнка даў Ціханоўскай і Бабарыку». Праз два тыдні пасля размовы з Варламавым у інтэрвʼю з Юрыем Дудзём заклікаў беларусаў галасаваць за Святлану Ціханоўскую, бо Віктара Бабарыку на той момант ужо затрымалі.

«Адзін чувак ва ўладзе ўжо 600 гадоў! Мне больш за ўсё незразумела тое, што адзінае, за што ён топіць, называючы сябе крутым, – што ў краіне няма вайны. Хоць з якога <…> быць вайне ў Еўропе ў 2020 годзе? Не зусім зразумела», – казаў Ваня Усовіч.

Ваня Усовіч мяркуе даць у Маскве яшчэ чатыры канцэрты. Чаму яны называюцца «вельмі праверачнымі», не тлумачыцца.

«Я вярнуся. Пазней». Беларускі комік Слава Камісаранка – пра народ, амапаўцаў і сітуацыю ў краіне

ЗК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны