Актывістка Наста Базар: Мне не зразумела, чаму ва Украіне замоўчваецца гвалт над жанчынамі


Феміністка, нізавая актывістка Наста Базар дапамагае пацярпелым ад сексуальнага гвалту падчас вайны ва Украіне. Яна распавяла «Белсату», з якімі праблемамі найчасцей сутыкаецца ў сваёй дзейнасці.

Наста Базар, беларуская феміністка і экспертка ў сферы альтэрнатыўнай адукацыі. Кiеў, Украіна. 22 верасня 2021 года.
Фота: ЯА / Белсат

Покліч на збор дапамогі разышоўся вельмі шырока

«Тэма сексуальнага гвалту вельмі трыгерная. Вялікая колькасць людзей адгукаецца. Мне прыходзяць запыты на канкрэтную дапамогу, людзі хочуць перавесці грошы канкрэтным жанчынам, якія пацярпелі ад сексуальнага гвалту. А ў мяне няма гэтых кантактаў, магу толькі накіроўваць у арганізацыі, якія гэтым займаюцца. Шмат людзей вакол хочуць быць карыснымі», – распавядае Наста.

Паводле актывісткі, дапамагаюць згвалтаваным ва Украіне адразу некалькі супольнасцяў: каляжанкі з «BySol», «MedSol», «GirlPowerBelarus» і проста феміністкі паасобку. На старонцы «BySol» фінансава падтрымалі збор ужо нават больш, чымся было запланавана:

«Мне вельмі прыемна, што ўдалося сабраць столькі сродкаў, але мне вельмі шкада, што праз бюракратычныя розныя рэчы дасюль гэта ўсё ў працэсе. Каляжанкі зрабілі вялізарную працу, каб знайсці і наборы «rape kit», і лекі, але праз бюракратыю ўсё вельмі зацягваецца. Каб перавезці гэта праз мяжу і перадаць тым, каму мы давяраем, усё патрабуе часу. Адзінае, на што я маю надзею, – што будзе наладжаная такая дарога, каб каляжанкі змаглі працягваць дапамагаць далей».

На гэты момант ужо знойдзеныя 500 «rape kit»: гэтыя наборы прадметаў для збору і захоўвання рэчавых доказаў сексуальнага гвалту дапамогуць зафіксаваць злачынства.

Даведка
Набор «Rape kit» для збору доказаў пасля згвалтавання.
Фота: refinery29.com

«Я ўпэўненая, што з гэтага збору і набораў вырасце нешта большае ды будзе сістэматычная падтрымка пацярпелых. Каляжанкі хочуць рабіць нешта на перспектыву», – адзначыла Наста Базар.

Наста трымае кантакт і з украінскімі жаночымі арганізацыямі, якія займаюцца не толькі праблемаю сексуальнага гвалту, але і больш шырокім падтрыманнем: ежай, медыкаментамі ды іншым:

«Марш жанчын» надае, напэўна, самую вялікую дапамогу жанчынам. У іх вельмі шмат запытаў, яны не спраўляюцца, у іх няма доступу да гуманітарнай дапамогі, якая едзе ва Украіну. Яны самастойна шукаюць дапамогу ў розных краінах. Калі ў каго ёсць жаданне дапамагчы жанчынам ва Украіне, я даю кантакты менавіта гэтай супольнасці. Ёсць шмат невялікіх праектаў. Напрыклад, у Польшчы ёсць «Мартынка», куды жанчыны могуць напісаць і атрымаць розную дапамогу. Ёсць польскія арганізацыі, якія дапамагаюць людзям з досведам уцякацтва. Гэта ўсё перакрыжаванае, і сетка расце».

Жанчыны пратэстуюць супраць вайны. Берлін, Нямеччына. 21 красавіка 2022 года.
Фота: Lisi Niesner / Reuters / Forum

Актывістка падкрэсліла, што асабіста не кантактавала з пацярпелымі ад сексуальнага гвалту і не шукае гэтых кантактаў: «Калі да мяне звернецца жанчына, я ёй дапамагу. Але на гэты момант такога няма. Хаця быў пазітыўны вынік пасля інтэрв’ю на «Белсаце»: мне напісала жанчына з невялічкай вёскі ва Украіне з просьбаю дапамагчы выехаць. Бо яна проста не ўяўляла, як ёй ехаць на мяжу, як праходзіць, як не сесці ў чужую машыну ды іншае. Я ёй дапамагла, пасля гэтага напісалі ейныя сяброўкі і сяброўка сябровак. Карацей, чатыры жанчыны з дзецьмі выехалі, яны ў бяспецы, і я вельмі радая, што яны не трапяць у дрэнныя гісторыі. Гэта маленькая перамога».

Наста падкрэслівае, што ў гэтай тэме працаваць вельмі складана, бо трэба змагацца з наступствамі:

«І прычына – не вайна. Прычына – адсутнасць гендарнай роўнасці, аб’ектывацыя жанчын, і з гэтым вельмі цяжка працаваць, бо пра гэта не хочуць чуць, пра гэта не хочуць казаць. Мала таго, у мяне такое адчуванне, што тэму сексуальнага гвалту ва Украіне вельмі прыкрываюць».

Гвалт на вайне і ўдома

Вялікі ўзровень хатняга гвалту – і ў Расеі, і ў Беларусі, і ва Украіне – таксама грае на карысць узроўню гвалту на вайне.

«Пра што мы казалі яшчэ з 2020 года, яшчэ падчас нашай рэвалюцыі: немагчымы такі гвалт дзяржаўнага ўзроўню, калі б у нас не было такога ўзроўню хатняга гвалту. Але, на жаль, пакуль гэта праблема людзей, якія не каля ўлады, праблема не большасці, пра гэта не гавораць. Але гэты гвалт быў: у дачыненні жанчын, у дачыненні ЛГБТК-супольнасці. І калі кажуць, маўляў, чакайце, чакайце, мы вось зараз рэвалюцыю скончым, вайну, а тады разбяромся, – вось гэта вялікая праблема. Бо гэтым варта было займацца пазаўчора, дзясяткі гадоў таму», – звяртае ўвагу актывістка.

Гвалт за зачыненымі дзвярыма, пра які не хацелі гаварыць і якога не хацелі бачыць, у пэўны час выходзіць вонкі.

«Цяпер ужо большая колькасць людзей, пацярпелых ад гвалту, кажуць: ой, а як гэта так? А вось так: гвалт заўжды быў, толькі пра яго не казалі. Што рабіць, каб не гвалтавалі на вайне? Адказ адзін: каб не было вайны. Пакуль мужчыны абараняюць жанчын ад іншых мужчынаў, мы нічога не зробім. Вайна – гэта не чалавецкасць, гэта не нармальна. Не можа быць так, што мы забіваем, але не гвалтуем. Такога не бывае», – тлумачыць Наста.

Чаму маўчаць пра гвалт?

З пачатку ваеннага ўварвання Расеі ва Украіну больш за 400 жанчын паведамілі пра сексуалізаваны гвалт з боку расейскіх вайскоўцаў, распавяла ўпаўнаважаная ў пытанні правоў чалавека краіны Людміла Дэнісава. Яна таксама накіравала зварот у UNICEF з просьбаю накіраваць у краіну больш псіхолагаў для дапамогі жанчынам. Але гэта, хутчэй, выключэнне, калі інфармацыя пра гвалт была распаўсюджана, мяркуе Наста:

«Я ведаю пра гэтую заяву, але ведаю і пра выпадкі, калі была патрэбная дапамога вялікай колькасці жанчын, але пра гэта нідзе не пісалі і не гаварылі. Я думаю, што гэта праз табуяванасць тэмы.

Бо ў патрыярхальным свеце гэта сорамна.

Але пры гэтым кожны раз, калі я размаўляю з украінцамі і ўкраінкамі, яны кажуць, што па ўсіх чатах ходзіць інфармацыя і ўсе пра гэта ведаюць. Але чаму няма гэтай інфармацыі на каналах, не агучваецца ніводным кіраўніком? У Бучы была вялікая колькасць жанчын, якіх згвалтавалі і павесілі. Пра гэта кажуць шмат асобаў з Украіны ў простых размовах, але пра гэта маўчаць на дзяржаўным узроўні?..»

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ALEKSANDRA SZMIGIEL / Reuters / Forum

Актывістка адзначае, што цяперашняя праца вельмі знясільвае людзей, бо трэба гасіць пажары і рабіць тое, што мусіла быць зроблена яшчэ ў пачатку сакавіка:

«Мы будзем намагацца працаваць на апераджэнне. Бо, пакуль вайна не скончыцца, будуць жанчыны, якім спатрэбіцца дапамога. Будуць новыя дэакупаваныя тэрыторыі і новыя пацярпелыя. Але пры гэтым я разумею, што трэба яшчэ больш працы, каб давесці да людзей: пакуль у нас будзе патрыярхат, пакуль будзе аб’ектывацыя – будзе гвалт. Пры гэтым, калі мне кажуць, што вайна дае магчымасць гвалту: безумоўна, гэта ў першую чаргу пра ўладу, але калі гвалт становіцца магчымым, калі няма сведкаў, няма пакарання і пры наяўнасці фізічнай сілы ці зброі. І я б не рабіла акцэнту толькі на расейскіх салдатах. Праблема гвалту нашмат шырэйшая. Гэта можа быць сусед, які разумее, што жанчына нікуды не пойдзе і не давядзе. Я разумею гэты гераізм, усе супраць расейскіх салдатаў. Яны сябе максімальна дыскрэдытавалі.

Я хачу казаць пра гвалт не для таго, каб паказаць іхную бесчалавечнасць. А каб звярнуць увагу, што гвалт – прадукт таго, як мы раней жылі».

Інтэрв’ю
«Разумела, што калі закрычу, нас перастраляюць». Гісторыя ўкраінкі, згвалтаванай расейскім вайскоўцам
2022.04.23 14:36

У мірны час па дапамогу пасля гвалту звяртаюцца толькі 15 % пацярпелых, а ў ваенны час лічба значна ніжэйшая. Наста Базар адзначае, што праз замоўчванне амаль немагчыма зразумець маштаб праблемы. Таму яна працягвае заклікаць жанчын не маўчаць, звяртацца ў ініцыятывы падтрымання пацярпелых, дзе без лішніх пытанняў дапамогуць псіхалагічна, медычна, юрыдычна і як толькі будзе трэба.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў