«Ён не хацеў стаць другім Ромам Бандарэнкам». Хто такі Арцём Баярскі – стыпендыят фонду Лукашэнкі, якога абвінавацілі ў экстрэмізме


Арцём Баярскі – 19-гадовы гарадзенец, якога вінавацяць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання, а менавіта ў адміністраванні тэлеграм-каналу «Мая краіна Беларусь» і ягонага чату. Каб атрымаць відэа з прызнаннем для тэлеграм-каналу Азаронка, студэнта збілі. Арцём за апошнія паўгода пабываў у СІЗА на Акрэсціна, у Баранавічах і Жодзіна, зараз ён знаходзіцца на Валадарцы. Праваабаронцы прызналі хлопца палітвязнем. Што вядома пра Арцёма і ўмовы СІЗА, праз якія ён прайшоў?

Арцём Баярскі родам з Горадні, скончыў школу з залатым медалём і паступіў на хімічны факультэт БДУ. Цяпер – студэнт другога курсу.

Са школы ён вельмі захапляўся хіміяй: прысвячаў яе вывучэнню шмат часу, удзельнічаў у алімпіядах па хіміі і атрымліваў дыпломы. Ён марыў стаць навукоўцам і распрацоўваць лекі.

Таццяна Дубровіна, цёця, Наталля Дубровіна, бабуля Арцёма Баярскага. Горадня, Беларусь, 01 траўня 2021.
Фота: МК/Белсат

Любоў да хіміі ў Арцёма – сямейная справа, якая пайшла яшчэ ад прадзядулі. Ветэран, у свой час ён паступіў у ваенную акадэмію хімічнай абароны ў Маскве, быў камандзірам узвода разведчыкаў. Пасля яго дзеці і ўнукі тым ці іншым чынам цікавіліся хіміяй. Ён і сам ахвотна прымаў удзел у выхаванні ўнукаў і праўнукаў.

«У нас вельмі інтэлігентная сям’я, у якой ніколі не было прынята крычаць, дзеці ніколі не чулі, каб бацькі перад імі сварыліся. У такой атмасферы выхоўваўся і Арцём, з павагай да старэйшых», – распавядае цёця студэнта Таццяна Дубровіна.

Бацькі Арцёма – айцішнікі. Маці Вольга – бізнес-аналітык, бацька Юры – праграміст. Арцём мае таксама малодшага брата Сашу, якому 14 гадоў.

На здымку Арцём Баярскі з братам Сашам. Горадня, Беларусь, 01 траўня 2021.
Фота: МК/Белсат

Арцём любіць жывёлаў, займаўся музыкай. Да 11 класа ён вучыўся ў музычнай школе па класе фартэпіяна. Граў класічныя творы Шапэна, Бетховена, Дэбюсі, Джопліна, у тым ліку і даволі тэхнічна складаныя творы.

Чатыры разы Арцём быў стыпендыятам Спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, адораных студэнтаў і навучэнцаў. Пасля выбараў у жніўні мінулага году хлопец падпісаў адкрыты ліст аб адмове ад гэтага статусу ў знак пратэсту.

«Пасля беззаконня, якое адбывалася пасля выбараў, ён падпісаў гэты ліст, такім чынам выказаўшы сваю грамадзянскую пазіцыю», – адзначае Таццяна.

Круг першы: выпрабаванне Баранавіцкім СІЗА

У першы раз Арцёма затрымалі 16 лістапада ў Менску пасля Маршу сталых людзей. Ён ужо вяртаўся ў інтэрнат, нёс з сабой сцяг Хабараўска, на выхадзе з метро да яго падышлі людзі ў чорным, зацягнулі ў бус і пачалі збіваць. Пасля асудзілі на 15 содняў па «народным» артыкуле 24.23 КаАП.

«Яму тады круцілі пальцы, каб разблакаваў тэлефон, пасля доўга яшчэ балела сківіца. Прымусілі сказаць пароль ад тэлефона, атрымалі доступ. Тое затрыманне выклікала моцны псіхалагічны стрэс. Ён пасля яшчэ доўга баяўся бусаў, якія праязджаюць міма, увесь час казаў пра гэта», – распавядае Таццяна.

Таццяна Дубровіна глядзіць на сямейнае фота. Горадня, Беларусь, 01 траўня 2021.
Фота: МК/Белсат

Спачатку Арцём быў на Акрэсціна, пасля яго перавялі ў Баранавічы. Журналіст-фрылансер Тарас Тарналіцкі апынуўся з Арцёмам у адной камеры баранавічскага СІЗА. Яго затрымалі 22 лістапада пасля акцыі «Я выходжу», калі загінуў Раман Бандарэнка. 5 содняў ён прабыў на Акрэсціна, а пасля яго перавялі ў Баранавічы. З Арцёмам яны прасядзелі разам крыху больш за тыдзень.

«Арцём падаваўся хлопцам з ідэалістычным поглядам на свет, які быў не гатовы да таго, што з ім адбывалася. Ён вельмі добра разбіраўся ў хіміі: калі мы ў камеры гулялі ў словы, ён загадваў нейкі хімічны элемент, які ніхто не ведаў», – узгадвае Тарас.

Арцём распавядаў сукамернікам, як яго затрымалі пасля маршу пенсіянераў, мімаходзь узгадваў, што білі, але не акцэнтаваў на гэтым увагу.

Дыпломы Арцёма Баярскага. Горадня, Беларусь, 1 траўня 2021 года. Фота: МК / Белсат
Арцём Баярскі, палітвязень, палітычны вязень, палітзняволены, палітычны зняволены, здымак, дыплом, дыпломы, узнагароды
Дыпломы Арцёма Баярскага. Горадня, Беларусь, 1 траўня 2021 года. Фота: МК / Белсат
Арцём Баярскі, палітвязень, палітычны вязень, палітзняволены, палітычны зняволены, здымак, дыплом, дыпломы, узнагароды

«Ён вельмі перажываў нават не за сябе, а за бацькоў, што бабуля і дзядуля будуць хвалявацца. Дзядуля Арцёма падтрымліваў Лукашэнку, а сам Арцём гэтую пазіцыю не падзяляў. Але якраз дзядуля прывозіў яму перадачы ў СІЗА. Арцёма пужала перспектыва, што яго могуць пасадзіць і ён не зможа давучыцца», – кажа Тарас.

Перад першым допытам сукамернікі вучылі Арцёма, як трэба сябе паводзіць, што ён нічога не павінен казаць без адваката, іначай на яго могуць націснуць. Так у выніку і атрымалася: на Арцёма псіхалагічна ціснулі, на допыце паказалі скрыншоты з тэлефона, назвалі адміністратарам канала. Ён быў не гатовы да такога.

«Арцём вярнуўся пасля допыту вельмі засмучаны, распавядаў, што яму пагражалі – казалі, што пасадзяць. Мы яму раілі, што пасля содняў яму варта адразу з’ехаць з краіны, бо ён праходзіў па справе як сведка, але мог стаць абвінавачаным. Я вельмі здзівіўся, калі даведаўся, што ён усё ж такі застаўся ў Беларусі. За кратамі ён упершыню сутыкнуўся з сістэмай», – распавядае Тарас.

У Баранавічах у іх была вельмі маленькая вузкая камера, 5 на 5 метраў. Камера 8-мясцовая: тры шконкі, дзве з якіх – трох’ярусныя. Вольнага месца практычна не было, развярнуцца немагчыма. Можна было толькі крыху пааджынацца на пятачку каля туалета. Ноччу не выключалі святло, і хлопцы спалі хто ў шапках, хто ў масках для сна. Два разы адключалі ацяпленне, і ў камеры было даволі холадна.

Арцём Баярскі, партрэт з выпускнога альбома. Горадня, Беларусь, 01 траўня 2021.
Фота: МК/Белсат

«Ежа стандартная, а ў параўнанні з Акрэсціна – дык нават добрая, усе хвалілі. Адзінае, усе адмаўляліся ад рыбы. Яе смажылі, скідвалі ў адну міску, разам з косткамі, кішкамі. Мы жартаўліва называлі гэта «брацкай магілай» – распавядае Тарас.

Падчас сядзення ўсе ў камеры паспелі перахварэць каронавірусам, у тым ліку захварэў і Арцём. Калі хлопец выйшаў на волю пасля содняў, то казаў родным пра тое, што хацеў бы з’ехаць, але, параіўшыся з імі, вырашыў усё ж застацца ў Беларусі.

«Перадумоваў, каб адсюль тэрмінова ўязджаць, не было. З вучобай было ўсё добра, яго не адлічылі, прэтэнзіяў да яго ніякіх не было. Арцём здаў сесію на сярэдні бал 9. Таму мы гэта перажылі і вырашылі ісці наперад, далей вучыцца і здаваць сесіі», – кажа цёця Арцёма.

Круг другі: Жодзіна

24 сакавіка Арцёма затрымалі другі раз. Каля 6.30 раніцы ў інтэрнат БДУ прыйшлі сілавікі, паклалі ўсіх хлопцаў з пакоя на падлогу, але забралі толькі Арцёма. Нібыта на 11 паверсе заўважылі бел-чырвона-белы сцяг. А 25 сакавіка ў тэлеграм-канале журналіста СТВ Рыгора Азаронка зʼявілася відэа, на якім студэнт прызнаецца, што ён з’яўляецца адміністратарам прызнанага экстрэмісцкімі тэлеграм-каналу і чату «Мая краіна Беларусь», а таксама ў тым, што ён належыць да ЛГБТ супольнасці. Пасля адвакату Арцём раскажа, што, каб прымусіць гэта сказаць, яго моцна збілі дручкамі па спіне і ягадзіцах.

«Калі я пабачыла гэтае відэа, моцна расплакалася. Па відэа бачна, як ён напалоханы. Ён як авечка на воўка глядзеў. Калі ў Менску загінуў Раман Бандарэнка, Арцём вельмі перажываў. Я ўпэўненая, што тут ён проста не хацеў стаць другім Ромам Бандарэнкам», – кажа Таццяна Дубровіна.

Хлопцу прысудзілі 25 сутак па арт. 24.23 КаАП і адправілі ў Жодзіна.

Медычная картка Арцёма Баярскага. Горадня, Беларусь, 1 траўня 2021 года. Фота: МК / Белсат
Арцём Баярскі, палітвязень, палітычны вязень, палітзняволены, палітычны зняволены, медычная картка, медычная карта
Медычная картка Арцёма Баярскага. Горадня, Беларусь, 1 траўня 2021 года. Фота: МК / Белсат
Арцём Баярскі, палітвязень, палітычны вязень, палітзняволены, палітычны зняволены, медычная картка, медычная карта

Сукамернік Арцёма па Жодзінскім СІЗА перасекся з ім у адной камеры на некалькі дзён. Наш суразмоўца, які трапіў за краты на 30 дзён нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, распавёў, што студэнт трымаўся даволі бадзёра, чакаў вызвалення пасля содняў. Хлопцы ў камеры распавядалі анекдоты, гулялі ў «мафію», стараліся падтрымліваць баявы настрой. Тады яны і падумаць не маглі, што Арцёму прыпішуць крымінальны артыкул і ён не выйдзе на волю.

У камеры на 10 нараў было 15 чалавек, але неяк размяшчаліся. У той час у Жодзінскім СІЗА сталі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання. Па начах так званых «палітычных» будзілі па некалькі разоў, на праверкі: арыштантам трэба было падняцца, стаць тварам да сцяны, назваць сваё поўнае імя і артыкул.

Акрамя гэтага, «расцяжкі», якія раней былі толькі раз на тыдзень, па пятніцах, пачалі практыкавацца ледзь ці не кожны дзень. Што гэта такое? Усе арыштанты мусяць выйсці з камеры і стаць тварам да сцяны, абаперціся на яе рукамі і паставіць ногі як мага шырэй.

«Ногі разʼязджаліся на слізкай падлозе, гэта вельмі нязручна. Таго, хто «недастаткова расцягнуўся», канваіры білі па нагах дубінкамі, а часам білі і па нырках. Пасля такой расцяжкі здавалася, што суставы выскокваюць з таза», – распавядае былы сукамернік Арцёма.

Арцём Баярскі з братам Сашам. Горадня, Беларусь, 01 траўня 2021.
Фота: МК/Белсат

У іх камеры не было гарачай вады, таму хлопцы, каб памыцца, грэлі ваду ў пластыкавых бутэльках на батарэях. Акно зачынялася няшчыльна, таму прыходзілася яго падпіраць – напрыклад, футлярам ад зубной шчоткі. Душ – адзін раз на тыдзень. З пачатку красавіка з’явілася новаўвядзенне: вольны час, калі можна можна напісаць ліст, пачытаць кнігу, скарацілі толькі да паўгадзіны ў дзень. Дзейнічала «забарона на асадку»: калі знаходзілі ў арыштанта, то ён мог атрымаць дручком, а ўсю камеру маглі пакінуць без прагулкі, якія і так былі не кожны дзень.

«Мы спалі на жалезных нарах, у нас і матрацаў не было. Быў выпадак. У камеру трапіў так званы «біч», паглядзеў, што нічога няма, развярнуўся да дзвярэй, пачаў калаціць у іх і крычаць: зноўку трапіў да «палітычных», начальнік, выпускай! Ці быў яшчэ такі выпадак. На адной з прагулак, якія доўжацца ў сярэднім 15-20 хвілін, адзін такі біч падышоў да групы людзей, якія сядзелі па палітычных артыкулах. Канваір на яго прыкрыкнуў, маўляў, не стой там. «Чаму? Я побач з хлопцамі пастаяць хачу», – сказаў той. Канваір у адказ: «Ты – біч, а яны – «кантрольныя», стаяць побач з імі нельга», – распавядае сукамернік Арцёма.

Разам з тым, ён адзначае, што акрамя тых, хто хацеў выслужыцца, там былі і нармальныя ахоўнікі, якія па-чалавечы ставіліся да арыштантаў.

Круг трэці: крымінальная справа і Валадарка

Арцём Баярскі мусіў выйсці з ІЧУ 18 красавіка, аднак 16 красавіка стала вядома, што Арцёма затрымалі як падазраванага па арт. 361-1 ч.1 Крымінальнага кодэксу: «стварэнне альбо кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем». Спачатку яго перавялі ў ІЧУ на Акрэсціна, потым у СІЗА на Валадарскага, а 26 красавіка прадʼявілі абвінавачванні па тым жа артыкуле. Праваабаронцы прызналі хлопца палітвязням.

«Калі б Арцём сапраўды быў адміністратарам таго каналу, то сілавікі адразу б атрымалі да яго доступ з тэлефона, паставілі б свой герб. Але ніякім адмінам ён не быў. Арцём добра камунікаваў з аднагрупнікамі. Ведаю, што некаторым дапамагаў з вучобай, ніколі не адмаўляў. Пасля гэтай сітуацыі шмат хто пісаў нам словы падтрымкі, за яго вельмі перажываюць. Прапануюць дапамогу, у тым ліку з перадачамі для Арцёма», – распавядае Таццяна.

Па яе словах, ніхто ў сям’і нават не мог падумаць, што яго могуць затрымаць, бо ён больш нікуды не хадзіў, нічога не рабіў.

«І гэта наогул нармальна, што АМАПаўцы з аўтаматамі заявіліся ў інтэрнат БДУ? Універсітэт, які калісьці мы лічылі элітным? Прыйшлі, усіх паклалі ў падлогу, сцяг вывесілі, сфатаграфавалі, Арцёма забралі. Ці быў там той сцяг, ці сілавікі самі яго павесілі, як і ў жодзінскай лазні?» – задаецца пытаннямі Таццяна.

Яна адзначае, што студэнтам, якія былі разам з Арцёмам у пакоі, не дазволілі выступіць у судзе і даць паказанні.

Наталля Дубровіна, бабуля Арцёма Баярскага з патрэтам дзеда. Горадня, Беларусь, 01 траўня 2021.
Фота: МК/Белсат

Лісты ад студэнта практычна не даходзяць, сувязь у асноўным – праз адваката. У Жодзіна Арцём прастыў, моцна кашляў. Калі яго перавялі на Валадарскага, ён зноўку прастыў. У апошніх лістах Арцём піша, што яго некалькі разоў турбавала сэрца – у яго дысплазія (недастатковасць) аартальнага клапана, рэгургітацыя 1-2 ступені. Таму раз у паўгода-год яму неабходна рабіць УГД і сачыць за дынамікай захворвання. За кратамі за ім няма належнага медычнага нагляду, родныя нават не змаглі перадаць набытыя для хлопца лекі.

«Вельмі за яго баюся і перажываю. Хлопчык хатні, а яму прыпісваюць тое, што ён не мог рабіць. Дзіўна, што на яго ўсё гэта вешаюць. Яго моцна збілі, і ён «прызнаўся». 37-мы год нейкі», – кажа бабуля Арцёма Наталля Ўладзіміраўна.

Яна абураецца і кажа, што ў прававой дзяржаве такое не можа адбывацца, любое злачынства мусіць быць даказаным.

«Толькі здзіўляешся, як гэта сістэма можа існаваць. Як працуюць і як пасля спяць па начах суддзі і пракуроры. Гэта такі жах! Чытаеш пра іншых, калі людзям даюць вялікія тэрміны за найменшую правіну… Проста балюча. Самае крыўднае, што нічога нельга змяніць. Не ведаеш, на што спадзявацца, у што верыць. Пачуццё безвыходнасці», – кажа Наталля Уладзіміраўна.

Наталля Дубровіна, бабуля Арцёма Баярскага. Горадня, Беларусь, 01 траўня 2021.
Фота: МК/Белсат
  • Арцёма можна падтрымаць лістамі і паштоўкамі па адрасе:
  • СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030
  • Арцёму Юрʼевічу Баярскаму

СП belsat.eu

Стужка навінаў